Быццё 44 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І загадаў Язэп загадчыку дому свайго, кажучы: «Напоўні мяхі гэтых мужоў харчамі, колькі яны могуць несьці, і палажы срэбра кожнага ў адтуліну мяха ягонага.
І загадаў Язэп правадыру дома свайго, кажучы: напоўні мяшкі гэтых людзей ежаю, колькі яны могуць несьці, і срэбра кожнага пакладзі ў мяшок ягоны;
А келіх мой, келіх срэбны, палажы ў адтуліну мяха наймалодшага, і срэбра за збожжа ягонае». І ён зрабіў паводле слова Язэпа, якое той сказаў.
а чару маю, чару срэбраную, пакладзі ў мяшок малодшаму, разам са срэбрам за куплены хлеб. І зрабіў той паводле слова Язэпа, якое сказаў ён.
Раніцаю разьвіднела, і гэтых мужоў выправілі, іх і аслоў іхніх.
Раніцай, калі разьвіднела, гэтыя людзі былі адпушчаны, яны і аслы іхнія.
Яны выйшлі з гораду, не адыйшлі далёка, і Язэп сказаў загадчыку дому свайго: «Устань, ганіся за тымі людзьмі, і дагоніш іх, і скажаш ім: “Чаму вы адплацілі ліхам за дабро?
Яшчэ недалёка адышліся яны ад горада, як Язэп сказаў правадыру дома свайго: ідзі, даганяй гэтых людзей і, як дагоніш, скажы ім: навошта вы заплацілі злом за дабро?
Ці ж ня гэта той келіх, з якога п’е пан мой, і прадказваючы, прадказвае на ім? Ліха вы ўчынілі, гэтак зрабіўшы”».
ці ня тая гэта чара, зь якое п’е мой гаспадар? і ён варожыць на ёй; вы гэта блага зрабілі.
І ён дагнаў іх, і прамовіў ім гэтыя словы.
Ён дагнаў іх і сказаў ім гэтыя словы.
А яны сказалі: «Навошта пан мой кажа такія словы? Далёкія слугі твае, каб учыніць гэткія рэчы.
Яны сказалі яму: навошта гаспадар наш кажа такія словы? не, рабы твае ня зробяць такое справы;
Тое срэбра, якое мы знайшлі ў адтулінах мяхоў сваіх, мы вярнулі табе з зямлі Ханаан. Як жа мелі мы красьці з дому гаспадара твайго срэбра альбо золата?
вось, срэбра, знойдзенае намі ў мяшках нашых мы прынесьлі табе назад зь зямлі Ханаанскай: як жа нам украсьці з дома гаспадара твайго срэбра альбо золата?
У каго са слугаў тваіх будзе знойдзена гэта, той няхай памрэ, а мы таксама станем нявольнікамі пана майго».
у каго з рабоў тваіх знойдзецца чара, таму сьмерць, і мы будзем рабамі гаспадару нашаму.
І ён сказаў: «Дык цяпер няхай будзе паводле словаў вашых. У каго будзе знойдзена гэта, той стане мне нявольнікам, а вы будзеце нявінныя».
Ён сказаў: добра; як вы сказалі, так няхай і будзе; у каго знойдзецца чара, той будзе мне рабом, а вы будзеце не вінаватыя.
І яны пасьпяшаліся, і зьнялі кожны мех свой на зямлю, і разьвязалі кожны мех свой.
Яны сьпешна апусьцілі кожны свой мяшок на зямлю і разьвязалі кожны свой мяшок.
А ён шукаў, пачаўшы ад найстарэйшага і скончыўшы наймалодшым; і знайшоў келіх у мяху Бэн’яміна.
Ён абшукаў, пачаў са старэйшага і скончыў малодшым; і знайшлася чара ў мяшку Веньямінавым.
І разарвалі яны адзеньні свае, і ўсклалі [мяхі] кожны на асла свайго, і вярнуліся ў горад.
І разадралі яны вопратку на сабе і, паклаўшы кожны на асла свайго ношку, вярнуліся ў горад.
І прыйшлі Юда і браты ягоныя ў дом Язэпа, а ён яшчэ быў там. І яны ўпалі перад абліччам яго на зямлю.
І прыйшлі Юда і брат ягоны ў дом Язэпа, які быў яшчэ дома, і ўпалі перад ім на зямлю.
І сказаў ім Язэп: «Што за ўчынак гэта вы ўчынілі? Ці ж вы ня ведалі, што, прадказваючы, прадказвае такі чалавек, як я?»
Язэп сказаў ім: што гэта вы зрабілі? хіба вы ня ведалі, што такі чалавек, як я, вядома, адгадае?
І сказаў Юда: «Што нам сказаць, пане мой? Што нам гаварыць і як нам апраўдвацца? Бог знайшоў правіну слугаў тваіх. Вось, мы — нявольнікі пана майго, і мы, і той, у чыіх руках быў знойдзены келіх».
Юда сказаў: што нам сказаць гаспадару нашаму? што сказаць? чым апраўдацца? Бог знайшоў няпраўду рабоў тваіх; вось, мы рабы гаспадару нашаму, і мы, і той, у чыіх руках знайшлася чара.
І сказаў [Язэп]: «Далёка ад мяне, каб я ўчыніў гэта. Той чалавек, у руках якога знойдзены келіх, ён будзе нявольнікам маім, а вы ўзыходзьце ў супакоі да бацькі свайго».
Але Язэп сказаў: не, я гэтага не зраблю: той, у чыіх руках знайшлася чара, будзе мне рабом, а вы ідзеце зь мірам да бацькі вашага.
І наблізіўся да яго Юда, і сказаў: «Паслухай, пане мой, няхай скажа, прашу, слуга твой слова ў вушы пана свайго, і няхай не распальваецца гнеў твой на слугу твайго, бо ты — як сам фараон.
І падышоў Юда да яго і сказаў: гаспадару мой, дазволь рабу твайму сказаць слова ў вушы гаспадару майму і ня ўгневайся на раба твайго; бо ты тое самае, што фараон.
Пан мой пытаўся ў слугаў сваіх, кажучы: “Ці ёсьць у вас бацька альбо брат?”
Гаспадар мой пытаў у рабоў сваіх, кажучы: ці ёсьць у вас бацька альбо брат?
І мы сказалі пану нашаму: “Ёсьць у нас бацька стары і дзіця старасьці [ягонае] малое, а брат ягоны памёр, і ён адзін застаўся па маці сваёй, і бацька ягоны любіць яго”.
Мы сказалі гаспадару нашаму, што ў нас ёсьць бацька састарэлы, і малодшы сын у яго, сын старасьці, брат якога памёр, а ён застаўся адзін ад маці сваёй, і бацька любіць яго.
І ты сказаў слугам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, і я зьвярну вока маё на яго”.
А ты сказаў рабам тваім: прывядзеце яго да мяне, каб мне зірнуць на яго.
І мы сказалі пану майму: “Ня можа хлопец пакінуць бацьку свайго; і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ”.
Мы сказалі гаспадару нашаму: хлопец ня можа пакінуць бацькі свайго, і калі ён пакіне бацьку свайго, дык той памрэ.
І сказаў ты слугам тваім: “Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, не дазволю вам больш бачыць аблічча маё”.
Але ты сказаў рабам тваім: калі ня прыйдзе з вамі меншы брат ваш, дык вы болей не яўляйцеся да мяне перад аблічча.
І сталася, што мы ўзыйшлі да слугі твайго, бацькі майго, і пераказалі яму словы пана майго.
Калі мы прыйшлі да раба твайго, бацькі нашага, дык пераказалі яму словы гаспадара майго.
І сказаў бацька наш: “Вярніцеся, купіце нам трохі харчаваньня”.
І сказаў бацька наш: ідзеце зноў, купеце нам крыху ежы.
І мы сказалі: “Ня можам зыйсьці. Калі будзе з намі брат наш наймалодшы, мы зыйдзем, бо ня зможам убачыць аблічча таго чалавека, калі брата нашага наймалодшага ня будзе з намі”.
Мы сказалі: нельга нам ісьці; а калі будзе з намі меншы брат наш, дык пойдзем; бо нельга нам бачыць твар таго чалавека, калі ня будзе з намі меншага брата нашага.
І сказаў нам слуга твой, бацька наш: “Вы ведаеце, што двух нарадзіла мне жонка мая.
І сказаў нам раб твой, бацька наш: вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне двух сыноў;
І адыйшоў адзін ад мяне, і я сказаў: "Напэўна, ён разьдзёрты [дзікім зьверам]", і я ня бачыў яго дагэтуль.
адзін пайшоў ад мяне, і я сказаў: праўда, ён разадраны; і я ня бачыў яго дагэтуль;
І возьмеце таксама гэтага ад аблічча майго, і здарыцца з ім няшчасьце, і заведзіцё вы сівізну маю ў горы ў апраметную”.
калі і гэтага забераце з вачэй маіх, і станецца зь ім няшчасьце, дык зьведзяце вы сівізну маю зь бядою ў магілу.
І цяпер, як я прыйду да слугі твайго, бацькі майго, і хлопца няма з намі, а душа ягоная прывязана да душы ягонай.
Цяпер калі я прыйду да раба твайго, бацькі нашага, і ня будзе з намі хлопца, з душою якога зьвязана душа ягоная,
І станецца, што ён убачыць, што няма хлопца, і памрэ, і зьвядуць слугі твае сівізну слугі твайго, бацькі нашага, са смуткам у апраметную.
дык ён, убачыўшы, што няма хлопца, памрэ; і зьвядуць рабы твае сівізну раба твайго, бацькі нашага, са смуткам у магілу.
Бо слуга твой паручыўся за хлопца перад бацькам сваім, кажучы: “Калі не прывяду яго да цябе, буду грэшны перад бацькам сваім на ўсе дні”.
Пры гэтым я, раб твой, узяўся адказваць за хлопца бацьку майму, сказаўшы: калі не прывяду яго да цябе, дык застануся я вінаваты перад бацькам маім ва ўсе дні жыцьця.
І цяпер, прашу, няхай застанецца слуга твой замест хлопца нявольнікам пана майго, а хлопец няхай пойдзе з братамі сваімі.
Дык вось, няхай я, раб твой, замест хлопца застануся рабом у гаспадара майго, а хлопец няхай ідзе з братамі сваімі:
Бо як я прыйду да бацькі майго, а хлопца ня будзе са мною? Няхай ня ўбачу я ліха, якое спаткае бацька мой».
бо як пайду я да бацькі свайго, калі хлопца ня будзе са мною? я ўбачыў бы ліха, якое напала б на бацьку майго.