Быццё 15 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля гэтых падзеяў было слова ГОСПАДА да Абрама ў відзежы, кажучы: «Ня бойся, Абраме! Я — шчыт твой, узнагарода твая вельмі вялікая».
Просьле гэтых стацьцяў было слова СПАДАРОВА да Абрама ў відзені, кажучы: «Ня бойся, Абраме, Я шчыт твой; надгарода твая вельмі вялікая».
І сказаў Абрам: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, што Ты дасі мне? Я хаджу бязьдзетны, і распарадчык у доме маім — Эліезэр з Дамаску».
Абрам сказаў: «Валадару СПАДАРУ, што Ты дасі імне? І я хаджу бязьдзетны; і дамавер мой, гэты Дамашчанін Елезэр».
І сказаў Абрам: «Вось, ня даў Ты мне насеньня. І вось, народжаны ў доме маім [слуга] будзе спадкаемцам маім».
І сказаў Абрам: «Во, Ты ня даў імне насеньня, і во, гадунцу дому майго спадзець спадак па імне».
І вось, слова ГОСПАДА да яго, кажучы: «Ня ён успадкаеміць цябе, але той, які выйдзе з нутра твайго, успадкаеміць цябе».
І во слова СПАДАРОВА да яго, кажучы: «Не спадзець твая маемасьць яму, але каторы выйдзе з нутра твайго, адзяржыць спадак твой».
І вывеў яго вонкі, і сказаў: «Паглядзі на неба і палічы зоркі, калі зможаш палічыць іх». І сказаў яму: «Такім будзе насеньне тваё».
І вывеў яго вонкі, і сказаў: «Глянь жа на нябёсы і палічы гвезды, калі ты можаш зьлічыць іх». І сказаў яму: «Так будзе твае насеньне».
І паверыў ён ГОСПАДУ, і Ён залічыў гэта яму за праведнасьць.
І паверыў СПАДАРУ, і ЁН залічыў яму за справядлівасьць.
І сказаў яму: «Я — ГОСПАД, Які вывеў цябе з Уру Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ў валоданьне».
І сказаў яму: «Я СПАДАР, Каторы вывеў цябе з Ура Хальдэйскага, каб даць табе зямлю гэтую на спадак».
А ён сказаў: «Госпадзе ГОСПАДЗЕ, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?»
Ён сказаў: «Валадару СПАДАРУ! па чым імне пазнаць, што яна імне спадзець?»
І [Госпад] сказаў яму: «Вазьмі Мне трохгадовую цялушку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, туркаўку і галубянятка».
І сказаў яму: «Вазьмі Імне цяліцу трыгоднюю, і казу трыгоднюю, і барана трыгодняга, турка а галубянё».
І [Абрам] узяў усё гэта, і расьцяў іх уздоўж, і паклаў кожную частку адну насупраць другой, але птушак не расьцінаў.
Ён узяў гэтыя, расьсек іх па сярэдзіне і палажыў кажную часьць супроці другое; а птушкі не расьсек.
І зьляцеліся драпежныя птушкі на гэтае мяса, і Абрам адганяў іх.
І зьляцелі дзярлівыя птушкі на трупы, але Абрам адганяў іх.
І сталася, калі сонца заходзіла, моцны сон ахапіў Абрама. І вось, жах і цемра вялікая ахапілі яго.
І было, як сонца заходзіла, і глыбокі сон напаў на Абрама; і вось жах а цямнота вялікая напала на яго.
І сказаў [Госпад] Абраму: «Ведаючы, ведай, што насеньне тваё будзе прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і будуць служыць яны, і будуць прыгнятаць іх чатырыста гадоў.
І сказаў Абраму: «Ведай напэўна, што прыходным будзе насеньне твае ў зямлі не сваёй, і зробяць слугамі іх, і будуць уціскаць іх чатырыста год.
Але з народам, якому будуць яны служыць, Я буду змагацца, і пасьля таго выйдуць яны з вялікай маёмасьцю.
І таксама тый народ, катораму яны будуць служыць, Я судзіць буду; і просьле гэтага яны выйдуць ізь вялікай маемасьцяй.
А ты пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, і будзеш пахаваны ў добрай старасьці.
І ты прыдзеш да айцоў сваіх у супакою, будзеш пахаваны ў старасьці добрай.
І ў чацьвёртым пакаленьні яны вернуцца сюды, бо яшчэ не дапоўнілася мера беззаконьняў Амарэяў».
І чацьвертае пакаленьне зьвернецца сюды, бо ня супоўнае бяспраўе Аморэя дагэтуль».
І сталася, калі зайшло сонца і была цемра, вось, дым, нібы з печы, і полымя агню прайшлі між расьцятымі жывёламі.
І было, як сонца зайшло, і цемрадзь была, і во, печны дым і поламя агню прайшлі памеж расьсечаных гэтых.
У той дзень заключыў ГОСПАД з Абрамам запавет, кажучы: «Я даю гэтую зямлю насеньню твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі, ракі Эўфрат:
Таго ж дня ўчыніў СПАДАР змову з Абрамом, кажучы: «Насеньню твайму Я даў зямлю гэтую, ад ракі Ягіпецкае аж да вялікае ракі, ракі Еўфрату:
Кенэяў, Кенэзэяў, Кадманеяў,
Кіняніна а Кенезэя а Кадмонея
Хетаў, Пэрэзэяў, Рэфаімаў,
А Гэціча а Ферэзэя а Рэфаіма
Амарэяў, Хананейцаў, Гіргашэяў і Евусэяў».
А Аморэя а Канааняніна а Ґерґесэя а Евусэя.