2 царстваў 3 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І была доўгая вайна паміж домам Саўла і домам Давіда. І Давід ставаўся мацнейшым, а дом Саўла слабеў.
 
І была даўгая вайна памеж дому Саўлавага й дому Давідавага. І Давід усе болей а болей сіліўся, а дом Саўлаў болей а болей слабеў.

І нарадзіліся ў Давіда сыны ў Хеўроне. Першародным быў Амнон ад Ахіноам з Езрээлю,
 
І радзіліся ў Давіда сыны ў Гэўроне; і быў пяршак ягоны Амнон ад Агіноамы Ізрэелянкі;

а другім быў Хілеаў ад Абігайль, жонкі Наваля з Кармэлю, а трэцім — Абсалом, сын Маахі, дачкі Тальмая, валадара Гешуру,
 
А другі ягоны Хілеаб ад Авіґаілы, жонкі Наваловае, Кармілянкі; трэйці — Аўсалом, сын Маахі, дачкі Фалмая, караля Ґешурскага;

а чацьвёртым — Адонія, сын Хагіты, а пятым — Шэфатыя, сын Абіталі,
 
Чацьверты — Адоня, сын Гаґіфы; пяты — Шэфата, сын Авіталы;

а шостым — Ітрэам ад Эглі, жонкі Давіда. Яны нарадзіліся Давіду ў Хеўроне.
 
Шосты — Іфрэам ад Еґлы, жонкі Давідавае. Яны радзіліся ў Давіда ў Гэўроне.

І калі была вайна паміж домам Саўла і домам Давіда, Абнэр ставаўся мацнейшым у доме Саўла.
 
І было, як была вайна меж дому Саўлавага й дому Давідавага, што Аўнір памагаў дому Саўлаваму.

У Саўла была наложніца на імя Рыцпа, дачка Аі. І сказаў [Ішбашэт] Абнэру: «Чаму ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?»
 
У Саўлы была мамошка, імям Рыцпа Аянка. І сказаў Ішбошэф Аўніру: «Чаму ты ўвыйшоў да мамошкі айца майго?»

І моцна ўзлаваўся Абнэр дзеля словаў Ішбашэта, і сказаў: «Ці ж я — сабачая галава з Юды? Сёньня я зьяўляю міласэрнасьць дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і цябе не аддаў у рукі Давіда, а ты сварышся на мяне сёньня з прычыны жанчыны гэтай?
 
І вельмі прыкрыя былі Аўніру словы Ішбошэфавы, і сказаў: «Ціж я сабачая галава? Я супроці Юды ўчыніў цяпер добрасьць дому Саўлаваму, айца твайго, братом ягоным а прыяцелям ягоным, і не аддаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш цяпер ізь мяне бяспраўе што да жонкі.

Няхай гэта зробіць Бог з Абнэрам, і яшчэ дадасьць, калі я не зраблю Давіду так, як ГОСПАД запрысяг яму,
 
Тое а тое хай зробе Бог Аўніру і яшчэ болей зробе яму! Бо як прысягаў СПАДАР Давіду, так і зраблю яму,

што Ён забярэ валадарства ў дома Саўла і паставіць пасад Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дану аж да Бээр-Шэвы».
 
Каб перадана было гаспадарства ад дому Саўлавага, і пастаноўлены пасад Давідаў над Ізраелям а над Юдаю, ад Дану аж да Веер-Шэвы».

І той ня мог адказаць Абнэру ані слова, бо баяўся яго.
 
І ня мог Ішбошэф адказаць Аўніру, бо баяўся яго.

І паслаў Абнэр пасланцоў ад сябе да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?», і [яшчэ] кажучы: «Заключы запавет са мной, і вось, рука мая будзе з табою, каб прывесьці да цябе ўвесь Ізраіль».
 
І паслаў Аўнір ад сябе паслоў да Давіда, кажучы: «Чыя гэта зямля?» Кажучы: «Зрабі змову з імною, і вось, рука мая з табою, каб абярнуць да цябе ўсяго Ізраеля».

І сказаў [Давід]: «Добра, я заключу з табой запавет, але толькі прашу цябе пра адну рэч, кажучы: “Ты ня ўбачыш аблічча майго, калі не прывядзеш Міхаль, дачку Саўла, калі прыйдзеш убачыць аблічча маё”».
 
І сказаў: «Добра, я зраблю змову з табою, адно прашу ў цябе аднаго, кажучы: ты не абачыш віду майго, пакуль не прывядзеш із сабою Міхалы Саўлішкі, як прыйдзеш абачыцца з імною».

І паслаў Давід пасланцоў да Ішбашэта, сына Саўла, кажучы: «Вярні мне жонку маю Міхаль, якую я набыў за сто скуравінак Філістынскіх».
 
І паслаў Давід паслоў да Ішбошэфа Саўлянка, кажучы: «Аддай жонку маю Міхалу, каторую я адзяржаў за сто пярэдніх скурак Пілісцкіх».

І паслаў Ішбашэт, і ўзяў яе ад мужа ейнага, Пальтыэля, сына Ляіша.
 
І паслаў Ішбошэф, і ўзяў яе ад мужа, ад Палтыеля Лаішонка.

І ішоў за ёй муж ейны, плачучы аж да Бахурыму, але Абнэр сказаў яму: «Вяртайся [дадому]!» І ён вярнуўся.
 
Пайшоў ізь ёю й муж ейны, ідучы й плачучы па ёй, аж да Багурыму; і сказаў яму Аўнір: «Ідзі назад». І ён зьвярнуўся.

І зьвярнуўся Абнэр да старшыняў Ізраіля, кажучы: «Яшчэ ўчора і пазаўчора хацелі вы мець валадаром сваім Давіда.
 
І было слова Аўнірова да старцоў Ізраельскіх, кажучы: «Таксама ўчора, таксама заўчора вы шукалі Давіда, каб караляваў над вамі.

І цяпер зрабіце гэта, бо ГОСПАД сказаў Давіду, кажучы: “У руцэ слугі Майго Давіда выратаваньне народу Майго, Ізраіля, з рук Філістынцаў і з рук усіх ворагаў ягоных”».
 
Цяпер зрабіце гэта, бо СПАДАР сказаў Давіду, кажучы: «Рукою слугі Свайго Давіда Я выбаўлю люд Свой, Ізраеля, з рукі Пілішчан і з рукі ўсіх непрыяцеляў ягоных».

І гаварыў [гэта] Абнэр у вушы Бэн’ямінцам. І пайшоў Абнэр у Хеўрон, каб сказаць у вушы Давіду ўсё, што добрае ў вачах Ізраіля і ў вачах усяго дому Бэн’яміна.
 
І казаў таксама Аўнір у вушы Веняміну. Пайшоў таксама Аўнір, каб казаць у вушы Давіду ў Гэўроне ўсе, што было добрае ў вачох Ізраеля і ў вачох усяго дому Веняміновага.

І прыйшоў Абнэр да Давіда ў Хеўрон, і дваццацьць ваяроў з ім, і Давід справіў банкет Абнэру і людзям ягоным, што былі з ім.
 
І прышоў Аўнір да Давіда да Гэўрону а зь ім дваццацёх чалавекаў, і зрабіў Давід чэсьць Аўніру а людзём, былым ізь ім.

І сказаў Абнэр Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да гаспадара майго, валадара, увесь Ізраіль; і ўвойдуць яны з табой у запавет, і будзеш ты валадарыць над усім, як жадае душа твая». І адпусьціў Давід Абнэра, і ён пайшоў у супакоі.
 
І сказаў Аўнір Давіду: «Я ўстану і пайду, і зьбяру да спадара свайго караля ўвесь люд Ізраельскі; і яны зробяць змову з табою, і будзеш караляваць над усімі, як жадае душа твая». І паслаў Давід Аўніра, і ён пайшоў у супакою.

І вось, слугі Давіда і Ёаў прыйшлі з выправы і прынесьлі вялікую здабычу. А Абнэра не было з Давідам у Хеўроне, бо [Давід] адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі.
 
І вось, слугі Давідавы а Ёаў прышлі з аддзелу, і здабытку шмат із сабою прынесьлі; яле Аўніра ўжо ня было з Давідам у Гэўроне, бо паслаў яго, і ён пайшоў у супакою.

І прыйшоў Ёаў і войска, якое з ім, і паведамілі Ёаву, кажучы: «Абнэр, сын Нэра, прыйшоў да валадара, і ён адпусьціў яго, і ён пайшоў у супакоі».
 
І Ёаў і ўсе войска, што зь ім, прышлі, і Ёаву паведалі, кажучы: «Прыходзіў Аўнір Ніранок да караля, і тый паслаў яго, і ён пайшоў у супакою».

І прыйшоў Ёаў да валадара, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыйшоў да цябе Абнэр. Навошта ты адпусьціў яго, і ён адыйшоў?
 
І прышоў Ёаў да караля, і сказаў: «Што ты зрабіў? Вось, прыходзіў да цябе Аўнір, чаму ты паслаў яго, і ён свабодна пайшоў?

Ты ведаеш Абнэра, сына Нэра. Ён прыйшоў, каб падмануць цябе, і даведацца пра ўваход твой і выхад твой, і даведацца, што ты робіш».
 
Ты знаеш Аўніра Ніранка; ён прыходзіў ашукаць цябе, даведацца выхад твой і ўход твой, і ўзьведаць усе, што ты робіш».

І выйшаў Ёаў ад Давіда, і паслаў пасланцоў за Абнэрам, і яны вярнулі яго ад Бор-Гасіры, а Давід ня ведаў [пра гэта].
 
І вышаў Ёаў ад Давіда, і паслаў ганцоў за Аўніром, і зьвярнулі яны яго ад студні Сыра, а Давід ня ведаў.

І вярнуўся Абнэр у Хеўрон, а Ёаў адвёў яго ў сярэдзіну брамы, каб з ім таемна пагаварыць, і ўдарыў яго там [мячом] у жывот, і памёр [Абнэр] за кроў Асаэля, брата Ёава.
 
І зьвярнуўся Аўнір да Гэўрону, і Ёаў адвёў яго да сярэдзіны брамы, каб пагутарыць ізь ім цішком, і там выцяў яго пад пятую скабу. І памер за кроў Асагэла, брата ягонага.

І пачуў Давід пра гэта, і сказаў: «Не вінаваты ані я, ані валадарства маё перад ГОСПАДАМ на вякі ў крыві Абнэра, сына Нэра.
 
І пачуў потым Давід, і сказаў: «Нявінны я а гаспадарства мае навекі перад СПАДАРОМ у крыві Аўніра Ніранка.

Няхай спадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; няхай не спыняецца ў доме Ёава хворы на выцёкі, пракажоны, той, які ходзіць з кійком, забіты ад мяча і той, хто патрабуе хлеба».
 
Хай падзець яна на галаву Ёава а на ўвесь дом айца ягонага; хай ня выкараніцца ў доме Ёававым маючы вытак, альбо пракажаны, альбо што апіраецца на кій, альбо валіцца ад мяча, альбо патрабуючы хлеба».

А Ёаў і Абішай, брат ягоны, забілі Абнэра за тое, што ён забіў Асаэля, брата іхняга, у Гібэоне ў час бою.
 
Ёаў жа а брат ягоны Авішай забілі Аўніра за тое, што ён зрабіў сьмерць брату іхнаму Асагэлу ў Ґівеоне ў часе вайны.

І сказаў Давід Ёаву і ўсяму народу, які з ім: «Разьдзярыце адзеньне вашае і апраніцеся ў рызьзё, і лямантуйце дзеля Абнэра». І валадар Давід ішоў за целам ягоным.
 
І сказаў Давід Ёаву а ўсім людзём, што былі зь ім: «Разьдзярыце адзецьці свае, і паперажыцеся зрэб’ям, і плачча па Аўніру». І кароль Давід ішоў за марамі.

І пахавалі Абнэра ў Хеўроне, валадар узьняў голас свой і плакаў над магілай Абнэра, і плакаў увесь народ.
 
І пахавалі Аўніра ў Гэўроне, і ўзьняў кароль голас свой, і плакаў над гробам Аўніровым; плакаў і ўвесь люд.

І засьпяваў валадар жалобны сьпеў дзеля Абнэра, і сказаў: «Ці ж сьмерцю нікчэмнага мусіў паміраць Абнэр?
 
І галасіў кароль па Аўніру, і сказаў: «Ці так меў памерці Аўнір, як памірае дурны?

Рукі твае не былі зьвязаныя, і ногі твае не былі закутыя ў кайданы, а ты загінуў, як гінуць ад злодзеяў». І ўвесь народ пачаў яшчэ больш плакаць над ім.
 
Рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў зялезьзю, і ты паў, як падаюць ад нягодных». І ўвесь люд далей плакаў па ім.

І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі быў яшчэ дзень, але прысягнуў Давід, кажучы: «Няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ дадасьць, калі я перад заходам сонца пакаштую хлеба або чаго іншага».
 
І прышоў увесь люд сіліць Давіду хлеба, як яшчэ быў дзень; і прысяг Давід, кажучы: «Тое а тое хай зробе з імною Бог, і яшчэ болей зробе, калі я да заходу сонца паспытаюся хлеба альбо чаго-колечы».

І ўвесь народ даведаўся гэта, і было добрым гэта ў вачах ягоных, як і ўсё, што рабіў валадар, было добрым у вачах усяго народу.
 
І ўвесь люд зацеміў гэта, і ўпадабаў гэта, як і ўсе, што рабіў кароль, было добра ў вачох усяго люду.

І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што Абнэр, сын Нэра, быў забіты не праз валадара.
 
І пазнаў увесь люд а ўвесь Ізраель таго дня, што не ад караля сталася забіцьцё Аўніра Ніранка.

І сказаў валадар слугам сваім: «Ці ж вы ня ведаеце, што сёньня ў Ізраілі загінуў князь і вялікі чалавек?
 
І сказаў кароль слугам сваім: «Ці ня ведаеце, што князь а вялікі муж паў сядні ў Ізраелю?

Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на валадара, а гэтыя людзі, сыны Цэруі, мацнейшыя за мяне. Няхай адплаціць ГОСПАД злачынцы паводле ліхоты ягонай».
 
Я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны за караля, а гэтыя людзі Цэруёнкі дужшыя за мяне; хай жа заплаце СПАДАР дзеючаму ліха подле ліхасьці яго!»