Ёва 42 разьдзел
Кніга Ёва
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І адказаў Ёў ГОСПАДУ, і сказаў:
І адказаў Ёў СПАДАРУ, і сказаў:
«Ведаючы, ведаю, што Ты ўсё можаш, і што намер Твой ня можа быць спынены.
«Ведаю, што Ты ўсе можаш, і што не адзяржыцца ў Цябе замер.
Хто той, які хавае параду бяз веданьня? Сапраўды, я гаварыў, і не разумеў. Гэта рэчы, цудоўнейшыя за мяне, і я ня ведаю іх.
"Хто гэты, што зацямняе раду бязь веданьня?" — Але, я гукаў і не разумеў, празь лішне дзіўнае імне ня ведаў.
Паслухай, і я буду гаварыць. Запытаюся ў цябе, а Ты адкажы мне.
Выслухай, і я буду гукаць, буду пытацца ў Цябе, і Ты зьясьні імне.
Раней я чуў пра Цябе толькі вухам, а цяпер вока маё ўбачыла Цябе.
Чутасьцяй вуха чуў я празь Цябе; цяпер жа мае вочы бачаць Цябе.
Дзеля таго я выракаюся [словаў] маіх, і каюся ў пыле і попеле».
Затым я брыджуся сабою і каюся ў пыле а попеле».
І сталася пасьля таго, як сказаў ГОСПАД гэтыя словы Ёву, сказаў ГОСПАД Эліфазу з Тэману: «Узгарэўся гнеў Мой на цябе і на двух сяброў тваіх, бо не гаварылі вы пра Мяне слушна, як слуга Мой Ёў.
І сталася просьле тога, як казаў СПАДАР гэтыя словы Ёву, што сказаў СПАДАР Еліфазу Феманяніну: «Узгарэўся гнеў Мой на цябе а на двух прыяцеляў тваіх за тое, што вы ня гукалі празь Мяне так правільна, як слуга Мой Ёў.
І цяпер вазьміце сем бычкоў і сем бараноў, і пайдзіце да слугі Майго Ёва, і складзіце цэласпаленьне за сябе. І слуга Мой Ёў памоліцца за вас. І Я ўзгляну на аблічча ягонае, і не зраблю вам благога, хоць вы не гаварылі пра Мяне слушна, як слуга Мой Ёў».
Дык цяпер вазьміце сабе сем цялят-бычкоў а сем бараноў, і пайдзіце да слугі Майго Ёва, і абрачыце аброк за сябе; і Ёў, слуга Мой, памоліцца за вас, бо толькі від ягоны я прыйму, каб Я з вамі ня ўчыніў подле вашае дурноты за тое, што вы гукалі празь Мяне ня так правільна, як слуга Мой Ёў».
І пайшлі Эліфаз з Тэману, Більдад з Шуаху і Цафар з Наамы, і зрабілі так, як сказаў ім ГОСПАД. І ўзглянуў ГОСПАД на аблічча Ёва.
І пайшлі Еліфаз Феманянін а Вілдад Шугянін а Софар Наамацянін, і зрабілі так, як СПАДАР расказаў ім, — і СПАДАР прыняў від Ёва.
І вярнуў ГОСПАД страту Ёву, калі ён памаліўся за сяброў сваіх. І даў ГОСПАД Ёву ўдвая болей таго, што ён меў раней.
І зьвярнуў СПАДАР страту Ёву, як ён памаліўся за прыяцеляў сваіх; і даў Ёву СПАДАР удвая болей за тое, што ён меў.
І прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя, і ўсе сёстры ягоныя, і ўсе, хто раней ведаў яго, і елі з ім хлеб у доме ягоным, і спачувалі яму, і пацяшалі яго з прычыны няшчасьця, якое на яго спаслаў ГОСПАД. І кожны даў яму па адной кесыце і па адным залатым пярсьцёнку.
Тады прышлі да яго ўсі браты ягоныя а ўсі сёстры ягоныя а ўсі зналыя яго ўперад, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і плакалі па ім, і пацяшалі яго ўзглядам усяе гароты, каторую СПАДАР быў навёўшы на яго, і далі яму кажны па аднэй манэце а па аднэй залатой жуковіне.
І дабраславіў ГОСПАД апошнія [дні] Ёва больш, чым папярэднія. І было ў яго чатырнаццаць тысячаў авечак і шэсьць тысячаў вярблюдаў, тысяча параў валоў і тысяча асьліцаў.
І дабраславіў Бог апошнія дні Ёвавы болей, чымся пярэднія: у яго было чатырнанцаць тысячаў драбнога статку, шэсьць тысячаў вярблюдоў, тысяча пар валоў і тысяча асьліцаў.
І было ў яго сем сыноў і тры дачкі.
І было ў яго сямёх сыноў і тры дачкі.
І назваў ён імя першай — Еміма, імя другой — Кецыя, а імя трэцяй — Керэн-Гапух.
І назваў ён імя першае Еміма, імя другое — Кеца, а імя трэйцяе — Керэнгаппух.
І не знайшлося на ўсёй зямлі такіх прыгожых жанчынаў, як дочкі Ёва. І даў ім бацька іхні спадчыну між братамі іхнімі.
І ня было на ўсёй зямлі такіх харошых жанок, як дачкі Ёвавы, і даў ім айцец іхны спадак памеж братоў іхных.
І жыў Ёў пасьля таго сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноў сваіх аж да чацьвёртага пакаленьня.
Просьле тога Ёў жыў сто сорак год, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыньніх сваіх аж да чацьвертага роду.
І памёр Ёў стары і насычаны днямі.
І памер Ёў у старасьці, насычаны днямі.