Псалтыр 86 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Малітва Давіда. Прыхілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё, адкажы мне, бо я — бедны і прыгнечаны.
 
Малітва Давідава. Нахіні, СПАДАРУ, вуха Свае, адкажы імне, бо я ўбогі а бедны.

Захавай душу маю, бо я — багабойны. Збаў Ты, Божа, слугу Твайго, які на Цябе спадзяецца.
 
Захавай душу маю, бо я дабрачэсьлівы; Ты, Божа мой, выбаві слугу Свайго, каторы спадзяецца на Цябе.

Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо я клічу да Цябе ўвесь дзень.
 
Зьмілуйся над імною, Спадару, бо я гукаю да Цябе ўвесь дзень.

Узрадуй душу слугі Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, я душу маю ўзьнімаю.
 
Пацеш душу слугі Свайго, бо да Цябе, СПАДАРУ, я падыймаю душу сваю,

Бо Ты, Госпадзе, — добры і літасьцівы, і вельмі міласэрны для ўсіх, што Цябе клічуць.
 
Бо Ты, Спадару, добры а выбачны а багаты ласкаю да ўсіх гукаючых Цябе.

Прыхілі вуха, ГОСПАДЗЕ, на малітву маю і выслухай голас маленьня майго!
 
Пачуй, СПАДАРУ, малітву маю і ўважай на голас маленьня майго.

У дзень тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты адкажаш мне.
 
У дзень уціску свайго я буду гукаць Цябе, бо Ты адкажаш імне.

Няма між багамі падобнага да Цябе, Госпадзе, і няма такіх чынаў, як Твае.
 
Памеж багоў нямаш падобнага да Цябе, Спадару, ані справаў таковых, як Твае.

Усе народы, якія Ты стварыў, прыйдуць і паклоняцца перад абліччам Тваім, Госпадзе, і будуць ушаноўваць імя Тваё.
 
Усі народы, каторыя Ты ўчыніў, прыйдуць, і паклоняцца Табе, Спадару, і будуць сьціць імя Твае;

Бо Ты — вялікі і робіш цуды, Ты — Бог, толькі Ты адзін.
 
Бо Ты вялікі й робіш чудосы; Ты Бог адзіны.

Навучы мяне, ГОСПАДЗЕ, шляху Твайму, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; зьяднай сэрца маё, каб баялася імя Твайго.
 
Наўчы мяне дарогі Свае, СПАДАРУ, я буду хадзіць у праўдзе Тваёй; прыхіні сэрца мае баяцца імені Твайго.

Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім, і буду ўшаноўваць імя Тваё на вякі.
 
Буду хваліць Цябе, Спадару, Божа мой, усім сэрцам сваім і буду сьціць імя Твае на векі;

Бо міласэрнасьць Твая нада мною вялікая, і Ты выратаваў душу маю з глыбіні пекла.
 
Бо ласка Твая вялікая над імною, і Ты выбавіў душу маю ад ніжшага шэолю.

Божа, пыхлівы паўстаў супраць мяне, і грамада моцных шукае душу маю, і на Цябе не зважаюць яны.
 
Божа, гордыя паўсталі на мяне, і зборы страшных шукаюць душы мае, і не становяць Цябе перад сабою.

Але Ты, Госпадзе, — Бог спагадлівы і літасьцівы, павольны да гневу і багаты на міласэрнасьць і праўду.
 
Але Ты, Спадару, Бог спагадлівы а ласкучынюшчы, памалы да гневу а вельмі міласэрны а праўдзівы.

Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною; дай сілу Тваю слузе Твайму і збаў сына служкі Тваёй!
 
Зьвярні відзеньне Свае да мяне і май міласэрдзе над імною, дай сілу слузе Свайму і выбаві сына служэбкі Свае.

Учыні Ты для мяне знак добрасьці Тваёй, і ўгледзяць гэта тыя, што ненавідзяць мяне, і будуць асаромленыя, бо Ты, ГОСПАДЗЕ, мне дапамог і пацешыў мяне.
 
Зрабі імне знак на дабро, і абачаць ненавідзячыя мяне і засаромяцца, бо Ты, СПАДАРУ, памог імне й пацешыў мяне.