Псалтыр 30 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Псальм. Сьпеў пры пасьвячэньні дома Давіда.
 
Псальма Давідава, песьня пасьвячэньня дому.

Вывышаю Цябе, ГОСПАДЗЕ, бо Ты выцягнуў мяне і ня даў ворагам маім радавацца нада мною.
 
Я вывышу Цябе, СПАДАРУ, бо Ты выцягнуў мяне й ня даў злосьнікам маім цешыцца зь мяне.

ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Я галасіў да Цябе, і Ты вылячыў мяне.
 
СПАДАРУ, Божа мой, я гукаў да Цябе, і Ты ўздаравіў мяне.

ГОСПАДЗЕ, Ты вывеў душу маю з пекла, Ты даў мне жыць, каб ня быў я сярод тых, што зыйшлі ў магілу.
 
СПАДАРУ, Ты вывеў із шэолю душу маю, ажывіў мяне з памеж зыходзячых да долу.

Выслаўляйце ГОСПАДА, вы, багабойныя Ягоныя, і слаўце на ўспамін сьвятасьці Ягонай!
 
Пейце хвалы СПАДАРУ, дабрачэсьлівыя Ягоныя, і слаўце памятку сьвятасьці Ягонае.

Бо на імгненьне гнеў Ягоны, на [ўсё] жыцьцё ўпадабаньне Ягонае; увечары можа быць плач, а раніцаю — радасьць.
 
Гнеў — часіна ў Яго, а зычлівасьць — жыцьцё ў Яго. Увечары трывае плач, але нараніцы — пяцьцё.

А я сказаў у дабрадзенстве сваім: «Не пахіснуся на вякі!»
 
А я сказаў у дабрабыце сваім: «Не пахіснуся на векі».

ГОСПАДЗЕ, праз ласку Тваю Ты паставіў горы мае непарушна; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я спалохаўся.
 
СПАДАРУ, у зычлівасьці Сваёй Ты пастанавіў гару маю, як горад. Ты схаваў від Свой, і я затрывожыўся.

Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, я клікаў, і Госпада майго я маліў:
 
Цябе, СПАДАРУ, гукаў я і да СПАДАРА чыніў маленьне:

«Які прыбытак з крыві маёй, з таго, што я зыйду ў парахненьне? Ці пыл будзе славіць Цябе? Ці будзе апавядаць праўду Тваю?»
 
«Што за карысьць у крыві маёй, калі я зыйду да раскладу? ці будзе пыл хваліць Цябе? будзе абяшчаць праўду Тваю?

Пачуй, ГОСПАДЗЕ, і зьлітуйся нада мною! ГОСПАДЗЕ, будзь дапамогай маёй!
 
Пачуй, СПАДАРУ, і зьмілуйся над імною! СПАДАРУ, будзь імне памачніком!»

Ты перамяніў лямант мой у танец, Ты скінуў з мяне зрэбніцу і падперазаў мяне радасьцю.
 
Ты абярнуў плач мой у скокі імне; Ты зьняў зрэб’е мае і паперазаў мяне весялосьцяй,

Дзеля гэтага будзе выслаўляць Цябе слава [мая] і ня будзе маўчаць. ГОСПАДЗЕ, Божа мой, на вякі я буду славіць Цябе!
 
Каб пяяла Табе чэсьць мая й не змаўкала. СПАДАРУ, Божа мой, на векі буду дзякаваць Табе.