Езэкііля 33 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сыне чалавечы, прамоў да сыноў народу твайго і скажы ім: “Калі на нейкую зямлю Я прыводжу меч, і возьме народ зямлі нейкага чалавека спасярод сябе, і паставіць яго вартаўніком,
сыне чалавечы! прамові слова да сыноў народу твайго і скажы ім: калі Я на якую-небудзь зямлю навяду меч, і народ той зямлі возьме спасярод сябе чалавека і паставіць яго ў сябе вартаўніком,
і ён убачыць, што меч гэты прыходзіць на зямлю, і ён затрубіць у рог, і папярэдзіць народ,
і ён, як убачыць меч, што ідзе на зямлю, затрубіць у трубу і асьцеражэ народ,
але нехта пачуе гук рогу, і ня будзе сьцерагчыся, і прыйдзе меч, і заб’е яго, кроў ягоная будзе на галаве ягонай.
і калі хто будзе слухаць голас трубы, але не асьцеражэ цябе; дык калі меч прыйдзе і захопіць яго, кроў ягоная будзе на яго галаве.
Гук рогу ён пачуў, але не засьцярогся; кроў ягоная будзе на ім самім. А той, хто засьцярогся, захаваў душу сваю.
Голас трубы ён чуў, але не асьцярогся, кроў ягоная на ім будзе; а хто асьцярогся, той выратуе жыцьцё сваё.
А калі вартаўнік бачыць, што прыходзіць меч, і не трубіць у рог, і народ не папярэджаны, і прыходзіць меч, і забівае некага з іх, хоць гэты [забіты] забраны за беззаконьне сваё, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках вартаўніка”.
Калі ж вартаўнік бачыў, як ішоў меч, і не затрубіў у трубу, і народ ня быў перасьцярожаны, дык калі прыйдзе меч і адбярэ ў каго зь іх жыцьцё, гэты будзе схоплены за грахі свае, але кроў ягоную спагоняць з рук вартаўніка.
І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартаўніком для дому Ізраіля, і ты пачуеш з вуснаў Маіх слова, і папярэдзіш іх ад Мяне.
І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартавым дому Ізраілеваму, і ты будзеш чуць з вуснаў Маіх слова і настаўляць іх на розум ад Мяне.
Калі Я скажу бязбожніку: “Бязбожнік, ты, сьмерцю памрэш”, — а ты ня будзеш гаварыць, каб папярэдзіць бязбожніка пра шлях ягоны, бязбожнік гэты памрэ за беззаконьне сваё, але кроў ягоную Я буду шукаць на руках тваіх.
Калі Я скажу беззаконьніку: «пахібнік! ты сьмерцю памрэш», а ты ня будзеш нічога казаць, каб асьцерагчы пахібніка ад шляху ягонага, дык пахібнік той памрэ за грэх свой, але кроў ягоную спаганю з рукі тваёй.
А калі ты папярэджваў бязбожніка пра шлях ягоны, каб ён зыйшоў з яго, але ён не зыйшоў са шляху свайго, ён памрэ за беззаконьне сваё, але ты захаваў душу тваю.
Калі ж ты асьцерагаў пахібніка ад шляху ягонага, каб ён адвярнуўся ад яго, але ён ад шляху свайго не адвярнуўся, дык ён памірае за грэх свой, а ты выратаваў душу тваю.
І ты, сыне чалавечы, кажы дому Ізраіля: “Вы, кажучы, кажаце: "Правіны нашыя і грахі нашыя [ляжаць] на нас, і мы гінем дзеля іх. Дык як можам жыць?"”
І ты, сыне чалавечы, скажы дому Ізраілеваму: вы кажаце так: «злачынствы нашыя і грахі нашыя на нас, і мы растаем у іх: як жа мы можам жыць?»
Скажы ім: “Як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, не хачу сьмерці бязбожніка, але каб адвярнуўся бязбожнік ад шляху свайго [ліхога] і жыў. Навярніцеся, адвярніцеся ад шляхоў сваіх ліхіх. Навошта маеце паміраць, дом Ізраіля?”
Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь Бог: не хачу сьмерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў. Адвярнецеся, адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых; і навошта паміраць вам, доме Ізраілеў?
І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: “Праведнасьць праведніка не ўратуе яго ў дзень правіны ягонай, і бязбожнік не спатыкнецца аб бязбожнасьць ў дзень, калі ён адвернецца ад бязбожнасьці сваёй, і праведнік ня зможа жыць у [праведнасьці сваёй] у дзень грэху свайго”.
І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: праведнасьць праведніка не ўратуе ў дзень злачынства ягонага, і пахібнік за пахібнасьць сваю не загіне ў дзень, калі адвернецца ад пахібнасьці сваёй, гэтак сама як і праведнік у дзень зграшэньня свайго ня можа застацца жывы за сваю праведнасьць.
Калі Я скажу праведніку: “Жывучы, будзеш жыць!”, і ён паспадзяецца на праведнасьць сваю, і ўчыніць злачынства, уся праведнасьць праведнасьці ягонай ня будзе ўзгадана, і за злачынства сваё, якое ён учыніў, ён памрэ.
Калі Я скажу праведніку, што ён будзе жывы, а ён паспадзяецца на сваю праведнасьць і ўчыніць няпраўду, дык усе праведныя ўчынкі яго не ўзгадаюцца, — і ён памрэ ад няпраўды сваёй, якую ўчыніў.
А калі я скажу бязбожніку: “Сьмерцю памрэш!”, і ён адвернецца ад грэху свайго, і будзе чыніць суд і праведнасьць,
А калі скажу пахібніку: «ты сьмерцю памрэш», і ён адвернецца ад грахоў сваіх і будзе чыніць справядлівасьць і праўду,
аддасьць заклад несправядлівы, зьверне тое, што зрабаваў, будзе хадзіць паводле пастановаў жыцьця, каб не рабіць злачынства, ён, жывучы, будзе жыць і не памрэ.
калі гэты пахібнік верне заклад, за адабранае заплаціць, будзе хадзіць паводле законаў жыцьця, ня робячы нічога благога, — дык ён будзе жывы, не памрэ.
Усе грахі ягоныя, якімі ён саграшыў, ня будуць узгаданыя яму. Ён чыніў суд і праведнасьць, дык жывучы, будзе жыць.
Ніводзін грэх ягоны, якія ён зрабіў, не ўзгадаецца яму; ён пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе жывы.
Кажуць сыны народу твайго: “Несправядлівы шлях Госпада”, але іх уласны шлях несправядлівы.
А сыны народу твайго кажуць: «няправільны шлях Госпада», тым часам як іхні шлях няправільны.
Калі праведнік адвернецца ад праведнасьці сваёй і будзе чыніць злачынства, ён памрэ ў ім.
Калі праведнік адступіўся ад праведнасьці сваёй і пачаў чыніць пахібна, дык ён памрэ за тое.
І калі бязбожнік адвернецца ад бязбожнасьці сваёй і будзе чыніць суд і праведнасьць, дзякуючы ім ён будзе жыць.
І калі пахібнік адвярнуўся ад пахібнасьці сваёй і пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе за тое жывы.
А вы кажаце: “Несправядлівы шлях Госпада”. Кожнага з вас, дом Ізраіля, Я буду судзіць паводле шляхоў ягоных».
А вы кажаце: «няправільны шлях Госпада!» Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных.
І сталася ў дванаццатым годзе, у дзясятым [месяцы], у пяты [дзень] месяца пасьля выгнаньня нашага, і прыйшоў да мяне ўцякач з Ерусаліму, кажучы: «Захоплены горад!»
У дванаццатым годзе нашага перасяленьня, у дзясятым месяцы, у пяты дзень месяца, прыйшоў да мяне адзін з тых, што выратаваліся, зь Ерусаліма і сказаў: «разбураны горад!»
І была на мне рука ГОСПАДА ўвечары перад прыйсьцем уцекача, і Ён адчыніў вусны мае, калі той прыйшоў да мяне раніцаю. І адчыніліся вусны мае, і ня быў я ўжо нямы.
Але яшчэ да прыходу гэтага ўратаванага ўвечары была на мне рука Госпада, і Ён разамкнуў мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай. І разамкнуліся вусны мае, і я ўжо ня быў бязмоўны.
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І было мне слова Гасподняе:
«Сыне чалавечы, жыхары руінаў гэтых у зямлі Ізраіля кажуць, кажучы: “Абрагам быў адзін, і ўспадкаеміў зямлю гэтую, а нас шмат, нам дадзена зямля гэтая ў спадчыну”.
сыне чалавечы! тыя, што жывуць на апусьцелых мясьцінах у зямлі Ізраілевай, кажуць: Абрагам быў адзін — і атрымаў на валоданьне зямлю гэтую, а нас многа; дык вось, нам дадзена зямля гэтая на валоданьне.
Дзеля гэтага скажы ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вы ясьцё з крывёй, і ўзьнімаеце вочы вашыя на ідалаў вашых, і разьліваеце кроў, і вы хочаце ўспадкаеміць зямлю?
Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы ясьце з крывёю і падымаеце вочы вашыя да ідалаў вашых і праліваеце кроў, — і хочаце валодаць зямлёю?
Вы абапіраецеся на меч ваш, учыняеце брыдоты, кожны з вас паганіць жонку бліжняга свайго, і вы хочаце ўспадкаеміць зямлю?”
Вы абапіраецеся на меч ваш, робіце гідоты, апаганьваеце жонку адзін у аднаго, і хочаце валодаць зямлёю?
Гэта скажаш ім: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Як жывы Я, тыя, што ў руінах, упадуць ад мяча, а тых, што на абліччы поля, Я аддам зьвярам, каб пажэрлі іх, а тыя, што ў цьвярдынях і ў пячорах, памруць ад заразы.
Вось, што скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! тыя, якія — на мясьцінах спустошаных, загінуць ад меча, а хто — у полі, таго аддам, каб зьелі зьвяры; а якія — ва ўмацаваньнях і ў пячорах, тыя памруць ад згубнай пошасьці.
І Я аддам зямлю гэтую на спусташэньне і разрабаваньне, і скончыцца пыхлівасьць магутнасьці ейнай, і горы Ізраіля будуць спустошаныя; і ніхто ня будзе хадзіць [там].
І зраблю зямлю пустыняю з пустынь, і ганарлівая магутнасьць яе спыніцца, і горы Ізраілевыя апусьцеюць, так што ня будзе праходжых.
І даведаюцца, што Я — ГОСПАД, калі Я аддам зямлю гэтую на спусташэньне і разрабаваньне за ўсе брыдоты іхнія, якія яны ўчынілі”.
І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі зраблю зямлю пустыняю з пустынь за ўсе гідоты іхнія, якія яны рабілі.
Сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць пра цябе пры мурах і брамах дамоў сваіх і гавораць адзін да другога, кожны да брата свайго, кажучы: “Хадзіце, калі ласка, і паслухайце, якое слова, што выходзіць ад ГОСПАДА”.
А пра цябе, сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць каля сьцен і ў дзьвярах дамоў і кажуць адзін аднаму, брат брату: ідзеце і паслухайце, якое слова выйшла ад Госпада.
І прыходзяць да цябе, як на сход народу, і сядзіць перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць яны словы твае; але іх не выконваюць, бо тое, што прыемнае ў вуснах іхніх, яны робяць, а сэрца іхняе ідзе за хцівасьцю іхняй.
І яны прыходзяць да цябе, як на народную сходню, і сядае перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх; бо яны ў вуснах сваіх робяць з гэтага забаўку, сэрца іхняе цягнецца за карысьлівасьцю іхняю.
І вось, ты для іх, як [той, які] сьпявае пра каханьне, [мае] прыгожы голас і добра грае, і яны слухаюць словы твае, але не выконваюць іх.
І вось, ты для іх — як забаўны сьпявак з прыемным голасам і добра граеш; яны слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх.
Але калі прыйдзе гэта, і вось, яно прыходзіць, і яны даведаюцца, што прарок быў сярод іх».
Але калі збудзецца — вось, ужо і збываецца, — тады ўведаюць, што сярод іх быў прарок.