Быццё 11 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І была на ўсёй зямлі адна мова і адны словы.
І была ўся тая зямля аднае мовы і адных словаў.
І сталася, калі яны вандравалі з усходу, знайшлі раўніну ў зямлі Шынаар і там пасяліліся.
І было, як яны падарожжавалі з усходу, яны знайшлі раўніну ў зямлі Шэнар і асяліліся там.
І сказалі яны адзін аднаму: «Давайце наробім цэглы і абпалім яе агнём». І была ў іх цэгла замест камянёў, а смала была ў іх замест вапны.
І сказалі адзін аднаму: «Дайце наробім цэглы і чыста выпалім». І мелі цэглу замест каменьня, а земляную смалу замест вапны.
І сказалі яны: «Давайце зробім сабе горад і вежу, у якой верх будзе да неба, і гэтым зробім сабе імя, каб не расьцярушыліся мы па абліччы ўсёй зямлі».
І сказалі яны: «Дайце выбудуйма сабе места а вежу, а верх ягоны ў нябёсах; і ўчыніма сабе імя, каб не расьцярушыцца па віду ўсяе зямлі».
І зыйшоў ГОСПАД, каб убачыць горад і вежу, якую будавалі сыны чалавечыя.
І зышоў СПАДАР паглядзець гэнага места а вежы, што будавалі сынове людзкія.
І сказаў ГОСПАД: «Вось, адзін народ і адна для ўсіх мова. І вось, што пачалі яны рабіць. І цяпер не спыніць іх у-ва ўсім, што яны задумалі зрабіць.
І сказаў СПАДАР: «Вось, адзін люд і адна ў вусіх мова; і вось што пачалі яны рабіць, і ня ўзьдзержацца яны ад усёга, што маняцца рабіць.
Давайце зыйдзем і памяшаем там мову іхнюю, каб не маглі разумець мовы адзін аднаго».
Дайце зыйдзіма й памяшайма там мову іхную так, каб адзін не разумеў мовы другога».
І расьцярушыў іх ГОСПАД з таго месца па абліччы ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад.
І расьцярушыў іх СПАДАР адтуль па відзе ўсяе зямлі, і яны перасталі будаваць тое места.
Дзеля таго названа імя яго Бабілон, бо там зьмяшаў ГОСПАД мову ўсёй зямлі, і адтуль расьцярушыў іх ГОСПАД па абліччы ўсёй зямлі.
За тым названа імя ягонае Бабілён, бо там памяшаў СПАДАР мову ўсяе зямлі, і стуль расьцярушыў іх СПАДАР па ўсім відзе зямлі.
Вось радавод Сэма. Сэм меў сто гадоў і нарадзіў Арпахшада праз два гады пасьля патопу.
Вось роды Сэмавы: Сэму было сто год, і нарадзіў Арпаксада за два гады па патопе.
І жыў Сэм па нараджэньні Арпахшада пяцьсот гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Сэм, па нараджэньню Арпаксада, пяцьсот год, і радзіў сыноў і дачкі.
І Арпахшад жыў трыццаць пяць гадоў, і нарадзіў Шэляха.
І Арпаксад жыў трыццаць пяць год, і нарадзіў Шалага.
І жыў Арпахшад па нараджэньні Шэляха чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Арпаксад, па нараджэньню Шалага, чатырыста тры гады, і радзіў сыноў і дачкі.
І Шэлях жыў трыццаць гадоў, і нарадзіў Эвэра.
І Шалаг жыў трыццаць год, і нарадзіў Эвера.
І жыў Шэлях па нараджэньні Эвэра чатырыста тры гады, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Шалаг, па нараджэньню Эвера, чатырыста тры гады, і радзіў сыноў і дачкі.
І жыў Эвэр трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Пэлега.
І жыў Эвер трыццаць чатыры гады, і нарадзіў Фалека.
І жыў Эвэр па нараджэньні Пэлега чатырыста трыццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Эвер, па нараджэньню Фалека, чатырыста трыццаць год і радзіў сыноў і дачкі.
І жыў Пэлег трыццаць гадоў, і нарадзіў Рэву.
І жыў Фалек трыццаць год, і нарадзіў Рэу.
І жыў Пэлег па нараджэньні Рэву дзьвесьце дзевяць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Фалек, па нараджэньню Рэу, дзьвесьце дзевяць год, і радзіў сыноў і дачкі.
І жыў Рэву трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруга.
І жыў Рэу трыццаць два гады, і нарадзіў Сэруґа.
І жыў Рэву па нараджэньні Сэруга дзьвесьце сем гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Рэу, па нараджэньню Сэруґа, дзьвесьце сем год, і радзіў сыноў і дачкі.
І жыў Сэруг трыццаць гадоў, і нарадзіў Нахора.
І жыў Сэруґ трыццаць год, і нарадзіў Нагора.
І жыў Сэруг па нараджэньні Нахора дзьвесьце гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Сэруґ, па нараджэньню Нагора, дзьвесьце год, і нарадзіў сыноў і дачкі.
І жыў Нахор дваццаць дзевяць гадоў, і нарадзіў Тэраха.
І жыў Нагор дваццаць дзевяць год, і нарадзіў Фару.
І жыў Нахор па нараджэньні Тэраха сто дзевятнаццаць гадоў, і нарадзіў сыноў і дачок.
І жыў Нагор, па нараджэньню Фары, сто дзевятнанцаць год, і радзіў сыноў і дачкі.
І жыў Тэрах семдзясят гадоў, і нарадзіў Абрама, Нахора і Арана.
І жыў Фара семдзясят год, і нарадзіў Абрама, Нагора а Гарана.
І вось радавод Тэраха. Тэрах нарадзіў Абрама, Нахора і Арана, а Аран нарадзіў Лота.
І гэта роды Фаравы: Фара нарадзіў Абрама, Нагора а Гарана. І Гаран нарадзіў Лота.
І памёр Аран перад абліччам Тэраха, бацькі свайго, у зямлі нараджэньня свайго, у Уры Халдэйскім.
І памер Гаран пры відзе Фары, айца свайго, у зямлі нараджэньня свайго, ув Уру Хальдэйскім.
І ўзялі Абрам і Нахор сабе жонак. Імя жонкі Абрама — Сарай, а імя жонкі Нахора — Мілька, дачка Арана, бацькі Мількі і бацькі Іскі.
І паняў Абрам а Нагор сабе жонкі: імя жонкі Абрамовае Сорай; імя жонкі Нагоравае Мілка, дачка Гаранова, айца Мілчынага а айца Ісчынага.
І была Сарай бясплодная, яна ня мела дзяцей.
А Сорай была няплодная, ня было ў яе дзецяняці.
І ўзяў Тэрах Абрама, сына свайго, і Лота, сына Арана, унука свайго, і Сарай, нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і выйшаў з імі з Уру Халдэйскага, каб ісьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі ў Харан, і пасяліліся там.
І ўзяў Фара Абрама, сына свайго, і Лота, сына Гарановага, унука свайго, і Сорай нявестку сваю, жонку Абрама, сына свайго, і вышлі яны зь імі з Ура Хальдэйскага, каб ісьці да зямлі Канаанскае; і дайшлі да Гарану, і аселі там.
І было дзён Тэраха дзьвесьце пяць гадоў жыцьця, і памёр Тэрах у Харане.
І было дзён жыцьця Фары дзьвесьце пяць год, і памер Фара ў Гаране.