Псалтыр 81 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Асафа.
 
Кіраўніку хору. На Ґіфскай музыцкай снадзі. Асафова.

Весяліцеся перад Богам моцы нашай; радасна гукайце Богу Якуба!
 
Пейце Богу, сіле нашай; гукайце Богу Якава;

Пачніце сьпяваньне, вазьміце бубны, гусьлі мілагучныя і псалтыр.
 
Завядзі песьню, і дайце бубён, гарпу прыемную разам ізь ліраю;

Дзьміце ў трубу ў маладзік, у поўню, у дзень сьвята нашага,
 
Трубіце ў рог на маладзіку, у поўню, у сьвята наша;

бо гэткая пастанова ў Ізраілі, закон Бога Якубавага.
 
Бо ўстава Ізраеля гэта, права Бога Якававага.

Ён паставіў гэта на сьведчаньне для Язэпа, калі выводзіў з зямлі Эгіпецкай, і мы пачулі мову, якой ня ведалі:
 
На сьветчаньне ў Язэпу Ён пастанавіў гэта, як ступіў на зямлю Ягіпецкую. Мову, каторае ня знаў, я чуў:

«Я прыбраў цяжар з плячэй ягоных, рукі ягоныя вольныя ад кашоў.
 
«Я адхінуў ад цяжару плячо ягонае, рукі ягоныя вывальніў ад каша.

У бядзе ты паклікаў Мяне, і Я выратаваў цябе; адказаў табе з-за заслоны грымотаў, выспрабаваў цябе пры водах Мэрывы. (Сэлях)
 
У ўціску ты гукаў, і Я выбавіў цябе; Я адказаў табе ў тайным месцу грому, прабаваў цябе на водах Мерывы. Сэля.

Слухай, народзе Мой! Я буду сьведчыць супраць цябе, Ізраіль. Каб ты паслухаў Мяне,
 
Слухай, людзе Мой, і Я буду сьветчыць табе; О Ізраелю, калі б ты паслухаў Мяне!

і не было ў цябе бога чужога, і не пакланяўся ты богу чужынцаў!
 
Хай ня будзе ў цябе чужога бога, і ня кланяйся богу чужаземнаму.

Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай! Расчыні шырока вусны твае, і Я напоўню іх.
 
Я — СПАДАР, Бог твой, Каторы ўзьвёў цябе ізь зямлі Ягіпецкае; шырака рашчыні рот свой, і Я напоўню яго.

Але народ Мой не паслухаў голасу Майго, і Ізраіль ня быў паслухмяны Мне.
 
І ня слухаў люд Мой голасу Майго, Ізраель не хацеў Мяне;

Дык Я пакінуў іх у закамянеласьці сэрца іхняга, і яны хадзілі паводле намераў сваіх.
 
І Я пусьціў іх на ўпорлівасьць сэрцаў іхных, хай ідуць подле радаў сваіх.

О, калі б народ Мой паслухаў Мяне, калі б Ізраіль хадзіў шляхамі Маімі,
 
О каб люд Мой паслухаў Мяне, каб Ізраель хадзіў па дарогах Маіх!

Я б неўзабаве ўпакорыў ворагаў іхніх, і супраць прыгнятальнікаў іхніх павярнулася б рука Мая.
 
Яшчэ крыху, і Я ўборзьдзе непрыяцеляў іхных услышыў бы, і на ўцісканьнікаў іхных павярнуў бы руку Сваю;

Тыя, што ГОСПАДА ненавідзяць, падпарадкаваліся б ім, а шчасьце іхняе трывала б на вякі.
 
Ненавідзячыя СПАДАРА зьгіналіся б перад імі, і трываў бы на векі іх час;

І Я карміў бы іх з тлустасьці пшаніцы, мёдам са скалы насычаў бы іх».
 
Я жывіў бы вас тукам пшонкі і мёдам із скалы насыціў бы вас».