Лукаша 16 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
Сказаў жа і да вучняў Сваіх: «Адзін чалавек быў багаты і меў аканома, і данясьлі яму на яго, што ён марнуе маёмасьць ягоную.
Сказаў жа і вучням Сваім: адзін чалавек быў багаты і меў упраўніка, на якога данесьлі яму, што распускае маёмасьць ягоную;
І, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Дай справаздачу з гаспадараваньня твайго, бо ты ня можаш больш гаспадараваць”.
і паклікаўшы яго, сказаў яму: што гэта я чую пра цябе?
Сказаў сам у сабе аканом: “Што мне рабіць, бо пан мой забірае ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, жабраваць саромеюся.
Тады ўпраўнік сказаў сам сабе: што мне рабіць? гаспадар мой адбірае ў мяне ўправу над домам: капаць не магу, прасіць саромеюся;
Ведаю, што зраблю, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адстаўлены буду ад гаспадараваньня”.
ведаю, што зрабіць, каб прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад управы над домам.
І, паклікаўшы даўжнікоў пана свайго кожнага паасобку, сказаў першаму: “Колькі ты вінен пану майму?”
І паклікаўшы даўжнікоў гаспадара свайго, кожнага паасобку, сказаў першаму: колькі ты вінен гаспадару майму?
Той сказаў: “Сто мер алею”. І сказаў яму: “Вазьмі напісанае табою і, сеўшы, хутчэй напішы пяцьдзясят”.
Той сказаў: сто мераў алею. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і сядай, хутчэй напішы: пяцьдзясят.
Пасьля другому сказаў: “А ты колькі вінен?” Той сказаў: “Сто мер пшаніцы”. І гаворыць яму: “Вазьмі напісанае табою і напішы: восемдзясят”.
Потым другому сказаў: а ты колькі вінен? той сказаў: сто мераў пшаніцы. І сказаў яму: вазьмі тваю расьпіску і напішы: восемдзесят.
І пахваліў пан аканома няправеднага, што мудра ўчыніў; бо сыны веку гэтага мудрэйшыя за сыноў сьвятла ў пакаленьні сваім.
І пахваліў гаспадар упраўніка нявернага, што абачліва зрабіў; бо сыны веку гэтага здагадлівейшыя за сыноў сьвету ў сваім родзе.
І Я кажу вам: здабывайце сабе сяброў мамонай няправеднай, каб яны, як зьбяднееце, прынялі вас у вечныя намёты.
І Я кажу вам: набывайце сабе сяброў багацьцем няправедным, каб яны, калі зубожыцеся, прынялі вас у вечныя сялібы.
Верны ў малым, і ў многім верны, і няправедны ў малым, і ў многім няправедны.
Верны ў малым і ў вялікім верны, а няверны ў малым няверны і ў вялікім.
Дык вось, калі вы ў няправеднай мамоне не былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
Дык вось, калі вы ў няправедным багацьці ня былі верныя, хто даверыць вам сапраўднае?
І калі вы ў чужым не былі верныя, хто дасьць вам вашае?
І калі ў чужым ня былі верныя, хто дасьць вам вашае?
Ніякі слуга ня можа служыць двум панам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Ня можаце Богу служыць і мамоне».
Ніякі слуга ня можа служыць двум гаспадарам, бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаму пачне рупліва дагаджаць, а пра другога ня дбаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне.
Чулі ўсё гэтае і фарысэі, якія былі срэбралюбцамі, і насьміхаліся з Яго.
Чулі ўсё гэта і фарысэі, якія былі срэбралюбцы, і яны сьмяяліся зь Яго.
І Ён сказаў ім: «Вы апраўдваеце сябе перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя, бо што вельмі высока ў людзей, тое агіда перад Богам.
Ён сказаў ім: вы аказваеце сябе праведнікамі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя: бо, што высока ў людзей, тое брыдота перад Богам.
Закон і Прарокі да Яна; адгэтуль жа Валадарства Божае дабравесьціцца, і кожны сілаю здабывае яго.
Закон і прарокі да Яна; з гэтага часу Царства Божае зьвястуецца, і кожны з намогаю ўваходзіць у яго.
Але хутчэй неба і зямля прамінуць, чым адна рыска з Закону загіне.
Але хутчэй неба і зямля мінуцца, чым адна рыска з закону прападзе.
Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю і жэніцца з другой, чужаложыць, і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чужаложыць.
Кожны, хто разводзіцца з жонкай сваёю і жэніцца зь іншаю, чыніць пералюб; і кожны, хто жэніцца з разьведзенай з мужам, чыніць пералюб.
Адзін чалавек быў багаты, і апранаўся ў пурпур і вісон, і кожны дзень гучна весяліўся.
Нейкі чалавек быў багаты, апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень банкетаваў раскошна.
А нейкі ўбогі, на імя Лазар, ляжаў ля брамы ягонай увесь у скулах,
Быў таксама нейкі жабрак, на імя Лазар, які ляжаў каля варотаў ягоных ў струпах
і жадаў насыціцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі, прыходзячы, лізалі скулы ягоныя.
і хацеў накарміцца крошкамі, што падалі са стала багацея, і сабакі праходзілі і лізалі струпы ягоныя.
І сталася, убогі памёр і аднесены быў анёламі на ўлоньне Абрагама; памёр і багацей, і быў пахаваны.
Памёр жабрак і ўзьнесены быў анёламі на ўлоньне Абрагамавае; памёр і багаты, і пахавалі яго;
І ў пекле, пакутуючы, ён, падняўшы вочы свае, убачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
і ў пекле, ужо ў пакутах, ён узьвёў вочы свае, убачыў удалечыні Абрагама і Лазара на ўлоньні ягоным,
і, загаласіўшы, сказаў: “Ойча Абрагаме! Зьлітуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмачыў канец пальца свайго ў вадзе і асьвяжыў язык мой, бо я мучуся ў полымі гэтым”.
і загаласіўшы, сказаў: Войча Абрагаме! умілажалься сэрцам зь мяне і пашлі Лазара, каб умачыў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў язык мой, бо я пакутую ў полымі гэтым.
Але Абрагам сказаў: “Сыне! Узгадай, што ў жыцьці тваім меў ты добрае, а Лазар — ліхоту; цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты мучышся.
Але Абрагам сказаў: дзіця! згадай, што ты атрымаў ужо добраснае тваё ў жыцьці тваім, а Лазар ліхое; і цяпер ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш;
І да таго паміж намі і вамі вялікая прорва разьмешчана, так што тыя, хто хочуць перайсьці адгэтуль да вас, ня могуць, і адтуль да нас не пераходзяць”.
і звыш таго паміж намі і вамі пакладзена вялізная прорва, так што тыя, хто хоча перайсьці адсюль да вас, ня могуць, гэтак сама і адтуль да нас не пераходзяць.
Сказаў жа ён: “Тады прашу цябе, ойча, каб ты паслаў яго ў дом бацькі майго,
Тады сказаў ён: дык прашу цябе, войча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
бо ў мяне пяць братоў; няхай ён засьведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакутаў”.
бо ў мяне пяць братоў: хай ён засьведчыць ім, каб і яны ня прыйшлі ў гэтае месца пакуты.
Кажа яму Абрагам: “Маюць Майсея і прарокаў, няхай іх слухаюць”.
Абрагам сказаў яму: у іх ёсьць Майсей і прарокі; хай слухаюцца іх.
Ён жа сказаў: “Не, ойча Абрагаме! Але калі хто з памёршых прыйдзе да іх, навернуцца”.
А ён сказаў: не, войча Абрагаме! але калі хто зь мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца.
Сказаў жа яму [Абрагам]: “Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, нават калі хто і з памёршых уваскрэсьне, не павераць”».
Тады Абрагам сказаў яму: калі Майсея і прарокаў ня слухаюцца, дык, калі б хто і зь мёртвых уваскрэс, не павераць.