2 летапісаў 4 разьдзел

Другая кніга летапісаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І зрабіў ахвярнік мядзяны: дваццаць локцяў даўжыня ягоная, і дваццаць локцяў шырыня ягоная, і дзесяць локцяў вышыня ягоная.
 
І зрабіў медны ахвярнік; дваццаць локцяў даўжыня яго і дваццаць локцяў шырыня яго і дзесяць локцяў вышыня яго.

І зрабіў мора адліванае, дзесяць локцяў ад берагу яго да берагу яго, усё круглае, у вышыню пяць локцяў; і шнур у трыццаць локцяў атачаў яго наўкола.
 
І зрабіў мора літое, — ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, — усё круглае, вышынёю ў пяць локцяў; і шнурок у трыццаць локцяў абдымаў яго вакол;

І пад ім падабенствы валоў стаялі наўкола з усіх бакоў; на дзесяць локцяў атачалі мора навокал два шэрагі валоў, адлітых пры адліваньні яго.
 
і літыя падабенствы валоў стаялі пад ім вакол з усіх бакоў; на дзесяць локцяў акружалі мора вакол два рады валоў, вылітых адным ліцьцём зь ім.

Стаяла яно на дваццаці валах: тры зьвернутыя на поўнач, тры зьвернутыя на захад, тры зьвернутыя на поўдзень, тры зьвернутыя на ўсход, і мора на іх зьверху; а азадкі іхнія [зьвернуты] ў сярэдзіну.
 
Стаяла яно на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач і тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход, — і мора на іх зьверху; а зады іхнія былі павернуты ўсярэдзіну пад яго.

І таўшчыня ягоная — у далонь, і берагі ягоныя — як берагі келіха, як кветкі лілеі. Яно зьмяшчала і ўтрымлівала тры тысячы батаў.
 
Таўшчынёю яно было ў далонь; і краі яго, зробленыя як берагі чары, былі падобныя на расьцьвілую лілею. Яно ўбірала да трох тысяч батаў.

І зрабіў дзесяць мыцельнікаў, і паставіў пяць з правага боку і пяць — з левага, для абмываньня ў іх, бо падрыхтаванае на цэласпаленьне паласкалі ў іх; а мора — для сьвятароў, каб яны абмываліся ў ім.
 
І зрабіў дзесяць умывальніц, і паставіў пяць з правага боку і пяць зь левага, каб абмываць у іх, — што рыхтавалі да цэласпаленьня, абмывалі ў іх; а мора — сьвятарам, каб яны абмываліся ў ім.

І зрабіў дзесяць залатых сьвечнікаў, паводле пастановы, і паставіў у сьвятыні, пяць — з правага боку і пяць — з левага.
 
І зрабіў дзесяць залатых сьвяцільняў, як ім быць належала, і паставіў у храме пяць з правага боку і пяць зь левага.

І зрабіў дзесяць сталоў, і паставіў у сьвятыні, пяць — з правага боку і пяць — з левага, і зрабіў сто місаў залатых.
 
І зрабіў дзесяць сталоў і паставіў у храме, пяць з правага боку і пяць зь левага, і зрабіў сто залатых чараў.

І зрабіў панадворак сьвятарскі, і вялікі панадворак, і дзьверы ў панадворак, і ашаляваў дзьверы медзьдзю.
 
І зрабіў сьвятарскі двор і вялікі двор і дзьверы ў двор, і вяроўкі іх абклаў медзьдзю.

І паставіў мора з правага боку на ўсходзе, насупраць паўднёвага боку.
 
Мора паставіў з правага боку, на паўднёвы ўсход.

І зрабіў Хурам гаршчкі, лапаткі і місы. І скончыў Хурам рабіць працу, якую ён рабіў для валадара Салямона ў Доме Божым:
 
І зрабіў Хірам балеі і лапаткі і чары. І скончыў Хірам працу, якую рабіў цару Саламону ў доме Божым:

два слупы і кулі, і галавіцы на версе двух слупоў, і два сплеціва, каб накрыць дзьве круглыя галавіцы, якія на версе слупоў,
 
два слупы і дзьве апаяскі вянкоў наверсе слупоў, і дзьве сеткі для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў.

і чатырыста яблыкаў гранатовых на двух сплецівах, два шэрагі яблыкаў гранатовых на кожным сплеціве, каб пакрыць дзьве круглыя галавіцы, якія на слупах.
 
І чатырыста гранатавых яблыкаў на дзьвюх сетках, два рады гранатавых яблыкаў для кожнай сеткі, для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія на слупах.

І падставы зрабіў, і мыцельнікі зрабіў на падставах,
 
І падставы зрабіў ён і ўмывальніцы зрабіў на падставах;

адно мора, і дванаццаць валоў пад ім.
 
адно мора, і дванаццаць валоў пад ім,

І гаршчкі, і лапаткі, і відэльцы, і ўсе начыньні зрабіў Хурам-Абія для валадара Салямона ў Доме ГОСПАДА, з зыркай медзі.
 
і балеі, і лапаткі, і відэльцы, і ўвесь прыбор іх зрабіў Хірам-Авій цару Саламону для дома Гасподняга з паліраванай медзі.

У ваколіцах Ярдану адліваў іх валадар, у густой зямлі, паміж Сукотам і Цэрэдаю.
 
У навакольлі Ярдана выліваў іх цар, у гліністай зямлі, паміж Сакхотам і Цэрэдаю.

І зрабіў Салямон усе начыньні гэтыя ў вялікім мностве, што не даведваліся вагі медзі.
 
І зрабіў Саламон усе рэчы гэтыя ў вялікім мностве, так што ня ведалі вагі медзі.

І зрабіў Салямон усе рэчы Дому Божага: і ахвярнік залаты, і сталы, і на іх хлябы пакладныя,
 
Таксама зрабіў Саламон усе рэчы для дома Божага і залаты ахвярнік, і сталы, на якіх хлябы пакладныя,

і сьвечнікі, і лямпы для запальваньня іх паводле пастановы перад Давірам — са шчырага золата;
 
і сьвяцільні і лампады іх, каб запальваць іх па статуце перад давірам, з чыстага золата.

і кветкі, і лямпы, і абцужкі залатыя, з найчысьцейшага золата,
 
і кветкі, і лампады, і абцугі з золата, з самага чыстага золата,

і нажніцы, і місы, і крапільніцы, і кадзільніцы са шчырага золата; і ўваход у Дом, унутраныя дзьверы ягоныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы Дому сьвятыні — з золата.
 
і нажы, і крапільніцы і чары, і латкі з золата самага чыстага; і дзьверы храма, — дзьверы яго ўнутраныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы храма ў сьвятыню, — з золата.