Выхад 36 разьдзел
Выхад
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І зробіць Бэцалеэль, і Агаліяў, і кожны мудры сэрцам, якому даў ГОСПАД мудрасьць і разумнасьць у нутры іхнім, каб маглі зрабіць усю працу для служэньня ў сьвятыні, усё, як загадаў ГОСПАД».
І рабіў Бецал-эль, і Аголяў, і кажны мудры сэрцам, каторым даў СПАДАР мудрасьць а кемнасьць у нутр ім, каб зрабіць усялякую работу служэньня ў сьвятыні ў вусім, як расказаў СПАДАР.
І паклікаў Майсей Бэцалеэля, і Агаліява, і кожнага мудрага сэрцам, якому ГОСПАД даў мудрасьць у сэрца ягонае, усіх, каго прынукала сэрца ягонае ўзяцца за працу і зрабіць яе.
І гукнуў Масей Бецал-эля, і Аголява, і кажнага мудрага сэрцам, катораму СПАДАР даў мудрасьць у сэрца ягонае, кажнага, каго прынукала сэрца прыступіць да работы й рабіць.
І ўзялі яны ад аблічча Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраіля на працы для служэньня ў сьвятыні, каб зрабіць яе. І яны прыносілі да яго яшчэ дабраахвотна кожную раніцу.
І ўзялі яны ад віду Масеявага ўвесь дар, каторы прынесьлі сынове Ізраелявы на работы служэньня сьвятыні, каб рабіць яе; а яны прыносілі да яго яшчэ самахотныя дары кажнае раніцы рана.
І прыйшлі ўсе мудрыя, якія рабілі ўсялякія працы ў сьвятыні, кожны ад працы сваёй, якою яны займаліся,
І прышлі ўсі мудрыя, што рабілі ўсялякія работы сьвятыні, кажны ад свае работы, якою яны займаліся,
і сказалі Майсею, кажучы: «Народ вельмі шмат прыносіць, больш, чым патрэбна для працы, якую загадаў ГОСПАД зрабіць».
І сказалі Масею, кажучы: «Люд лішне шмат прыносе, болей чымся патрэбна да служэньня на работу, якую расказаў СПАДАР зрабіць».
І загадаў Майсей, і абвешчана было ўголас у табары, кажучы: «Ані мужчына, ані жанчына няхай ня робяць ужо нічога як дар для сьвятыні». І перастаў народ прыносіць [дары].
І расказаў Масей, і абешчана было ў табару, кажучы: «Ані мужчына, ані жонка не рабіце ўжо нічога на дар у сьвятыню»; і перастаў люд прыносіць.
І прынесенага на работу было даволі на ўсялякую працу, якую належала зрабіць, і яшчэ заставалася.
І прынесенага на работу было даволі на ўсялякую работу, якую належыла рабіць, і аж заставалася.
І зрабілі ўсе мудрыя сэрцам, якія займаліся працаю ў Сялібе, дзесяць палотнаў з кручанага вісону, блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і херувімаў майстэрскай работай зрабілі на іх.
І зрабілі ўсі мудрыя сэрцам, што займаліся работаю вітальні: дзесяць спонаў із суканага цянюсенькага палатна й з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны; херуваў умелай работаю зрабілі на іх.
Даўжыня аднаго палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня аднаго палатна — чатыры локці. Адна мера для ўсіх палотнаў.
Удаўжкі кажная спона дваццаць восьмі локцяў, і ўшыркі кажная чатыры локці; усіх спонаў адна мера.
І злучыў [Бэцалеэль] пяць палотнаў адно з адным, і пяць [іншых] палотнаў злучыў адно з адным.
І злучыў ён пяць спонаў адну з аднэй, і пяць спонаў злучыў адну з аднэй.
І зрабіў пяцелькі з блакіту на краі аднаго палатна для спінаньня; гэтак зрабіў ён на краі апошняга палатна, для спінаньня з іншага боку.
І зрабіў аплічкі васільковага колеру на краю аднае споны, ідзе яна шчапляецца з другой; гэтак зрабіў ён і на краю апошняе споны, да шчапленьня яе з другой.
Пяцьдзясят пяцелек зрабіў ён на адным палатне, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на канцы палатна для спінаньня з другім; пяцелькі гэтыя — насупраць адна адной.
Пяцьдзясят аплічкаў зрабіў ён на аднэй споне, і пяцьдзясят аплічкаў зрабіў на канцу споны, ідзе яна шчапляецца з другой; аплічкі гэтыя былі адна супроці аднае.
І зрабіў пяцьдзясят гачыкаў залатых, і злучыў гачыкамі палотны адно з адным, і сталася Сяліба адным [цэлым].
І зрабіў пяцьдзясят кручкоў залатых, і кручкамі злучыў адну спону з аднэй, і сталася вітальня адна.
І зрабіў палотны з казінае [поўсьці] для намёту Сялібы; адзінаццаць палотнаў зрабіў іх.
І зрабіў споны з казінае поўсьці да будану вітальні; адзінанцаць спонаў зрабіў іх.
Даўжыня аднаго палатна — трыццаць локцяў, і чатыры локці — шырыня аднаго палатна; мера адна для адзінаццаці палотнаў.
Удаўжкі адна спона трыццаць локцяў, і чатыры ўшыркі адна спона; мера адна ўсіх адзінанцацёх.
І злучыў ён пяць палотнаў асобна, і шэсьць палотнаў асобна.
І злучыў ён пяць спонаў асобна а шэсьць спонаў асобна.
І зрабіў пяцьдзясят пяцелек на краі палатна на канцы для спінаньня, і пяцьдзясят пяцелек зрабіў на краі палатна для спінаньня з іншага боку.
І зрабіў пяцьдзясят аплічкаў па краю споны, каторая шчапляецца з другой.
І зрабіў пяцьдзясят гачыкаў мядзяных для злучэньня намёту, каб быў адным [цэлым].
І зрабіў пяцьдзясят мядзяных кручкоў да злучэньня будана, каб быў адзін.
І зрабіў пакрыцьцё на намёт са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, і пакрыцьцё на верх са скураў тахаш.
І зрабіў прыкрыцьце да вітальні з чырвоных бараніх скураў, і пакрыцьце із скураў барсуковых на верх.
І зрабіў дошкі для Сялібы, якія будуць стаяць [проста], з дрэва акацыі.
І зрабіў дошкі да вітальні зь дзерва акацы стаячыя.
Дзесяць локцяў — даўжыня дошкі, і паўтары локці — шырыня адной дошкі.
Дзесяць локцяў удаўжкі дошка, паўтара локця ўшыркі кажная дошка.
Па два шыпы ў кожнай дошцы, асаджаныя адзін насупраць другога; гэтак зрабіў ён у-ва ўсіх дошках Сялібы.
Па два чэпы ў кажнай дошцы, адзін супроці аднаго; гэтак зрабіў ён да ўсіх дашчок вітальні.
І зрабіў дошкі для Сялібы — дваццаць дошак для паўднёвага боку, [што глядзіць] на поўдзень.
І зрабіў дашчок да вітальні: дваццаць дашчок да паўднявога боку, на паўдня;
І сорак срэбных падставак зрабіў пад дваццаць дошак: дзьве падстаўкі пад адну дошку да двух шыпоў ейных, і дзьве падстаўкі пад другую дошку да двух шыпоў ейных.
І сорак срэбных падложкаў зрабіў пад дваццаць дашчок: два падложкі пад адну дошку да двух чэпаў яе, і два падложкі пад другую дошку да двух чэпаў яе.
І да другога боку сялібы, [што глядзіць] на поўнач, зрабіў дваццаць дошак,
І Да друтога боку вітальні, на поўнач, зрабіў дваццаць дашчок,
і сорак падставак для іх срэбных: дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.
І сорак срэбных падложкаў іх: два падложкі пад аднў дошку, і два падложкі пад другую дошку.
І да задняга боку Сялібы, [што глядзіць] на захад, зрабіў шэсьць дошак.
І да заходняга боку вітальні зрабіў шэсьць дашчок.
І дзьве дошкі зрабіў для вуглоў Сялібы пры [заходнім] боку.
І дзьве дошкі зрабіў да вугла вітальні на задні бок.
І яны былі злучаныя ўнізе, і разам злучаныя ўгары адным колцам. Гэтак зрабіў ён з імі абедзьвума на абодвух вуглах.
І яны былі падвойныя далавах і разам былі злучаныя ўгары ў вадным колцу; гэтак зрабіў ён ізь імі абедзьвімі на абодвых вуглох.
І [так] было восем дошак, і падставак іхніх срэбных шаснаццаць, дзьве падстаўкі пад адну дошку, і дзьве падстаўкі пад другую дошку.
І было восьмі дашчок, і срэбных падложкаў шаснанцаць па два падложкі, па два падложкі пад кажную дошку.
І зрабіў ён жэрдкі з дрэва акацыі, пяць [жэрдак] да дошак аднаго боку сялібы,
І зрабіў завалы зь дзерва акацы, пяць да дашчок аднаго боку вітальні,
і пяць жэрдак да дошак другога боку сялібы, і пяць жэрдак да дошак задняга боку сялібы.
І пяць завалаў да дашчок другога боку вітальні, і пяць завалаў да дашчок задняга боку вітальні.
І зрабіў сярэднюю жэрдку, што праходзіла пасярэдзіне дошак ад аднаго канца да другога.
І зрабіў сярэднюю завалу, што праходзіла б пасярэдзіне дашчок ад аднаго канца да другога.
І дошкі пакрыў золатам; і колцы на іх для ўкладаньня жэрдак зрабіў з золата, і жэрдкі пакрыў золатам.
І дошкі пацягнуў золатам; і колцы зрабіў із золата, як месцы ўкладаць завалы, і завалы пацягнуў золатам.
І зрабіў заслону з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону; і мастацкай работай зрабіў на ёй херувімаў.
І зрабіў запінаху з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны і з тканага цянюсенькага палатна; і работаю мастака зрабіў на ёй херуваў.
І зрабіў да яе чатыры слупы з акацыі, і пакрыў іх золатам, і кручкі на іх — залатыя, і выліў да іх чатыры падстаўкі срэбныя.
І зрабіў да яе чатыры стаўпы з акацы, і пацягнуў іх золатам, кручкі іх залатыя, і выліў да іх чатыры срэбныя падложкі.
І зрабіў заслону на ўваходзе намёту з блакіту, пурпуру, барвовага кармазыну і кручанага вісону, гафтаванае работы,
І зрабіў: запону да ўходу будану з васільковае а пурпуровае а чырвовае воўны і зь цянюсенькага палатна, узорнае работы,
і слупоў для яе пяць з кручкамі да іх, і пакрыў вярхі іхнія і клямкі іхнія золатам, і [выліў] да іх пяць падставак мядзяных.
І стаўпоў пяць да яе зь іх кручкамі; і пацягнуў вярхі іх і вязі іх золатам, і падложкаў іх пяць ізь медзі.