Эздры 4 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І пачулі ворагі Юды і Бэн’яміна, што сыны выгнаньня будуюць Дом для ГОСПАДА, Бога Ізраіля.
 
І пачулі ворагі Юды і Веньяміна, што вяртанцы з палону будуюць храм Госпаду Богу Ізраілеваму;

І прыйшлі яны да Зэрубабэля і да галоваў [дамоў] бацькоў, і сказалі ім: «Будзем і мы будаваць з вамі, бо і мы, як і вы, шукаем Бога вашага і ахвяруем ахвяры Яму ад дзён Эсар-Гадона, валадара Асірыі, які прывёў нас сюды».
 
і прыйшлі яны да Зарававэля і да ўзначальнікаў пакаленьняў і сказалі ім: будзем і мы будаваць з вамі, бо мы, як і вы, прыходзім да Бога вашага, і Яму прыносім ахвяры ад дзён Асардана, цара Сірыйскага, які перавёў нас сюды.

І сказаў ім Зэрубабэль і Ешуа, і іншыя галовы [дамоў] бацькоў Ізраіля: «Не будаваць вам і нам [разам] Дом Богу нашаму. Мы адны будзем будаваць для ГОСПАДА, Бога Ізраіля, як загадаў нам Кір, валадар Пэрсаў».
 
І сказаў ім Зарававэль і Ісус і астатнія ўзначальнікі пакаленьняў Ізраільскіх: не будаваць вам разам з намі дом нашаму Богу; мы адны будзем будаваць дом Госпаду Богу Ізраілеваму, як загадаў нам цар Кір, цар Персідскі.

І стаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юды і палохаць іх пры будаўніцтве.
 
І пачаў народ зямлі той паслабляць рукі народу Юдэйскага і перашкаджаць яму ў будаўніцтве;

І наймалі супраць іх дарадцаў [валадара], каб разбурыць намер іхні, праз усе дні Кіра, валадара Пэрсаў, аж да валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.
 
і падкупалі супроць іх радцаў, каб разбурыць пачынаньне іхняе, ва ўсе дні Кіра, цара Персідскага, і да цараваньня Дарыя, цара Персідскага.

А ў валадараньне Ахашвэроша, на пачатку валадараньня ягонага, напісалі скаргу на жыхароў Юды і Ерусаліму.
 
А ў цараваньне Ахашвероша, на пачатку цараваньня яго, напісалі абвінавачаньне на жыхароў Юдэі і Ерусаліма.

І ў дні Артаксэркса напісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээль і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, валадара Пэрсаў. І ліст быў напісаны па-арамейску і перакладзены на мову арамейскую.
 
І ў дні Артаксэркса пісалі Бішлам, Мітрэдат, Табээл і іншыя таварышы іхнія да Артаксэркса, цара Персідскага. А пісьмо было напісана літарамі Сірыйскімі і на Сірыйскай мове.

Рэхум канцлер і Шымшай пісар напісалі адзін ліст супраць Ерусаліму да валадара Артаксэркса гэтак:
 
Рэхум радца і Шымшай пісец пісалі адно пісьмо супроць Ерусаліма да цара Артаксэркса такое:

«Тады і тады. Рэхум канцлер, і Шымшай пісар, і іншыя таварышы іхнія — Дынэйцы, Афарсатхейцы, Тарпэлейцы, Афарсэйцы, Архейцы, Бабілонцы, Шушанцы, Дэгайцы, Элямцы,
 
Тады ж. Рэхум радца і Шымшай пісец і астатнія таварышы іхнія, — Дынэі і Афарсатхэі, Тарпэлэі, Апарсы, Арэхэяне, Вавілоняне, Сусанцы, Дагі, Эламіцяне

і іншыя народы, якіх перасяліў Аснапар, вялікі і славуты, і пасяліў у горадзе Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча, і іншае».
 
і іншыя народы, якіх перасяліў Аснафар вялікі і славуты і пасяліў у гарадах Самарыйскіх і ў іншых гарадах за ракою, і астатняе.

Гэта водпіс лісту, які пасланы да [валадара]: «Артаксэрксу валадару — слугі слугаў тваіх, людзі Зарэчча, і іншае.
 
І вось сьпіс зь пісьма, якое паслалі яму, цару Артаксэрксу — рабы твае, людзі за ракою, і іншае.

Няхай будзе вядома валадару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, і горад бунтаўнічы і нягодны адбудоўваюць, і муры аднаўляюць, і падмуркі напраўляюць.
 
Хай будзе вядома цару, што Юдэі, якія выйшлі ад цябе, прыйшлі да нас у Ерусалім, будуюць гэты мяцежны і нягодны горад і сьцены робяць, і падмуркі іх ужо паладзілі.

Цяпер няхай будзе вядома валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры адноўленыя, ня будуць яны плаціць ані даніны, ані падатку, ані мыта, і прыбытку валадара будзе шкода.
 
Хай жа будзе вядома цару, што калі і гэты горад будзе пабудаваны і сьцены адноўлены, дык ні падатку, ні мыты ня будуць даваць, і царскай скарбніцы будзе зроблена шкода.

І вось, мы солім [ежу] сольлю з палацу [валадара], і зьнявагі валадару ня можам бачыць. Дзеля гэтага пасылаем і паведамляем валадару.
 
Як што мы ямо соль ад палаца царскага, і шкоды цару ня можам бачыць, таму мы пасылаем данясеньне цару:

Няхай пашукаюць у кнізе запісаў бацькоў тваіх, і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што горад гэты — горад бунтаўнічы і шкодзіць валадарам і краям, і бунты паднімаюць у ім з дзён старадаўніх. За гэта горад гэты быў зруйнаваны.
 
хай пашукаюць у памятнай кнізе бацькоў тваіх, — і знойдзеш у кнізе памятнай, і даведаешся, што горад гэты — горад мяцежны і шкодны царам і абласьцям, і што адпады бывалі ў ім здавён, за што горад гэты і спустошаны.

Мы паведамляем валадару, што калі горад гэты будзе адбудаваны і муры ягоныя будуць адноўленыя, з гэтай прычыны ня будзе ў цябе часткі ў Зарэччы».
 
Таму мы паведамляем цару, што калі горад гэты будзе дабудаваны і сьцены яго дароблены, дык пасьля гэтага ня будзе ў цябе валоданьня за ракою.

Валадар паслаў адказ: «Рэхуму канцлеру, і Шымшаю пісару, і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і ў іншых [мясцовасьцях] Зарэчча. Супакой і іншае.
 
Цар паслаў адказ Рэхуму радцу і Шымшаю пісцу і іншым таварышам іхнім, якія жывуць у Самарыі і іншых гарадах зарэчных: Мір і іншае.

Ліст, які вы прыслалі нам, выразна прачыталі перада мною.
 
Пісьмо, якое вы прыслалі нам, выразна прачытана перад мною;

І ад мяне выйшаў загад, і шукалі, і знайшлі, што горад гэты з дзён старадаўніх паўставаў супраць валадароў, і былі ў ім бунты і паўстаньні,
 
і ад мяне дадзены загад, — і шукалі, і знайшлі, што горад гэты здаўна паўставаў супроць цароў, і ўчыняліся ў ім мецяжы і хваляваньні,

і былі ў Ерусаліме валадары магутныя, якія панавалі ў-ва ўсім Зарэччы, і ім давалі даніну, падаткі і мыта.
 
і што былі ў Ерусаліме цары магутныя, якія валодалі ўсім зарэччам, і ім давалі падаткі, налогі і мыту.

І цяпер дайце загад, каб людзі гэтыя спыніліся і горад гэты не адбудоўваўся, пакуль ад мяне ня выйдзе [новы] загад.
 
Дык вось, дайце загад, каб людзі гэтыя перасталі працаваць, і горад гэты не будаваўся, пакуль ад мяне ня будзе дадзены загад.

І будзьце ўважлівыя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта мае павялічвацца зло на шкоду валадарам?»
 
І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Навошта дазваляць памнажэньне шкоднага супраць цароў?

Як толькі водпіс гэтага ліста ад валадара Артаксэркса быў прачытаны перад Рэхумам і Шымшаем пісарам, і таварышамі іхнімі, яны, сьпяшаючыся, пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў і спынілі [працу] іхнюю зброяй і гвалтам.
 
Як толькі гэта пісьмо цара Артаксэркса было прачытана перад Рэхумам і Шымшаем пісцом і таварышамі іхнімі, яны адразу пайшлі ў Ерусалім да Юдэяў, і моцнай узброенай рукою спынілі працу іхнюю.

Тады спынілася праца пры Доме Божым, які ў Ерусаліме; і спынілася яна аж да другога году валадараньня Дарыя, валадара Пэрсаў.
 
Тады спынілася праца пры доме Божым у Ерусаліме, і спыненьне гэта працягвалася да другога года цараваньня Дарыя, цара Персідскага.