Выхад 9 разьдзел

Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Увайдзі да фараона і прамоў яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: “Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне”.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

Бо калі ты адмовішся выпусьціць і будзеш яшчэ трымаць іх,
 
бо калі ты не захочаш адпусьціць і яшчэ будзеш трымаць яго,

вось, рука ГОСПАДА будзе на статку тваім, які ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках, зараза вельмі цяжкая.
 
дык вось, рука Гасподняя будзе на быдле тваім, якое ў полі, на конях, на аслах, на вярблюдах, на валах і авечках: будзе згубная пошасьць вельмі цяжкая;

І аддзеліць ГОСПАД статак Ізраіля ад статку Эгіпецкага, і нічога ня здохне з усяго таго, што ў сыноў Ізраіля”».
 
і падзеліць Гасподзь паміж быдлам Ізраільскім і быдлам Егіпецкім, і з усяго сыноў Ізраілевых не памрэ нічога.

І прызначыў ГОСПАД час, кажучы: «Заўтра зробіць ГОСПАД гэтае слова ў зямлі».
 
І назначыў Гасподзь час, сказаўшы: заўтра зробіць гэта Гасподзь у зямлі гэтай.

І зрабіў ГОСПАД гэтае слова назаўтра, і паздыхаў увесь статак Эгіпецкі; а ў статку сыноў Ізраіля ня здохла аніводнага.
 
І зрабіў гэта Гасподзь на другі дзень, і паздыхала ўсё быдла Егіпецкае; а з быдла сыноў Ізраілевых не памерла нічога.

І паслаў фараон, і вось, ня здохла ў статку Ізраіля аніводнага. І закамянела сэрца фараона, і ён не адпусьціў народ.
 
Фараон паслаў даведацца, і вось з быдла сыноў Ізраілевых ня здохла нічога. Але сэрца фараонава жорстка зацялося, і ён не адпусьціў народу.

І сказаў ГОСПАД Майсею і Аарону: «Вазьміце сабе поўныя жмені сажы з печы, і няхай сыпне яе Майсей у неба перад вачыма фараона.
 
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: вазьмеце па поўнай жмені попелу зь печы, і хай кіне яго Майсей пад неба на вачах у фараона;

І станецца яна пылам па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе яна на людзях і на скаціне як запаленьне са скуламі па ўсёй зямлі Эгіпецкай».
 
і падымецца пыл па ўсёй зямлі Егіпецкай, і будзе на людзях і на быдле запаленьне з нарывамі, ва ўсёй зямлі Егіпецкай.

І ўзялі яны сажу з печы, і сталі перад фараонам. І сыпнуў яе Майсей у неба, і сталася запаленьне са скуламі на людзях і на скаціне.
 
Яны ўзялі попелу зь печы і сталі перад абліччам фараона. Майсей кінуў яго пад неба, і зрабілася запаленьне з нарывамі на людзях і на быдле.

І не маглі варажбіты ўстаяць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на варажбітах і на ўсіх Эгіпцянах.
 
І не маглі магі ўстояць перад Майсеем з прычыны запаленьня, бо запаленьне было на магах і на ўсіх Егіпцянах.

І зацьвярдзіў ГОСПАД сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як казаў ГОСПАД Майсею.
 
Але Гасподзь ачэрсьцьвіў сэрца фараона, і ён не паслухаўся іх, як і казаў Гасподзь Майсею.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Устань раніцаю, і стань перад фараонам, і скажы яму: “Гэтак кажа ГОСПАД, Бог Гебраяў: "Адпусьці народ Мой, і ён будзе служыць Мне.
 
І сказаў Гасподзь Майсею: заўтра ўстань рана і зьявіся перад аблічча фараона і скажы яму: так кажа Гасподзь, Бог Габрэяў: адпусьці народ Мой, каб ён учыніў Мне служэньне;

Бо гэтым разам Я пашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ты даведаўся, што няма падобнага да Мяне на ўсёй зямлі.
 
бо гэтым разам Я пашлю ўсе пошасьці Мае ў сэрца тваё, і на рабоў тваіх, і на народ твой, каб ты ўведаў, што няма падобнага на Мяне на ўсёй зямлі;

Бо цяпер, калі Я выцягнуў руку Маю, і ўдару цябе і народ твой заразаю, ты будзеш выгублены з зямлі.
 
як бо Я працягнуў руку Маю, дык пакараў бы цябе і народ твой пошасьцю, і ты зьнішчаны быў бы зь зямлі:

Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб паказаць табе сілу Маю і каб абвяшчалі імя Маё па ўсёй зямлі.
 
але на тое Я захаваў цябе, каб паказаць на табе сілу Маю, і каб вернута было імя Маё па ўсёй зямлі;

Ты яшчэ ўзьвялічваешся над народам Маім, каб не адпусьціць іх.
 
ты яшчэ супрацьстаіш народу Майму, каб не адпускаць яго, —

Вось, Я спашлю заўтра ў гэты самы час град вельмі вялікі, да якога падобнага не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дагэтуль.
 
вось, Я пашлю заўтра, у гэты самы час, град вельмі моцны, падобнага на які ня было ў Егіпце з дня заснаваньня яго да сёньня:

І цяпер пашлі, каб схаваць статак твой і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі. Кожны чалавек і скаціна, якія будуць засьпетыя ў полі і ня будуць забраныя ў дамы, — зыйдзе на іх град, і яны памруць"”».
 
дык вось, пашлі сабраць статкі твае і ўсё, што ёсьць у цябе ў полі: на ўсіх людзей і быдла, якія застануцца ў полі і не зьбяруцца ў дамы, упадзе град і яны памруць.

Тыя са слугаў фараонавых, якія спужаліся слова ГОСПАДА, сабралі слугаў сваіх і статкі свае ў дамы.
 
Тыя з рабоў фараонавых, якія баяцца слова Гасподняга, сьпешна сабралі рабоў сваіх і статкі свае ў дамы;

А хто не зьвярнуў сэрца свайго да слова ГОСПАДА, той пакінуў слугаў сваіх і статкі свае ў полі.
 
а хто не павярнуў сэрца свайго да слова Гасподняга, той пакінуў рабоў сваіх і статкі свае ў полі.

І сказаў ГОСПАД Майсею: «Выцягні руку тваю да неба, і будзе град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай, на чалавека, на скаціну і на ўсю траву палявую ў зямлі Эгіпецкай».
 
І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і ўпадзе град на ўсю зямлю Егіпецкую, на людзей, на быдла і на ўсю траву польную ў зямлі Егіпецкай.

І выцягнуў Майсей кій свой да неба; і ГОСПАД даў грымоты і град, і зыйшоў агонь на зямлю, і спаслаў ГОСПАД град на ўсю зямлю Эгіпецкую.
 
І працягнуў Майсей посах свой да неба, і Гасподзь утварыў гром і град, і агонь разьліваўся па зямлі; і паслаў Гасподзь град на зямлю Егіпецкую;

І быў град і агонь, зьмяшаны з градам, вельмі вялікі, якога не было ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай з часу, як [Эгіпет] стаў народам.
 
і быў град і агонь паміж градам, вельмі моцны, якога ня было ва ўсёй зямлі Егіпецкай з часу засяленьня яе.

І пабіў град у-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да скаціны, і ўсю траву палявую пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламіў.
 
І пабіў град па ўсёй зямлі Егіпецкай усё, што было ў полі, ад чалавека да быдла, і ўсю траву польную пабіў град, і ўсе дрэвы ў полі паламаў;

Толькі ў зямлі Гашэн, дзе [былі] сыны Ізраіля, не было граду.
 
толькі ў зямлі Гесэм, дзе жылі сыны Ізраілевыя, ня было граду.

І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Саграшыў я гэтым разам. ГОСПАД — праведны, а я і народ мой — ліхія.
 
І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: гэтым разам я зграшыў; Гасподзь справядлівы, а я і народ мой вінаватыя;

Прасіце ГОСПАДА, бо ўжо досыць грымотаў Божых і граду, і я пушчу вас, і ня будзеце больш заставацца».
 
памалецеся Госпаду; хай перастануць грамы Божыя і град, і адпушчу вас і ня буду больш трымаць.

І сказаў яму Майсей: «Як толькі выйду з гораду, выцягну далоні свае да ГОСПАДА; грымоты спыняцца і граду больш ня будзе, каб ты ведаў, што ГОСПАДАВА зямля.
 
Майсей сказаў яму: як толькі я выйду з горада, і граду больш ня будзе, каб ты ўведаў, што Гасподняя зямля;

Але ты і слугі твае, я ведаю, яшчэ ня маеце страху перад абліччам ГОСПАДА Бога».
 
але я ведаю, што ты і рабы твае яшчэ не ўбаіцеся Госпада Бога.

І лён, і ячмень былі пабітыя, бо ячмень красаваў, а лён квітнеў.
 
Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень выкаласаваў і лён абнасеньніўся,

А пшаніца і жыта не былі пабітыя, бо яны пазьнейшыя.
 
а пшаніца і жыта не пабітыя, бо яны былі позьнія.

І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў далоні свае да ГОСПАДА; і спыніліся грымоты і град, і дождж больш ня ліў на зямлю.
 
І выйшаў Майсей ад фараона з горада і працягнуў рукі свае да Госпада, і спыніліся гром і град, і дождж перастаў ліцца на зямлю.

І ўбачыў фараон, што спыніліся дождж, і град, і грымоты, і далей грашыў, і закамяніў сэрца сваё ён сам і слугі ягоныя.
 
І ўбачыў фараон, што перастаў дождж і град і гром, і грашыў далей, і абцяжарыў сэрца сваё ён і рабы ягоныя.

І зацьвярдзела сэрца фараона, і ён не адпусьціў сыноў Ізраіля, як і казаў ГОСПАД праз Майсея.
 
І ачэрсьцьвіў сэрца фараонавае, і ён не адпусьціў сыноў Ізраілевых, як і казаў Гасподзь пра Майсея.