Эстэр 6 разьдзел
Кніга Эстэр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
У тую ноч адыйшоў сон ад валадара, і ён сказаў, каб прынесьлі кнігу летапісу для памяці, і чыталі яе перад валадаром.
Тае ночы кароль выбіўся зо сну і казаў прынесьці кнігу памятнік-летапіс; і чыталі іх перад каралём.
І знайшлі запісанае пра тое, што паведаміў Мардэхай пра Бігтану і Тэрэша, двух эўнухаў валадара, якія вартавалі парогі і якія намагаліся выцягнуць руку на валадара Ахашвэроша.
І знайшлі запісанае, як даказаў Мордэхай на Біґфану а Ферэша, двух легчанцоў каралеўскіх ізь сьцерагучых парог, каторыя імкнуліся налажыць руку на караля Агасвера.
І сказаў валадар: «Якое ўшанаваньне і ўзьвялічваньне былі зроблены Мардэхаю за гэта?» І сказалі юнакі валадара, якія служылі яму: «Ня зроблена яму анічога».
І сказаў кароль: «Што за чэсьць а вялічча былі даны Мордэхаю за гэта?» Тады сказалі маладзёны каралеўскія, паслугачы ягоныя: «Нічагусенькі ня дана яму».
І сказаў валадар: «Хто на панадворку?» А Аман прыйшоў на вонкавы панадворак дому валадара сказаць валадару, каб павесілі Мардэхая на дрэве, якое ён падрыхтаваў для яго.
І сказаў кароль: «Хто на панадворку?» Гаман жа прышоў на навонны панадворак каралеўскага дому сказаць каралю, каб засілілі Мордэхая на шыбеніцы, каторую ён прыгатаваў яму.
І сказалі юнакі валадара яму: «Вось, Аман стаіць на панадворку». І сказаў валадар: «Няхай ён увойдзе».
І сказалі маладзёны яму: «Вось, Гаман стаіць на панадворку». І сказаў кароль: «Няхай ён увыйдзе».
І ўвайшоў Аман. І сказаў яму валадар: «Што зрабіць таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць?» І сказаў Аман у сэрцы сваім: «Каму жадае валадар зрабіць ушанаваньне больш, чым мне?»
Дык Гаман увышоў. І сказаў яму кароль: «Што зрабіць таму чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць?» І сказаў Гаман у сэрцу сваім: «Каму ж бы кароль жадаў даць сьці болей, як ня імне?»
І сказаў Аман валадару: «Чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць,
І сказаў Гаман каралю: «Чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць,
няхай прынясуць шату валадарскую, у якую апранаецца валадар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць верхам валадар, і ўзложаць карону валадарства на галаву ягоную.
Няхай прынясуць адзецьце каралеўскае, у каторае адзяецца кароль, і прывядуць каня, на каторым езьдзе конна кароль, узложаць карону каралеўскую на галаву яму,
І няхай дадуць шаты і каня ў рукі аднаго з найзначнейшых князёў валадара, і апрануць таго чалавека, якога валадар хоча ўшанаваць, і павядуць яго на кані на гарадзкую плошчу, і будуць клікаць перад ім: “Гэтак робіцца таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць!”»
І хай пададуць адзецьце а каня аднаму з найзначнейшых князёў каралеўскіх, і ўбяруць таго чалавека, каторага кароль хоча ўсьціць, і павядуць яго на каню конна на месцкую вуліцу, і агалосяць перад ім: "Гэтак зьдзеецца таму чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць!"»
І сказаў валадар Аману: «Пасьпяшайся, вазьмі шату і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардэхаю Юдэю, які сядзіць пры браме валадарскай. Не абміні анічога з таго, што ты сказаў».
І сказаў кароль Гаману: «Якга вазьмі адзецьце а каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мордэхаю Юдэю, што сядзіць у каралеўскай браме; нічагусенькі ня выпусьці з тога, што ты казаў».
І ўзяў Аман шату і каня, і апрануў Мардэхая, і вывеў яго на кані на гарадзкую плошчу, і клікаў перад ім: «Гэтак робіцца таму чалавеку, якога валадар хоча ўшанаваць!»
І ўзяў Гаман адзецьці а каня, і ўбраў Мордэхая, і вывеў яго на каню на месцкую вуліцу, і агаласіў перад ім: «Гэтак зьдзеецца тому чалавеку, каторага кароль хоча ўсьціць!»
І вярнуўся Мардэхай да брамы валадарскай, а Аман пасьпяшаўся ў дом свой у смутку і закрыўшы галаву.
І зьвярнуўся Мордэхай да каралеўскае брамы. Гаман жа пабарзьдзіў да дому свайго ў жалобе й закрыўшы галаву.
І распавёў Аман Зэрэш, жонцы сваёй, і ўсім сябрам сваім пра ўсё, што напаткала яго. І сказалі яму мудрацы ягоныя і Зэрэш, жонка ягоная: «Калі з насеньня Юдэйскага Мардэхай, перад абліччам якога ты пачаў падаць, ты не пераможаш яго, але падаючы, упадзеш перад абліччам ягоным».
І пераказаў Гаман Зэрэшы, жонцы сваёй, а ўсім любячым яго ўсе, што прылучылася зь ім. І сказалі яму мудрыцы ягоныя а Зэрэш, жонка ягоная: «Калі з насеньня Юдзінага Мордэхай, з каторага прычыны ты пачаў падаць, то не пераможаш яго, але напэўна падзеш перад ім».
Калі яны яшчэ размаўлялі з ім, прыйшлі эўнухі валадарскія і прысьпешвалі, каб прывесьці Амана на гасьціну, якую падрыхтавала Эстэр.
І як яны яшчэ мужавалі зь ім, прышлі каралеўскія легчанцы й барзьдзілі прывесьці Гамана на чэсьць, што прыгатавала Естэр.