1 летапісаў 24 разьдзел

Першая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І вось чэргі сыноў Аарона. Сыны Аарона: Надаў, Абігу, Элеазар і Ітамар.
 
І вось разьмеркаваньні сыноў Ааронавых: сыны Аарона: Надаў, Авіюд, Элеазар і Ітамар.

І памерлі Надаў і Абігу перад абліччам бацькі свайго, а сыноў не было ў іх; і былі сьвятарамі Элеазар і Ітамар.
 
Надаў і Авіуд памерлі раней за бацьку свайго, а сыноў ня было ў іх, і таму сьвятарылі Элеазар і Ітамар.

І падзяліў іх Давід і Цадок з сыноў Элеазара, і Ахімэлех з сыноў Ітамара, на чэргі іхнія паводле служэньня іхняга.
 
І разьмеркаваў іх Давід — Садока з сыноў Элеазара, і Ахімэлэха з сыноў Ітамара, па чарзе на службу іх.

І больш знайшлося галоўных мужоў з сыноў Элеазара, чым з сыноў Ітамара. І былі яны падзелены: з сыноў Элеазара — шаснаццаць галоваў дамоў бацькоў іхніх, з сыноў Ітамара — восем, паводле дамоў бацькоў іхніх.
 
І знайшлося, што паміж сынамі Элеазара ўзначальцаў пакаленьняў больш, чым паміж сынамі Ітамара. І ён разьмеркаваў іх так: з сыноў Элеазара шаснаццаць узначальцаў сямействаў, а з сыноў Ітамара восем.

І падзялілі іх жэрабем, адных і другіх, каб былі князі сьвятыні і князі Божыя з сыноў Элеазара і з сыноў Ітамара.
 
А разьмяркоўваць іх па жэрабях, бо галоўнымі ў сьвятыні і галоўнымі прад Богам былі з сыноў Элеазара і з сыноў Ітамара,

І запісаў іх Шэмая, сын Нэтаніэля, пісар з лявітаў, перад абліччам валадара і князёў, і перад Цадокам сьвятаром і Ахімэлехам, сынам Абіятара, і перад галовамі [дамоў] бацькоў сьвятароў і лявітаў. Адзін дом бацькоў узяты ад Элеазара, і адзін — ад Ітамара.
 
і запісваў іх Шэмая, сын Натанаіла, пісец зь лявітаў, перад абліччам цара і князёў і перад сьвятаром Садокам і Ахімэлэхам, сынам Авіятара, і перад узначальцамі сямействаў сьвятарскіх і лявіцкіх: бралі пры кіданьні жэрабя адно сямейства з роду Элеазаравага, потым бралі з роду Ітамаравага.

І выпала першае жэрабя на Егаярыва, другое — на Едаю.
 
І выйшла першае жэрабя Егаярыву, другое Едаі,

на Харыма трэцяе, на Сэарыма чацьвёртае,
 
трэцяе Харыму, чацьвёртае Сэарыму,

на Малхію пятае, на Міяміна шостае,
 
пятае Малхію, шостае Міяміну,

на Гаккоца сёмае, на Абію восьмае,
 
сёмае Гакоцу, восьмае Авію,

на Ешуа дзявятае, на Шэханію дзясятае,
 
дзявятае Ешую, дзясятае Шэханію,

на Эляшыва адзінаццатае, на Якіма дванаццатае,
 
адзінаццатае Эліяшыву, дванаццатае Якіму,

на Хуппу трынаццатае, на Ешэвава чатырнаццатае,
 
трынаццатае Хушаю, чатырнаццатае Ешававу,

на Більгу пятнаццатае, на Імэра шаснаццатае,
 
пятнаццатае Вілгу, шаснаццатае Імэру,

на Хэзіра сямнаццатае, на Гапіцэца васямнаццатае,
 
сямнаццатае Хэзіру, васямнаццатае Гапіцэцу,

на Пэтахію дзевятнаццатае, на Ехэзкэля дваццатае,
 
дзевятнаццатае Пэтахіі, дваццатае Езэкіілю,

на Яхіна дваццаць першае, на Гамуля дваццаць другое,
 
дваццаць першае Яхіну, дваццаць другое Гамулу,

на Дэлаю дваццаць трэцяе, на Маазію дваццаць чацьвёртае.
 
дваццаць трэцяе Дэлаю, дваццаць чацьвёртае Маазію.

Гэта чэргі іхнія для служэньня іхняга, каб яны прыходзілі ў Дом ГОСПАДА паводле пастановы сваёй, [дадзенай] праз Аарона, бацьку іхняга, як загадаў яму ГОСПАД, Бог Ізраіля.
 
Вось парадак іх пры служэньні іх, як ім прыходзіць у дом Гасподні, па статуце іх праз Аарона бацьку іхняга, як наказваў яму Гасподзь Бог Ізраілеў.

А пазасталыя з сыноў Левія: з сыноў Амрама — Шуваэль; з сыноў Шуваэля — Ехдэя;
 
У астатніх сыноў Лявія — разьмеркаваньне: з сыноў Амрама: Шуваіл; з сыноў Шуваіла: Едыя;

Ад Рэхаўі з сыноў Рэхаўі галоўны Ішыя.
 
ад Рэхавіі: з сыноў Рэхавіі Ішыя быў першы;

Ад Іцгара — Шэлямот; з сыноў Шэлямота — Яхат.
 
ад Іцгара: Шэламот; з сыноў Шэламота: Яхаў;

Сыны [Хеўрона]: Ерыя, Амарыя другі, Яхазіэль трэці, Екамэам чацьвёрты.
 
з сыноў Хэўрона: першы Ерыя, другі Амарыя, трэці Яхазііл, чацьвёрты Екамам.

Сыны Узіэля: Міха; з сыноў Міхі — Шамір.
 
З сыноў Азііла: Міха; з сыноў Міхі: Шамір.

Брат Міхі — Ішыя; з сыноў Ішыі — Захарыя.
 
Брат Міхі Ішыя; з сыноў Ішыі: Захарыя.

Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Сыны Яазіі: Бэно.
 
Сыны Мэрары: Махлі і Мушы; з сыноў Яазіі: Бэна.

Сыны Мэрары з Яазіі: Бэно, Шагам, Заккур і Іўры.
 
З сыноў Мэрары ў Яазіі: Бэна і Шаагам, і Закур і Іўры.

Ад Махлі — Элеазар; і не было ў яго сыноў.
 
У Махлія — Элеазар; у яго сыноў ня было.

Ад Кіша сыны Кіша: Ерахмээль.
 
У Кіса: з сыноў Кіса: Ерахмііл;

Сыны Мушы: Махлі, Эдэр і Ерымот. Гэта сыны лявітаў паводле дамоў бацькоў іхніх.
 
сыны Мушыя: Махлі, Эдэр і Ерымот. Вось сыны лявітаў па пакаленьнях іх.

І кідалі яны таксама жэрабя, як і браты іхнія, сыны Аарона, перад абліччам валадара Давіда, і Цадока, і Ахімэлеха, і перад галовамі [дамоў] бацькоў сьвятарскіх і лявіцкіх, галовы [дамоў] бацькоў аднолькава з меншым братам сваім.
 
Кідалі і яны жэрабя, нароўні з братамі сваімі, сынамі Ааронавымі, перад абліччам цара Давіда і Садока і Ахімэлэха, і ўзначальцаў сямействаў сьвятарскіх і лявіцкіх: галава сямейства нароўні зь меншым братам сваім.