Быццё 12 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сказаў ГОСПАД Абраму: «Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх, і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе.
І сказаў СПАДАР Абраму: «Ідзі сабе ізь зямлі свае, ад радні свае і з дому айца свайго да зямлі, каторую я пакажу табе.
І Я зраблю з цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя тваё, і будзеш ты дабраславенствам.
І Я ўчыню цябе народам вялікім, і дабраслаўлю цябе, і ўзьвялічу імя твае, і будзеш ты дабраславенства.
І Я дабраслаўлю тых, якія будуць дабраслаўляць цябе, а тых, якія будуць праклінаць цябе, Я пракляну. І будуць дабраслаўлёныя ў табе ўсе плямёны зямлі».
І дабраслаўлю дабраславячых цябе, а ўлегцымаючых цябе пракліну; і будуць дабраславёныя ў табе ўсі радзімы зямлі».
І пайшоў Абрам, як загадаў яму ГОСПАД, і з ім пайшоў Лот. Абрам меў семдзясят пяць гадоў, калі выйшаў з Харану.
І пайшоў Абрам, як казаў яму СПАДАР, і зь ім пайшоў Лот.
І ўзяў Абрам Сарай, жонку сваю, і Лота, сына брата свайго, і ўсю маёмасьць, якую прыдбалі, і слугаў, якіх набылі ў Харане, і выйшлі, каб пайсьці ў зямлю Ханаан. І прыйшлі яны ў зямлю Ханаан.
І Абраму было семдзясят пяць год, як вышаў з Гарану. І ўзяў Абрам Сорай, жонку сваю, і Лота, братаніча свайго, усю маемасьць, каторую яны прыдбалі, і ўсякую душу, каторую яны прыдбалі ў Гаране; і вышлі йсьці да зямлі Канаанскае; і прышлі да зямлі Канаанскае.
І прайшоў Абрам гэтую зямлю аж да мясцовасьці Сыхем, аж да дубровы Марэ. А ў той зямлі [жылі] тады Хананейцы.
І прайшоў Абрам па зямлі аж да месца Сыхема, аж да дубровы Морэ. І Канааняне тады ў зямлі.
І зьявіўся ГОСПАД Абраму, і сказаў: «Насеньню твайму Я дам гэтую зямлю». І ён збудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ, Які зьявіўся яму.
І зьявіўся СПАДАР Абраму, і сказаў яму: «Насеньню твайму аддам Я зямлю гэту». І збудаваў там аброчнік СПАДАРУ, КАТОРЫ зьявіўся яму.
Адтуль перайшоў ён на гару на ўсход ад Бэтэлю і паставіў намёт свой, [маючы] Бэтэль на захадзе, а Гай на ўсходзе. І там збудаваў ахвярнік ГОСПАДУ, і заклікаў імя ГОСПАДА.
І падаўся ён стуль да гары, наўсход ад Бэт-Элю; і расьпяў будан свой так, што ад яго Бэт-Эль быў на захад, а Гай на ўсход; і збудаваў там аброчнік СПАДАРУ, і пагукаў у імя СПАДАРОВА.
І вандраваў Абрам далей, і павандраваў у Нэгеў.
І падаўся Абрам далей і йшоў, кіруючыся на паўдня.
І стаўся голад у той зямлі. І зыйшоў Абрам у Эгіпет, каб пажыць там, бо вялікі голад быў у той зямлі.
І была галадоў у зямлі. І зышоў Абрам да Ягіпту, пажыць там, бо вялікая галадоў у зямлі.
І сталася, калі набліжаліся яны да Эгіпту, сказаў ён жонцы сваёй Сарай: «Вось, я ведаю, што ты жанчына прыгожая,
І было, як ён бліжыўся, каб прысьці да Ягіпту, і сказаў Сорай, жонцы сваёй: «Вось жа, я ведаю, што ты жонка пазорная.
і станецца, калі ўбачаць цябе Эгіпцяне і скажуць: “Гэта жонка яго”, яны заб’юць мяне, а цябе пакінуць.
І станецца, як Ягіпцяне пабачаць цябе, і скажуць: "Гэта жонка ягоная", і заб’юць мяне, а табе дадуць жыць.
Дык кажы, што ты — сястра мая, каб мне было добра дзеля цябе і каб я застаўся жывы дзякуючы табе».
Скажы, калі ласка, што ты імне сястра, каб імне добра было дзеля цябе, і каб жыва была душа мая перазь цябе».
І сталася, калі Абрам прыйшоў у Эгіпет, убачылі Эгіпцяне, што [Сарай] вельмі прыгожая жанчына.
І сталася, як увыйшоў Абрам у Ягіпет, і пабачылі Ягіпцяне жонку, што яна вельмі пазорная;
І ўбачылі яе князі фараона, і хвалілі яе перад фараонам. І была ўзятая жанчына ў дом фараона.
Абачылі яе й княжаты Фараонавы, і пахвалілі яе Фараону, і ўзята была тая жонка да дому Фараонавага.
А Абраму было добра дзеля яе. І сталася, што атрымаў ён авечак і валоў, і аслоў, і слугаў, і нявольніцаў, і асьліцаў, і вярблюдаў.
І Абраму было добра дзеля яе; і быў у яго драбны й буйны статак, і аслы, і слугі, і нявольніцы, і асьліцы і вярблюды.
І наведаў ГОСПАД фараона і дом ягоны вялікімі карамі з прычыны Сарай, жонкі Абрама.
І выцяў СПАДАР Фараона вялікімі вытнямі, і дом ягоны, за Сорай, жонку Абрамову.
І паклікаў фараон Абрама, і сказаў [яму]: «Што ты мне зрабіў? Чаму не сказаў мне, што яна — жонка твая?
І гукнуў Фараон Абрама, і сказаў: «Што гэта ты імне зрабіў? чаму не сказаў імне, што яна жонка твая.
Чаму ты казаў: “Яна — сястра мая”, і я ўзяў яе сабе за жонку? Вось табе жонка твая, бяры і ідзі!»
Чаму ты сказаў: "Сястра мая яна?" І я ўзяў яе сабе за жонку. І цяпер во жонка твая: вазьмі яе й пайдзі».
І загадаў фараон людзям сваім, і яны выслалі [Абрама], і жонку ягоную, і ўсё, што ён меў.
І загадаў празь яго Фараон людзём, і выслалі яго, і жонку ягоную, і ўсе, што ў яго было.