Псалтыр 128 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Сьпеў узыходжаньня. Шчасьлівы кожны, хто баіцца ГОСПАДА, хто ходзіць шляхамі Ягонымі.
 
Песьня на ўступцох. Шчасьлівы кажны, што баіцца СПАДАРА, што ходзе па дарогах Ягоных!

Ты будзеш працу рук тваіх есьці, ты шчасьлівы, і добра табе!
 
Гарапашнасьць рук сваіх калі будзеш есьці, шчасьлівы ты, і добра табе.

Жонка твая ў доме тваім будзе плодная, быццам лаза вінаградная; сыны твае — як галіны аліўкавыя, наўкола стала твайго.
 
Жонка твая, як плоднае віно, па бакох дому твайго; сынове твае, як аліўныя пагоны, навокал столу твайго.

Вось, гэтак будзе дабраслаўлёны чалавек, які баіцца ГОСПАДА.
 
Вось, бо гэтак дабраславёны будзе муж, што баіцца СПАДАРА.

І дабраславіць цябе ГОСПАД з Сыёну, і ты будзеш бачыць дабрабыт Ерусаліму ў-ва ўсе дні жыцьця твайго,
 
СПАДАР дабраславе цябе із Сыёну, і ты будзеш бачыць дабро Ерузаліму ўсі дні жыцьця свайго;

і будзеш бачыць сыноў ад сыноў тваіх. Супакой над Ізраілем!
 
І абачыш сыноў сыноў сваіх. Супакой на Ізраелю!