Выхад 27 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І зробіш ахвярнік з дрэва акацыі, пяць локцяў у даўжыню і пяць локцяў у шырыню, чатырохкутні будзе ахвярнік, і тры локці ў вышыню.
І зрабі аброчнік ізь дзерва акацы пяць локцяў удаўжкі і пяць локцяў ушыркі, хай будзе аброчнік чатыракутні, і тры локці ўвышкі.
І зробіш рогі ягоныя на чатырох вуглах ягоных, з яго будуць выходзіць рогі ягоныя, і пакрыеш іх медзьдзю.
І зрабі рогі ягоныя на чатырох вуглох ягоных, каб ізь яго выходзілі рогі ягоныя, і пацягні яго медзяй.
І зробіш да яго гаршчкі для [высыпаньня] попелу з яго, і лапаткі ягоныя, і місы ягоныя, і відэльцы ягоныя, і кадзільніцы ягоныя. Усе начыньні зробіш з медзі.
І зрабі да яго гаршкі, высыпаць у іх попел, а лапаткі а чары а відзёлкі а вуглянкі да ўсіх судзінаў ягоных зрабі зь медзі.
І зробіш да яго крату, плеценай работы, мядзяную, і зробіш на пляцёнцы чатыры колцы мядзяныя на чатырох вуглах яе.
І зрабі да яе крату, падобную да пляцёнкі, мядзяную, і зрабі на пляцёнцы чатыры колцы мядзяныя да чатырох вуглоў яе.
І паложыш яе зьнізу пад вобад ахвярніка так, каб пляцёнка была да паловы ахвярніка.
І палажы яе далавах пад вобад аброчніка так, каб пляцёнка была да палавіцы аброчніка.
І зробіш насілы для ахвярніка, насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх медзьдзю.
І зрабі нашулкі да аброчніка, нашулкі зь дзерва акацы, і пацягні іх медзяй.
І ўкладзеш насілы ягоныя ў колцы, і будуць насілы па абодвух баках ахвярніка для нашэньня яго.
І ўводзь нашулкі ягоныя ў колцы, і будуць нашулкі па абодвых бакох аброчніка, як носяць яго.
Пустым унутры з дошак зробіш яго. Як паказана табе на гары, так няхай зробяць.
Пустым унутры з дашчок зрабі яго; як паказана табе на гары, так зрабіце яго.
І зробіш панадворак Сялібы. З паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень, заслоны для панадворку з кручанага вісону, даўжынёй у сто локцяў з аднаго боку.
Зрабі панадворак вітальні: з паўднявога боку на паўдня заслоны да панадворку зь цянюсенькага тканага палатна, удаўжкі сто локцяў па адным баку.
І слупоў да іх дваццаць, і падставак да іх дваццаць мядзяных; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.
І стаўпоў да іх дваццаць, і падложкаў да іх дваццаць мядзяных; кручкі да стаўпоў і прывязкі срэбныя.
Таксама з паўночнага боку ўздоўж [будуць] заслоны ў сто [локцяў] даўжыні; і слупоў да іх дваццаць, і падставак да іх дваццаць мядзяных; а кручкі на слупах і клямкі да іх — срэбныя.
Таксама па баку паўночным уздоўж заслоны сто локцяў удаўжкі; і стаўпоў да іх дваццаць, і падложкаў да іх дваццаць мядзяных; кручкі да стаўпоў і прывязкі да іх срэбныя.
А на шырыню панадворку з заходняга боку [будуць] заслоны ў пяцьдзясят локцяў; слупоў да іх дзесяць, і падставак да іх дзесяць.
Ушыркі панадворку да боку мора (захаду) заслоны пяцьдзясят локцяў; стаўпоў да іх дзесяць, і падложкаў да іх дзесяць.
І шырыня панадворку з пярэдняга боку, [што глядзіць] на ўсход, — пяцьдзясят локцяў.
І ўшыркі панадворку зь пярэдняга боку на ўсход пяцьдзясят локцяў.
Пятнаццаць локцяў — заслоны з [аднаго] краю; слупоў да іх тры, і падставак да іх тры.
Пятнанцаць локцяў заслоны да боку; стаўпоў да іх тры, і падложкаў да іх тры.
І з другога краю — заслоны ў пятнаццаць [локцяў]; слупоў да іх тры, і падставак да іх тры.
І да другога боку пятнанцаць заслонаў; стаўпоў да іх тры, і падложкаў да іх тры.
А для брамы панадворку — заслона ў дваццаць локцяў з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, гафтаванае работы; слупоў да яе чатыры, і падставак да іх чатыры.
А ля брамы панадворку запона дваццацёх локцяў з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны, і зь цянюсенькага палатна вышыванае работы; стаўпоў да яго чатыры, і падложкаў да іх чатыры.
Усе слупы вакол панадворку злучаны срэбнымі клямкамі; кручкі ў іх — срэбныя, а падстаўкі да іх — мядзяныя.
Усі стаўпы наўкола панадворку маюць быць злучаны срэбнымі прывязкамі; кручкі ў іх срэбныя, і падложкі да іх мядзяныя.
Даўжыня панадворку — сто локцяў, а шырыня — пяцьдзясят і пяцьдзясят [паўсюль], а вышыня — пяць локцяў; [заслоны —] з кручанага вісону, а падстаўкі [слупоў] — мядзяныя.
Удаўжкі панадворак сто локцяў, а шырыня пяцьдзясят і пяцьдзясят, а вышыня пяць локцяў; запоны з цянюсенькага суканага палатна, а падложкі мядзяныя.
Усе начыньні Сялібы для ўсялякага ўжываньня ў ёй і ўсе калкі ейныя, і ўсе калкі панадворку — мядзяныя.
Усе судзьдзе вітальні на ўсялякую службу ў ёй і ўсі калкі ейныя, і ўсі калкі панадворку — зь медзі.
І ты загадаеш сынам Ізраіля, і возьмуць табе алей з аліўкаў, чысты, выціснуты, для асьвятленьня, каб лямпы гарэлі заўсёды.
І кажы сыном Ізраелявым, і возьмуць табе алівы з аліўкаў, чыстае, таўчонае, на сьвячэньне, каб гарэў сьветач штачасна.
У Намёце Спатканьня навонкі ад заслоны, якая перад Сьведчаньнем, будуць запальваць іх Аарон і сыны ягоныя з вечара да раніцы перад абліччам ГОСПАДА. [Гэта] пастанова вечная для пакаленьняў іхніх ад сыноў Ізраіля.
У будане збору вонках запінахі, каторая над сьветчаньням, будзе ладзіць яго Аарон а сынове ягоныя, зь вечара да раньня, перад відам СПАДАРОВЫМ. Устава вечная пакаленьням іхным ад сыноў Ізраелявых.