Быццё 13 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І падняўся Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, і Лот з ім, у Нэгеў.
 
І падняўся Абрам ізь Ягіпту, ён а жонка ягоная, і ўсе, што ў яго, і Лот ізь ім, на паўдня.

І быў Абрам вельмі багаты статкамі, срэбрам і золатам.
 
І быў Абрам вельмі багаты статкам а срэбрам а золатам.

І ён ішоў у падарожжы сваім з Нэгеву ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў намёт ягоны між Бэтэлем і Гаем,
 
І пайшоў у свае падарожжы ад паўдня і аж да Бэт-Элю, да гэнага месца, ідзе быў будан ягоны спачатку меж Бэт-Элю й Гаю,

да таго месца, дзе раней ён збудаваў ахвярнік; і там клікаў Абрам імя ГОСПАДА.
 
Да месца гэнага аброчніка, каторы ён зрабіў там уперад; і гукаў там Абрам у імя СПАДАРОВА.

Таксама Лот, які ішоў з Абрамам, меў авечак, валоў і намёты.
 
І ў Лота, што хадзіў із Абрамом, было драбнога й буйнога статку, і буданы.

І не магла зямля насіць іх, каб жылі разам, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць разам.
 
І не магла зямля насіць іх, каб жыць разам, бо маемасьць іхная была вялікая, і не маглі яны жыць разам.

І была спрэчка паміж пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. А ў той час Хананейцы і Пэрэзэі жылі ў той зямлі.
 
І была сварка меж пастухоў статку Абрамовага і пастухоў статку Лотовага; і Канаан і Ферэзэй жыў тады ў зямлі.

І сказаў Абрам Лоту: «Няхай ня будзе спрэчкі паміж мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы ж браты.
 
Затым сказаў Абрам Лоту: «Хай ня будзе сваркі памеж імною й табою, і памеж пастухоў маіх і пастухоў тваіх, бо мы людзі-браты.

Ці ня ўся гэтая зямля перад табою? Прашу, адлучыся ад мяне! Калі ты ўлева, дык я — управа, а калі ты ўправа, дык я — улева».
 
Ці ня ўся зямля перад табою? Адлучыся ж ад мяне: калі ты налева, дык я направа; а калі ты направа, дык я налева».

І ўзьняў Лот вочы свае, і ўбачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, бо ўся яна была [напоеная] вадой перад тым, як зьнішчыў ГОСПАД Садом і Гамору, як сад ГОСПАДА і як зямля Эгіпецкая.
 
І ўзьняў Лот вочы свае, і абачыў усю аколіцу Ёрданскую, каторая ўся наваднялася перад тым, як СПАДАР выгубіў Содому а Ґомору; яна была, як сад Божы, як зямля Ягіпецкая, ідучы на Зоар.

І выбраў сабе Лот усю ваколіцу каля Ярдану. І рушыў Лот на ўсход, і аддзяліліся яны адзін ад аднаго.
 
І абраў сабе Лот усю гэтую аколіцу Ёрданскую; і крануўся Лот ад усходу. І разлучыліся яны адзін ад аднаго:

Абрам жыў у зямлі Ханаан, а Лот жыў у гарадах той ваколіцы і паставіў намёты аж да Садому.
 
Абрам жыў у зямлі Канаанскай, а Лот асяліўся ў местах гэнае аколіцы, і расьпяў буданы аж да Содомы.

А жыхары Садому былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад ГОСПАДАМ.
 
А жыхары Содомы ліхія а грэшныя перад СПАДАРОМ вельмі.

І сказаў ГОСПАД Абраму пасьля таго, як Лот адлучыўся ад яго: «Узьнімі вочы твае і паглядзі з месца, дзе ты цяпер, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад.
 
І сказаў СПАДАР Абраму, просьле тога, як Лот адлучыўся ад яго: «Узьнімі ж вочы свае і глянь зь месца, ідзе ты, глянь на поўнач, і на паўдня, і на ўсход, і на захад.

Бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і насеньню твайму на вякі.
 
Бо ўсю зямлю, каторую ты бачыш, табе дам Я і насеньню твайму аж на векі.

І зраблю насеньне тваё, як пясок зямлі. Калі чалавек зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё насеньне палічана будзе.
 
І ўчыню насеньне твае, як пыл земны; што калі хто можа палічыць пыл земны, дык і насеньне твае палічана будзе.

Устань і прайдзі па зямлі гэтай у даўжыню і шырыню яе, бо Я дам яе табе».
 
Устань, прайдзі гэтую зямлю ўдаўжкі і ўшыркі, бо Я табе дам яе».

І паставіў Абрам намёт, і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хеўроне, і пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.
 
І крануўся Абрам із буданом, і прышоў, і асяліўся ля дубровы Мамрэ, каторая ля Гэўрону; і збудаваў там аброчнік СПАДАРУ.