Псалтыр 140 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
 
Кіраўніку хору. Псальма Давідава.

Ратуй мяне, ГОСПАДЗЕ, ад чалавека ліхога, ад чалавека злачыннага захоўвай мяне!
 
Вывальні мяне, СПАДАРУ, ад нягоднае людзіны, абарані мяне ад ґвалтоўніка,

Яны задумляюць ліхое ў сэрцы сваім, кожны дзень узьнімаюць вайну,
 
Каторыя думаюць нягодныя думкі ў сэрцу, кажны дзень зьбіраюцца на вайну,

навастрылі язык свой, як зьмеі, атрута зьмяіная ў вуснах іхніх. (Сэлях)
 
Зайстрылі языкі свае, як гад; гадава атрута пад вуснамі іхнымі. Сэля.

Захавай мяне, ГОСПАДЗЕ, ад рук бязбожніка! Захоўвай мяне ад чалавека злачыннага, ад тых, што мяркуюць пахіснуць стопы мае.
 
Крый мяне, СПАДАРУ, ад рук нягоднага, ад рукі ґвалтоўніка абарані мяне, каторы задумаў піхнуць ступы мае.

Пыхліўцы таемна [наставілі] пастку для мяне і петлі, расьцягнулі сеці пры сьцежцы, паставілі сіло для мяне. (Сэлях)
 
Схавалі гардуны пасадку на мяне й павароз, расьцягнулі сеці ля сьцежкі, пастанавілі сілы на мяне. Сэля.

Сказаў я да ГОСПАДА: «Ты — мой Бог!» Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на голас маленьня майго!
 
Я сказаў СПАДАРУ: «Ты Бог мой, пачуй, СПАДАРУ, гук маленьняў маіх.

ГОСПАДЗЕ, Госпадзе, моц збаўленьня майго, Ты засланяеш галаву маю ў дзень бітвы.
 
СПАДАРУ Спадару, сіла спасеньня майго! Ты пакрыў галаву маю ў дзень збраеньня.

Ня дай таго, ГОСПАДЗЕ, што жадае бязбожнік, намерам ягоным ня дай споўніцца, каб не ўзьнімаліся яны! (Сэлях)
 
Ня дай, СПАДАРУ, жаданага нягоднаму й не пашчасьць задуме ягонай, каб не вяльмуваўся. Сэля.

Няхай галовы тых, што мяне абступілі, пакрыюцца ліхоцьцем вуснаў іхніх!
 
Хай крыўда вуснаў іхных пакрые галаву тых, што абступаюць мяне;

Няхай пасыплецца на іх вугольле! У агонь няхай кіне Ён іх, у дол глыбокі, каб ім не паўстаць!
 
Хай зваліцца на іх жар; хай кіне Ён іх у цяпло, у бяздоньні, каб не паўсталі.

Чалавек з языком [ліхім] на зямлі ня ўстоіць; на чалавека злачыннага ліхоцьце цікаваць будзе, каб загубіць яго.
 
Не дазволь умацавацца язычніку на зямлі; на місьцюка хай палююць на загубу, каб паваліць.

Ведаю я, што ГОСПАД выступіць у справе прыгнечанага, [дасьць] суд убогаму.
 
Ведаю, што СПАДАР рассудзе ўбогага і ўчыне суд бедным.

І будуць праведнікі славіць імя Тваё, правыя будуць жыць перад абліччам Тваім!
 
Адно справядлівыя хваліць будуць імя Твае; пасьцівыя жыць будуць у прытомнасьці Тваёй.