Ёва 14 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Чалавек, які народжаны з жанчыны, мае век кароткі і поўны трывогаў.
Чалавек, народжаны жонкаю, малачасны й поўны клопату.
Вырастае кветка, і вяне, і мінае, як цень, і не застаецца.
Ён выходзе, як кветка, і зразаецца; уцякае, бы сьцень, і ня трывае.
І Ты на такога зьвяртаеш вочы Твае і вядзеш яго на суд з Сабою.
І на гэтага ж Ты адчыняеш вочы Свае й мяне вядзеш на суд із Сабою?
Хто ж можа нячыстага зрабіць чыстым? Хіба ніхто!
Хто ўдасца чысты ад нячыстага? Ні водзін.
Калі дні яму вызначаны, і лік месяцаў ягоных вядомы Табе, і Ты вызначыў яму межы, якіх нельга яму перайсьці,
Калі яму дні азначаны, і лік месяцаў яго ў Цябе; калі Ты азначыў яму граніцу, каторую ён не пярэйдзе;
дык адвярні вочы Твае ад яго, няхай ён супачыне, няхай пацешыцца днём, як той найміт.
Дык адхініся ад яго; хай ён супачыне, пакуль ня сконча, як найміт, дня свайго.
Бо нават дрэва мае надзею. Калі яно было сьсечанае, дык зноў адрасьце, і парасткі свае пускаць не пакіне,
Бо ё дзерву надзея, што яно, калі й будзе ссечана, ізноў адменіцца, і атожылы не перастануць,
і калі састарэе ў зямлі корань ягоны, і пень ягоны ў пяску спарахнее,
Калі й застрэў у зямлі карэнь яго, і пень яго замер у пыле,
ад вільгаці вады яно зазелянее і пусьціць галінкі як маладая расьліна.
Ад паху вады яно будзе пукацца й пусьце пагоны, як расьліна.
А чалавек калі памрэ, ён адыйшоў, і дзе знойдзеш яго?
А муж памірае й гніець; сканае людзіна, і йдзе яна?
Зьнікаюць воды з мора, і рэкі высыхаюць да дна.
Адходзяць воды з мора, і рака ападае а высыхае:
Так і чалавек, калі засьне, не прачнецца, пакуль неба ня счэзьне; ня ўстане, і зо сну свайго не прачнецца.
І людзіна ляжа і ня ўстане; аж да сканчэньня неба не прачхнуцца і ня ўстануць ад сну свайго.
О, каб Ты схаваў мяне ў адхлані і захаваў мяне, пакуль не міне ярасьць Твая, і вызначыў мне час, у які зноў мяне ўзгадаеш.
О, калі б Ты ў шэолю схаваў мяне і таіў мяне, пакуль пройдзе гнеў Твой; прызначыў імне рок і потым успомнеў аб імне!
Ці памёршы чалавек зноў будзе жыць? Усе дні службы маёй я чакаю, калі прыйдзе замена мая.
Як памрэць муж, ці ажывець ён? Усі дні прызначанага імне часу я ждаў бы, пакуль прыйдзе імне адмена.
Ты паклічаш, і я адкажу Табе, Ты засумуеш за творам рук Тваіх.
Ты загукаеш, і я адкажу Табе; дзела рук Сваіх Ты зажадаеш;
Бо Ты палічыш нават крокі мае, і будзеш ласкавы адносна грахоў маіх.
Бо цяпер Ты лічыш сігні мае, і ці ня цікуеш грэху майго;
Ты запячатаеш, як у мяшку, злачынствы мае, і выбеліш правіны мае.
Запячатаваны ў зьвязку выступ мой, і Ты зашыў бы віну маю.
Але як гара, падаючы, развальваецца, і як скала зыходзіць з месца свайго,
Але гара, валячыся, развалюецца, і скала зыходзе зь месца свайго;
і як вада сьцірае камень, і як плынь падмывае глебу, так і Ты нішчыш надзею ў чалавеку.
Вада сьцірае камяні, паводка яе змывае земны пыл, — так і надзею чалавека Ты нішчыш.
Ты сьціскаеш яго, і ён адыходзіць у вечнасьць, зьмяняеш аблічча ягонае і адсылаеш яго.
Перамагаеш яго на век, і ён адыходзе; мяняеш яму від, і адсылаеш яго.
Ці ў славе жывуць дзеці ягоныя, ён ня ведае, ці ў ганьбе, ён не разумее.
Сыноў ягоных усьціваюць, і ён ня ведае гэтага; іх паніжаюць, і ён ня цяме іх.
Адчувае ён боль цела свайго, і душа ягоная ў ім самім ные».
Ён чуе толькі боль собскага цела свайго і плача толькі па сабе».