Быццё 46 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І вырушыў Ізраіль у дарогу, і ўсё, што ў яго, і прыйшоў у Бээр-Шэву, і ахвяраваў ахвяры Богу бацькі свайго Ісаака.
І крануўся Ізраель у дарогу, і ўсе што ў яго было, і прыбыў да Бэер Шэвы, і аброк аброкі Богу айца свайго Ісака.
І сказаў Бог Ізраілю ў відзежы начным, і сказаў: «Якубе! Якубе!» А ён сказаў: «Вось я».
І сказаў Бог Ізраелю ў відзені ночнай, і сказаў: «Якаве! Якаве!» Ён сказаў: «Во я».
І сказаў: «Я — Бог, Бог бацькі твайго! Ня бойся зыйсьці ў Эгіпет, бо Я зраблю цябе там народам вялікім.
І сказаў: «Я Бог айца твайго, ня бойся зыйсьці да Ягіпту, бо ў народ вялікі ўчыню цябе там;
Я зыйду з табою ў Эгіпет, і Я, выводзячы, таксама выведу цябе [адтуль]. І Язэп паложыць руку сваю на вочы твае».
Я зыйду з табою да Ягіпту, Я й узьвяду, таксама ўзьвяду цябе назад. І Язэп паложа руку сваю на вочы твае».
І падняўся Якуб з Бээр-Шэвы; і павезьлі сыны Ізраіля Якуба, бацьку свайго, і дзяцей сваіх, і жонак сваіх на вазах, якія паслаў фараон, каб прывезьці яго.
І падняўся Якаў з Бэер Шэвы; і ўзялі сынове Ізраелявы Якава, айца свайго, і дзецяняты свае, і жонкі свае ў калёсах, каторыя паслаў Фараон узяць яго.
І ўзялі яны статак свой і маёмасьць сваю, якую прыдбалі ў зямлі Ханаан, і прыйшлі ў Эгіпет Якуб і ўсё насеньне ягонае з ім.
І ўзнялі яны статак свой і прыдбаньне свае, каторае прыдбалі ў зямлі Канаанскай, і прышлі да Ягіпту, — Якаў і ўсе насеньне ягонае зь ім.
Сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх з сабою, і дочак сваіх і дочак сыноў сваіх, і ўсё насеньне сваё прывёў ён з сабою ў Эгіпет.
Сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх із сабою, і дачкі свае і дачкі сыноў сваіх, і ўсе насеньне свае прывёў ён із сабою да Ягіпту.
І вось імёны сыноў Ізраіля, што прыйшлі ў Эгіпет: Якуб і сыны ягоныя. Першародны Якуба Рубэн.
І во ймёны сыноў Ізраелявых, што прышлі да Ягіпту: Якаў а сынове ягоныя. Першародны Якаваў Рувін.
І сыны Рубэна: Ханох і Пальлю, і Хецрон, і Кармі.
І сыны Рувіновы: Ганох, Фалу, Гэцрон, Хармі.
І сыны Сымона: Емуэль і Ямін, і Агад, і Якін, і Цахар, і Шаўль, сын Хананейкі.
І сынове Сымонавы: Емуель а Ямін а Огад а Яхін а Цогар а Саўла, сын Канаанянкі.
І сыны Левія: Гершон, Кегат і Мэрары.
І сыны Левавы: Ґершон, Кагаф а Мерары.
А сыны Юды: Ер, і Анан, і Шэля, і Пэрэс, і Зарах. І памерлі Ер і Анан у зямлі Ханаан. І былі сыны Пэрэса: Хецрон і Хамуль.
Сынове Юдавы: Ір а Онан а Шэла а Фарэс а Зара; і памерлі Ір а Онан у зямлі Канаанскай. І былі сыны Фарэсавы: Гэцрон а Гамул.
І сыны Ісахара: Тола і Пува, і Ёў, і Шымрон.
І сыны Іссасхаровы: Фола а Фува, Ёў а Шымрон.
І сыны Завулёна: Сэрэд, і Элён, і Яхлеэль.
І сыны Завулонавы: Сэрэд а Елон а Яглеель.
Гэта сыны Леі, якіх яна нарадзіла Якубу ў Падан-Араме, і [яшчэ] Дзіну, дачку ягоную. Усіх душаў сыноў ягоных і дочак ягоных — трыццаць тры.
Гэта сынове Лііны, каторых яна нарадзіла Якаву ў Падан-Араме, і Дыну, дачку ягоную. Усіх душаў сыноў ягоных і дачок ягоных — трыццаць тры.
І сыны Гада: Цыф’ён і Хагі, Шуні і Эцбон, Еры і Ароды, і Ар’элі.
І сынове Ґадавы: Цыфён а Гаґґі, Шуні а Эцбон, Еры а Ароды а Арэлі.
А сыны Асэра: Імна, і Ішва, і Ішві і Бэрыя, і Сэрах, сястра іхняя. А сыны Бэрыі: Хевер і Малхіэль.
І сынове Ашэравы: Імна а Ішва а Ішві а Брыя, і Сэрах, сястра іхная. І сыны Брыявы: Гэвер а Малхіель.
Гэта сыны Зільпы, якую даў Ляван Леі, дачцэ сваёй. Яна нарадзіла іх Якубу шаснаццаць душаў.
Гэта сынове Зэльфіны, каторую даў Лаван Ліі, дачцэ сваёй, яна нарадзіла іх Якаву шаснанцаць душаў.
Сыны Рахелі, жонкі Якуба: Язэп і Бэн’ямін.
Сыны Рахіліны, жонкі Якававае: Язэп а Венямін.
І нарадзіліся ў Язэпа ў зямлі Эгіпецкай Манаса і Эфраім, якіх нарадзіла яму Аснат, дачка Паты-Пэра, сьвятара з Ону.
І радзіліся ў Язэпа ў зямлі Ягіпецкай Манас а Яхрэм, каторых нарадзіла яму Асэнеф, дачка Потыфера, сьвятара Она.
А сыны Бэн’яміна: Бэла і Бэкер, і Ашбэль, Гера і Нааман, Эхі і Рош, Мупім і Хупім, і Ард.
Сынове Веняміновы: Бела а Бехер а Ашбел, Ґера а Нааман, Эгі а Рош, Мупім а Гупім а Ард.
Гэта сыны Рахелі, якіх яна нарадзіла Якубу, усіх душаў — чатырнаццаць.
Гэта сынове Рахіліны, каторыя нарадзіліся ў Якава, усіх душаў чатырнанцаць.
А сыны Дана: Хушым.
І сыны Данавы: Гушым.
Сыны Нэфталі: Яхцээль і Гуні, і Ецэр, і Шылем.
Сыны Неффалімовы: Ягцэель а Ґуні а Ецэр а Шылем.
Гэта сыны Більгі, якую даў Ляван дачцэ сваёй Рахелі. Яна нарадзіла іх Якубу, усіх душаў — сем.
Гэта сынове Валіны, каторую даў Лаван дачцэ сваёй Рахілі. Яна нарадзіла гэтых Якаву, усіх душаў сем.
Усяго душаў, што прыйшлі з Якубам у Эгіпет, якія выйшлі са сьцёгнаў ягоных, акрамя жонак сыноў Якуба, усіх душаў — шэсьцьдзясят шэсьць.
Усіх душаў, што прышлі зь Якавам да Ягіпту, каторыя вышлі ізь сьцёгнаў ягоных, апрача жонак сыноў Якававых, усяго шасьцьдзясят шэсьць душаў.
А сыноў Язэпа, якія нарадзіліся яму ў Эгіпце, — дзьве душы. Усяго душаў з дому Якуба прыйшло ў Эгіпет семдзясят.
І сыноў Язэпавых, каторыя нарадзіліся яму ў Ягіпце, дзьве душы. Усіх душаў дому Якававага, што прышлі да Ягіпту, семдзясят.
І паслаў ён Юду перад сабою да Язэпа, каб той скіраваў аблічча яго на Гашэн. І прыйшлі ў зямлю Гашэн.
І Юду паслаў ён перад сабою да Язэпа, каб ён ськіраваў яго да Ґошэн. І прышлі да зямлі Ґошэн.
І запрог Язэп калясьніцу сваю, і ўзыйшоў насустрач Ізраілю, бацьку свайму, у Гашэн, і паказаўся яму, і ўпаў на шыю ягоную, і плакаў на шыі ягонай зноў.
І запрог Язэп цялежкі свае, і ўзыйшоў напярэймы Ізраелю, айцу свайму, да Ґошэн, і абачыў яго, і паў на шыю ягоную, і плакаў на шыі ягонай ізноў.
І сказаў Ізраіль Язэпу: «Магу паміраць я гэтым разам, як убачыў аблічча тваё, бо ты яшчэ жывы».
І сказаў Ізраель Язэпу: «Памру я гэтым разам, абачыўшы від твой, бо ты яшчэ жывы».
І сказаў Язэп братам сваім і дому бацькі свайго: «Я пайду і паведамлю фараону, і скажу яму: “Браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаан, прыйшлі да мяне.
І сказаў Язэп братом сваім і дому айца свайго: «Я ўзыйду, паведамлю Фараону і скажу яму: "Браты мае і дом айца майго, каторыя былі ў зямлі Канаанскай, прышлі да мяне.
Гэтыя людзі — пастухі авечак, бо яны гадавалі статак. І авечак сваіх, і валоў сваіх, і ўсё, што ў іх, яны прывялі”.
Гэта людзі пастухі авец, бо яны дзяржалі статак, і драбны й буйны статак у іх, і ўсе, што ў іх, прывялі яны".
І станецца, калі фараон пакліча вас і скажа: “Які занятак ваш?”,
І будзе: як Фараон гукнець вас і скажа: "Які занятак ваш?"
вы скажаце: “Гадавалі статак слугі твае з маленства нашага і дагэтуль, і мы, і бацькі нашыя”, каб вы пасяліліся ў зямлі Гашэн, бо брыдзяцца Эгіпцяне кожным пастухом авечак».
То вы скажыце: "Собсьнікамі статку былі слугі твае, з маленства нашага дагэтуль, і мы, і бацькі нашы", каб вы асяліліся ў зямлі Ґошэн. Бо брыда Ягіпту кажны пастух авец».