2 царстваў 2 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Пасьля гэтага пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці маю пайсьці ў адзін з гарадоў Юдэйскіх?» І ГОСПАД сказаў яму: «Ідзі». І сказаў Давід: «Куды маю ісьці?» І [Госпад] сказаў: «У Хеўрон».
 
І было просьле гэтага, што пытаў Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці ўзыйсьці да аднаго зь местаў Юдзіных?» І сказаў яму СПАДАР: «Узыйдзі». І сказаў Давід: «Куды ўзыйсьці?» І сказаў Ён: «Да Гэўрону».

І пайшоў туды Давід і дзьве жонкі ягоныя, Ахіноам з Езрээлю і Абігайль, жонкай Наваля з Кармэлю.
 
І ўзышоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Агіноама Ізрэелянка а Авіґаіла, жонка Навалова, Кармілянка.

І павёў Давід людзей сваіх, якія з ім [былі], кожнага з домам ягоным, і яны абжыліся ў гарадах Хеўрону.
 
І людзёў, што былі зь ім, узьвёў Давід, кажнага з радзімаю ягонай, і асяліліся ў местах Гэўрону.

І прыйшлі людзі Юды, і памазалі там Давіда на валадара над домам Юды. І паведамілі Давіду, кажучы: «Людзі Ябэшу Гілеадзкага пахавалі Саўла».
 
І прышлі мужы Юдзіныя, і памазалі там Давіда за караля над домам Юдзіным. І наказалі Давіду, што жыхары Явішу Ґілеадзкага тыя, каторыя пахавалі Саўлу.

І паслаў Давід пасланцоў да жыхароў Ябэшу Гілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраслаўлёныя вы ГОСПАДАМ, бо вы зьявілі міласэрнасьць гаспадару вашаму, Саўлу, і пахавалі яго.
 
І паслаў Давід паслоў да жыхараў Явішу Ґілеадзкага, і сказаў ім: «Дабраславёныя вы ў СПАДАРА за тое, што зрабілі гэта міласэрдзе спадаром сваім із Саўлам, і пахавалі яго.

Няхай цяпер ГОСПАД зьявіць вам міласэрнасьць і праўду, і я таксама зраблю вам добрае за тое, што вы так учынілі.
 
Дык цяпер хай учыне вам СПАДАР міласэрдзе а праўду; і я зьдзею вам дабро за тое, што вы зрабілі.

Няхай цяпер умацуюццарукі вашыя, і вы будзьце адважнымі, бо памёр гаспадар ваш Саўл, а мяне дом Юды памазаў на валадара над імі».
 
Цяпер хай пасіляцца рукі вашыя, і будзьце адважныя, бо спадар ваш Саўла памер, а мяне памазаў дом Юдзін за караля над сабою».

А Абнэр, сын Нэра, начальнік войска Саўла, узяў Ішбашэта, сына Саўла, і прывёў яго ў Маханаім,
 
І Аўнір Ніранок, вайводца Саўлаў, узяў Ішбошэфа Саўлянка і прывёў яго да Маганаіму,

і паставіў яго валадаром над Гілеадам, і над Ашэрам, і над Езрээлем, і над Эфраімам, і над Бэн’ямінам, і над усім Ізраілем.
 
І ўстанавіў яго за караля Ґілеадзкага а Ашурскага а Ізрэельскага, і над Яхрэмам, і над Веняміном, і над усім Ізраелям.

Ішбашэт, сын Саўла, меў сорак гадоў, калі пачаў валадарыць над Ізраілем, і валадарыў ён два гады. Толькі дом Юды прызнаваў [за валадара] Давіда.
 
Сорак год было Ішбошэфу Саўлянку, як ён стаў каралём над Ізраелям, і караляваў два гады. Адно дом Юдзін быў за Давіда.

І быў лік дзён, калі Давід валадарыў над домам Юды ў Хеўроне, сем гадоў і шэсьць месяцаў.
 
І быў лік дзён, у каторых Давід гаспадарстваваў у Гэўроне над домам Юдзіным, сем год а шэсьць месяцаў.

І выйшаў Абнэр, сын Нэра, і слугі Ішбашэта, сына Саўла, з Маханаіму ў Гібэон.
 
І вышаў Аўнір Ніранок і слугі Ішбошэфа Саўлянка з Маганаіму да Ґівеону.

І Ёаў, сын Цэруі, і слугі Давіда выйшлі, і спаткаліся з імі каля сажалкі Гібэонскай. І адны сталі на адным баку сажалкі, а другія — на другім баку сажалкі.
 
І Ёаў Цэруёнак а слугі Давідавы стрэліся разам ля Ґівеонскага ставу, і заселі гэтыя на адным баку ставу, а гэныя на другім баку ставу.

І сказаў Абнэр Ёаву: «Няхай юнакі ўстануць і няхай пагуляюць перад намі». Ёаў сказаў: «Няхай устануць».
 
І сказаў Аўнір Ёаву: «Хай устануць дзяцюкі і пагуляюць перад намі». І сказаў Ёаў: «Хай устануць».

І ўсталі, і пайшлі дванаццаць Бэн’ямінцаў з боку Ішбашэта, сына Саўла, і дванаццаць спасярод слугаў Давіда.
 
І ўсталі й перайшло лікам двананцацёх Венямінян з боку Ішбошэфа Саўлянка, і двананцацёх із слугаў Давідавых.

І схапіў кожны свайго супраціўніка за галаву, і ўсадзіў меч у бок ягоны, і паваліліся разам. І названае месца тое Хелкат-Гаццурым, што ў Гібэоне.
 
Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і палі разам. І было названа гэнае месца Гэлкаф-Гаццурым, каторае ў Ґівеоне.

І была ў той дзень вельмі цяжкая бітва, і былі пераможаныя Абнэр і людзі Ізраіля слугамі Давіда.
 
І была таго дня найзаўзятшая бітва, і былі паражаны Аўнір а людзі Ізраельскія слугамі Давідавымі.

І былі там тры сыны Цэруі: Ёаў, Абішай і Асаэль. І Асаэль быў вельмі хуткім у нагах, як сарна ў полі.
 
І былі там тры Цэруёнкі: Ёаў а Авішай а Асагэл. Асагэл жа быў легканогі, як алень у полю.

І пагнаўся Асаэль за Абнэрам, і не зварочваў ані ўправа, ані ўлева ад Абнэра.
 
І пагнаўся Асагэл за Аўніром, не адхінаючыся ані направа, ані налева ад Аўніра.

І аглянуўся Абнэр назад, і сказаў: «Ці гэта ты, Асаэль!?» Ён сказаў: «Я».
 
І азірнуўся Аўнір назад, і сказаў: «Ці ты гэта Асагэл?» Тый сказаў: «Я».

І сказаў яму Абнэр: «Павярніся ўправа ці ўлева і схапі аднаго з юнакоў, і вазьмі сабе здабычу з яго». Але Асаэль не хацеў адступіцца ад яго.
 
І сказаў яму Аўнір: «Адхініся направа альбо налева, і выбяры сабе аднаго зь дзяцкжоў, і вазьмі сабе ягоную зброю». Але Асагэл не захацеў заставацца ад яго.

І зноў аглянуўся Абнэр, кажучы Асаэлю: «Адступіся ад мяне. Навошта маю прыбіць цябе да зямлі, і тады не змагу падняць аблічча маё перад Ёавам, братам тваім».
 
І паўтарыў Аўнір яшчэ, кажучы Асагэлу: «Адвярніся ад мяне, нашто імне прыбіць цябе да зямлі? як я падыйму від свой перад Ёавам, братам тваім».

Але той не хацеў адступіцца [ад яго]. І Абнэр ударыў яго дзідаю ў жывот; і дзіда прайшла яго наскрозь, і ён упаў там, і памёр. І ўсе, хто праходзіў праз тое месца, дзе ўпаў Асаэль і памёр, спыняліся.
 
І адмовіўся адвярнуцца. І паразіў яго Аўнір канцом дзіды пад пятую скабу, і вышла дзіда адзаду яго, і ён паваліўся там жа, і памер на месцу. Усі, што праходзілі каля таго месца, ідзе паваліўся а памер Асагэл, прыстоевалі.

І перасьледавалі Ёаў і Абішай Абнэра. Сонца ўжо зайшло, і яны прыйшлі да ўзгорышча Амма, якое каля Гіі, пры дарозе ў пустыню Гібэонскую.
 
І гнаўся Ёаў а Авішай за Аўніром. Сонца зайшло, як яны прышлі да ўзгорку Ама, каторы супроці Ґіягі, на дарозе на пустыню Ґівеонскую.

І сабраліся сыны Бэн’яміна вакол Абнэра, і сталі як адна дружына, і затрымаліся на вяршыні ўзгорка.
 
І зьберліся сынове Веняміновы за Аўніром, і злажылі адну вятку, і сталі на версе аднаго ўзгорку.

І закрычаў Абнэр да Ёава, і сказаў: «Ці аж безупынна будзе нішчыць меч твой? Ці ты ня ведаеш, што вынікі будуць горкімі? І калі ты скажаш народу, каб ён вярнуўся з [пагоні] за братамі сваімі?»
 
І загукаў Аўнір да Ёава, і сказаў: «Ці вечна будзе жэрці меч? Ці ты ня ведаеш, што горка будзе ў вапошнім канцу. Пакуль жа ты ня скажаш людзём, каб яны перасталі гнацца за братамі сваімі?»

І сказаў Ёаў: «Як жывы Бог, калі б ты не казаў іначай, яшчэ б зранку спыніўся народ [перасьледаваць] братоў сваіх».
 
І сказаў Ёаў: «Жыў СПАДАР! калі б ты ня гукаў накш, дык яшчэ з раньня адышоў бы люд, каб ня гнацца кажны за братам сваім».

І Ёаў затрубіў у рог, і спыніўся ўвесь народ, і не перасьледавалі болей Ізраіля, і больш ужо не ваявалі.
 
І затрубіў Ёаў у трубу, і адзяржаўся ўвесь люд, і ня гналіся балей за Ізраелянмі, і не ваявалі болей.

А Абнэр і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч праз Арабу, і перайшлі Ярдан, і прайшоўшы ўвесь Бітрон, прыйшлі ў Маханаім.
 
Аўнір жа а людзі ягоныя йшлі раўніною ўсю тую ноч, і перайшлі Ёрдан, і прайшлі ўвесь Віфран, і прышлі да Маганаіму.

І вярнуўся Ёаў з [пагоні] за Абнэрам, і сабраў увесь народ, і сярод слугаў Давіда не хапала дзевятнаццаці чалавек і Асаэля.
 
І зьвярнуўся Ёаў ад пагоні за Аўніром, і зьбер увесь люд, і не ставала із слугаў Давідавых дзевятнанцацёх чалавекаў, апрача Асагэла.

А слугі Давіда забілі трыста шэсьцьдзясят Бэн’ямінцаў і людзей, што былі з Абнэрам.
 
Слугі ж Давідавы пабілі ў Венямінян а людзёў Аўніровых трыста шасьцьдзясят чалавекаў, і памерлі.

І ўзялі яны Асаэля, і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Бэтлееме. І Ёаў і людзі ягоныя ішлі ўсю ноч і на самым сьвітаньні [дайшлі] да Хеўрону.
 
І паднялі Асагэла, і пахавалі яго ў гробе айца ягонага, каторы ў Бэтлееме. І йшлі ўсю ноч Ёаў а людзі ягоныя, і засьвяціла ім у Гэўроне.