Псалтыр 71 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
У Табе, ГОСПАДЗЕ, я маю надзею. Ня дай мне асароміцца на вякі!
Да Цябе, СПАДАРУ, уцякаю; няхай не засаромлюся на векі!
Паводле праведнасьці Тваёй выратуй мяне і вызвалі! Прыхілі да мяне вуха Тваё і збаў мяне!
У справядлівасьці Сваёй вывальні мяне й выбаў мяне; нахіні вуха Свае да мяне й выбаў мяне!
Будзь мне скалой, дзе сяліба мая, куды прыходжу заўсёды, дзе Ты даў загад, каб збавіць мяне, бо Ты — скала мая і замчышча маё.
Будзь імне скалаю прытулішча прыходзіць кажначасна; Ты расказаў вывальніць мяне, бо скала мая а горад Ты.
Божа мой, вызваль мяне з рукі бязбожніка, з рукі беззаконьніка і прыгнятальніка.
Божа мой! выбаў мяне ад рукі нягоднікаў, ад рукі крыўдніка а ўцісканьніка;
Бо Ты — надзея мая, Госпадзе, ГОСПАДЗЕ, пэўнасьць мая з маладосьці маёй!
Бо Ты надзея мая, Спадару мой СПАДАРУ, давер мой з маладосьці мае.
На Цябе я абапіраўся ад чэрава [маці]; з нутра маці маёй Ты вывеў мяне; дык Табе заўсёды хвала мая!
На Цябе я апіраюся ад улоньня; з нутра маці мае Ты вывеў мяне; у Табе хвала мая кажначасна.
Быццам дзіва стаўся я для многіх, але Ты — прыстанішча маё моцнае.
Быццам дзіва я быў шмат каму, але Ты моцны ўцёк мой.
Няхай будуць напоўненыя вусны мае хвалой Табе, кожны дзень — услаўленьнем Цябе.
Мой рот напоўніцца хвалы Твае й харашыні Твае ўвесь дзень.
Не адкінь мяне ў час старасьці маёй. Калі зьнікнуць сілы мае, Ты не пакінь мяне!
Не адкінь мяне ў часе старасьці; як высіліцца сіла мая, не пакінь мяне,
Бо змаўляюцца ворагі мае супраць мяне, і тыя, што сочаць за душою маёй, радзяцца між сабою,
Бо змаўляюцца злосьнікі мае на мяне, і цікуючыя на душу маю радзяцца разам,
кажучы: «Бог пакінуў яго; дык ганіцеся за ім і схапіце яго, бо няма ў яго ратунку!»
Кажучы: «Бог пакінуў яго; перасьлядуйце, схапіце яго, бо няма выбавіцеля».
Божа, не аддаляйся ад мяне! Божа мой, пасьпяшайся на ўспамогу мне!
Божа! не здаляйся ад мяне; Божа мой! на памогу імне барзьдзі.
Няхай будуць асаромленыя і зьнішчаныя тыя, што супрацьстаяць душы маёй! Няхай ганьбай і сорамам пакрыюцца тыя, што шукаюць ліхога для мяне!
Хай пасарамацяцца, хай шчэзнуць праціўнікі душы мае; хай зачырванеюцца із сораму а ганьбы шукаючыя ліха імне!
А я заўсёды буду спадзявацца і множыць усю хвалу Тваю.
А я буду кажначасна спадзявацца й буду павялічаць хвалу Табе.
Вусны мае будуць абвяшчаць праведнасьць Тваю, і цэлы дзень — выратаваньне Тваё, бо ім лічбы ня ведаю я!
Мой рот будзе абяшчаць справядлівасьць Тваю, увесь дзень праз спасеньне Твае, бо я ня ведаю лікаў іх.
Перайду да магутнасьці Госпада, ГОСПАДА, буду ўзгадваць праведнасьць Тваю, толькі Тваю!
Увыйду ў моцы Спадара СПАДАРА, буду менаваць справядлівасьць, Тваю адно.
Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці маёй, і дагэтуль я пра цуды Твае апавядаю.
Божа, Ты вучыў мяне з маладосьці мае; і дагэтуль я абяшчаю чудосы Твае.
І да старасьці, і да сівізны не пакідай мяне, Божа, пакуль я пра рамяно Тваё не распавяду пакаленьню гэтаму і пра магутнасьць Тваю — усім, што народзяцца яшчэ.
І аж да старасьці а сівізны, Божа, не пакінь мяне, пакуль не агалашу плячо Твае пакаленьню й кажнаму прыйдучаму празь сілу Тваю.
Бо праведнасьць Твая, Божа, аж да вышыняў, Ты чыніш вялікія рэчы. Божа, хто падобны да Цябе?
А справядлівасьць Твая, Божа, да вышыні; Ты, што робіш вялікія справы, Божа, хто, як Ты?
Ты даў нам угледзець шмат трывог і ліха, але Ты вернеш нас да жыцьця і з бяздоньняў зямлі зноў узьнімеш нас.
Ты, Каторы даў імне шмат якія й ліхія немарасьці, Ты ізноў ажывіш мяне, з глыбіняў зямлі ізноў падыймеш мяне.
Ты памножыш велічнасьць маю і зноў пацешыш мяне.
Ты памножыш вялічча мае і ўзноў пацешыш мяне.
Дык я буду славіць на музычных інструмэнтах Цябе, мой Божа, і праўду Тваю! Буду выслаўляць Цябе на гусьлях, Сьвяты Ізраіля!
Таксама й я буду выхваляць Цябе на гусьлях, праўду Тваю, Божа мой; буду граць хвалу Табе на гарпе, Сьвяты Ізраеляў!
Узрадуюцца вусны мае, бо я Цябе выслаўляю, і душа мая, што Ты выбавіў яе.
Вусны мае будуць гукаць з радасьці, бо я пяю Табе, і душа мая, каторую Ты выбавіў.
І язык мой будзе цэлы дзень разважаць пра праведнасьць Тваю, бо асаромленыя і ў ганьбе тыя, што шукалі ліха для мяне.
І язык мой увесь дзень будзе абяшчаць справядлівасьць Тваю, бо засарамочаны, бо паганьбены шукаючыя ліха імне.