Ісаі 49 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Паслухайце Мяне, астравы, зважайце, далёкія народы! ГОСПАД паклікаў Мяне з улоньня [маці], ад чэрава маці Маёй Ён узгадаў імя Маё.
Слухайце, абтокі, мяне, і прыслухайцеся, люды, здалеку: СПАДАР пагукаў мяне з улоньня, ад нутра маці мае ўспомнеў імя мае;
І зрабіў Ён вусны Мае, як меч востры; у ценю рукі Сваёй схаваў Мяне. І зрабіў Ён з Мяне стралу вострую, і схаваў Мяне ў сагайдаку Сваім.
І зрабіў вусны мае як войстры меч; сьценям рукі Свае схаваў мяне, і зрабіў мяне палераванаю стралою, у сагайдаку Сваім схаваў мяне,
І сказаў Мне: «Ты — слуга Мой, Ізраіль, у Табе Я праслаўлюся».
І сказаў імне: «Слуга Мой ты, Ізраелю, у каторым Я ўслаўлюся».
А Я сказаў: «Надарма Я працаваў, на пустое і марнае выдаткаваў Я сілу Маю. Аднак суд Мой у ГОСПАДА, і ўзнагарода Мая — у Бога Майго».
А я казаў: «Дарма я цяжка працаваў, на пустое а марнае я высіліў сілу сваю; але суд мой у СПАДАРА, і праца мая ў Бога майго».
І цяпер кажа ГОСПАД, Які ўкшталтаваў Мяне ад улоньня [маці] на слугу Сабе, каб навярнуць Якуба да Сябе і каб Ізраіль для Яго быў сабраны. І Я праслаўлены ў вачах ГОСПАДА, і Бог Мой стаўся моцай Маёй.
І цяпер сказаў СПАДАР, Каторы ўхармаваў Мяне ад улоньня за слугу Свайго, навярнуць Якава да Яго, каб Ізраель быў зьберты да Яго; і Я ўславіўся ў ваччу СПАДАРА, і Бог Мой быў сілаю Маёй.
І Ён сказаў: «Замала таго, каб Ты быў для Мяне слугою, каб аднавіць калены Якуба і каб вярнуць выратаваных Ізраіля, але Я пастаўлю Цябе Сьвятлом для народаў, каб быў Ты збаўленьнем Маім аж да краю зямлі».
І Ён сказаў: «Мала таго, каб Ты быў слугою Маім, падняць плямёны Якававы і навярнуць захаваныя Ізраеля; але Я дам Цябе за сьвятліню народам, каб было спасеньне Мае да канца зямлі».
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель Ізраіля, Сьвяты ягоны, да пагарджанай душы, да Таго, Якім брыдзяцца народы, да Слугі тых, што пануюць: «Валадары ўбачаць Цябе, і паўстануць князі і паклоняцца дзеля ГОСПАДА, бо Ён верны, і [дзеля] Сьвятога Ізраіля, Які выбраў Цябе».
Гэтак кажа СПАДАР, Адкупіцель Ізраеляў, Сьвяты ягоны, таму, каторага душой грэбуюць, каторага збрыдзіў народ, слузе дзяржаўцаў: «Каралі абачаць, і ўстануць князі, паклоняцца дзеля СПАДАРА, Каторы верны, Сьвяты Ізраеляў, і Ён абраў цябе».
Гэта кажа ГОСПАД: «У час ласкі Я адказаў Табе, і ў дзень збаўленьня Я дапамог Табе, і Я захаваю Цябе, і пастаўлю Цябе запаветам для народу, каб аднавіць зямлю, каб разьдзяліць спадчыну спустошаную,
Гэтак кажа СПАДАР: «У часе зычлівасьці Я адкажу табе, і ў дзень спасеньня Я памагу табе, і захаваю цябе, і зраблю цябе змоваю людаў, каб аднавіць зямлю і ўзяць у дзяржаньне спустошаны спадак,
каб сказаць вязьням: “Выходзьце!”, а тым, якія ў цемры: “Зьявіцеся!” Яны будуць пасьвіцца на ўсіх дарогах, на ўсіх лысых узгорках будзе паша іхняя.
Каб сказаць вязьням: "Выходзьце" і тым, што ў цемні: "Пакажыцеся". Яны на дарогах будуць пасьціцца, і на ўсіх узгорках пасьцьбішча іхнае.
Ня будуць яны галадаць і ня будуць смагнуць, і ня ўдарыць іх сьпёка і сонца, бо Той, Які шкадуе іх, будзе весьці іх, і да крыніцаў водных павядзе іх.
Ня будуць галодныя ані ўсьмяглыя, і ня зразе іх вад ані сонца, бо Мілуючы іх павядзець іх і ля жаролаў водаў пакіруе іх.
Я зраблю ўсе горы Мае дарогаю, і сьцежкі Мае будуць узьнятыя.
І абярну ўсі горы Свае ў дарогі, і гасьцінцы Мае будуць павышаны.
Вось, тыя прыходзяць здалёк, а вось гэтыя — з поўначы і з захаду, а іншыя — з зямлі Сінім.
Вось, гэтыя прыйдуць здалеку, і гля, гэныя прыйдуць із поўначы а із захаду, а гэныя ізь зямлі Сынім».
Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля! Гукаючы, гукайце, горы, ад радасьці! Бо пацешыў ГОСПАД народ Свой і зьлітаваўся над убогім Сваім.
Пяіце, нябёсы, і весяліся, зямля, і выбухніце пяцьцём, горы, бо пацешыў СПАДАР люд Свой і над убогімі Сваімі зьмілуецца.
А Сыён казаў: «Пакінуў мяне ГОСПАД, Госпад мой забыўся пра мяне!»
І сказаў Сыён: «СПАДАР пакінуў мяне, і Спадар забыўся мяне».
Ці ж забудзецца жанчына пра немаўля сваё, каб не пашкадавала сына ўлоньня свайго? Але [нават] калі яна забудзецца, Я не забудуся пра цябе!
«Ці забудзецца жонка ссучае свае? ці не пажалее яна сына жывата свайго? Калі нават і яны забудуцца, то Я не забудуся цябе:
Вось, Я запісаў цябе на далонях Маіх, муры твае перада Мною заўсёды.
Вось, на далонях Я нарысаваў цябе; сьцены твае заўсёды перад Імною.
Сьпяшаюцца тыя, якія будуюць цябе, а тыя, якія руйнавалі цябе і спусташалі цябе, адыйдуць ад цябе.
Дзеці твае пабарзьдзяць да цябе, нішчыцелі ж а пустошнікі твае адыйдуць ад цябе.
Падымі навокал вочы свае і паглядзі! Усе яны сабраліся і ідуць да цябе. Як жывы Я, кажа ГОСПАД, усіх іх ты ўзложыш [на сябе], як аздобу, і будзеш падвязаная імі як нявеста.
Узьнімі навокал вочы свае й глянь: усі яны зьберліся разам, прыходзяць да цябе. Жыў Я, — агалашае СПАДАР: — Ты ўсімі імі, як прыборам, прыбярэшся і завяжаш іх, як княгіня маладая.
Бо руіны твае і спусташэньне тваё, і зямля зьнішчэньня твайго цяпер будзе цеснай для жыхароў, і адыйдуць далёка тыя, якія руйнавалі цябе.
Тады спустошаньне а запусьценьне вашае а зямля зьнішчэньня стануцца цеснымі жыхарам вашым: і будуць аддалены глытаючыя вас.
Зноў скажуць у вушы твае сыны сіроцтва твайго: «Цеснае для мяне месца гэта, дай мне прастор, каб я мог пасяліцца».
Яшчэ скажуць сынове твае ў вушы твае, па Тваёй страце іншых: "Месца імне цеснае: дабліж імне месца, і буду жыць".
І ты скажаш у сэрцы сваім: «Хто нарадзіў мне іх? Бо я была бязьдзетная і няплодная, выгнаная і заведзеная ў няволю. Дык хто выгадаваў іх? Вось, я засталася самотнай, а яны адкуль узяліся?»
І скажаш у сэрцу сваім: "Хто нарадзіў імне іх? я была спабытая дзяцей, адзінотная, заведзеная ў палон і адкіненая, хто ж выгадаваў іх? вось, я заставалася адна: скуль яны?"»
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я падыму руку Маю да народаў, і да плямёнаў уздыму сьцяг Мой, і панясуць сыноў тваіх на руках, а дочкі твае будуць несены на плячах.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Вось, Я падыйму руку Сваю народам і людам вывешу сьцяг Свой, і прынясуць сыноў тваіх на ўлоньнях, і дачкі твае будуць несены на плячох.
І будуць валадары выхавацелямі тваімі, а валадаркі іхнія — карміцелькамі тваімі. Абліччам да зямлі будуць пакланяцца табе і будуць лізаць пыл ног тваіх, і ты даведаешся, што Я — ГОСПАД, і ня будуць асаромлены тыя, якія спадзяюцца на Мяне».
І каралі будуць узгадавацелямі тваімі, і караліцы карміцелкамі тваімі; і будуць кланяцца табе відам аж да зямлі і пыл ног тваіх лізаць, і пазнаеш, што Я СПАДАР, бо не засаромяцца тыя, што спадзяюцца на Мяне».
Ці ж можна забраць у волата здабычу, або ці палоненыя пераможцам могуць быць выратаваныя?
Ці можа быць адабраны здабытак у дужога? ці можа палон уцячы ад пераможцы?
Бо гэта кажа ГОСПАД: «Нават палоненыя волатам будуць забраныя [ў яго], і здабыча прыгнятальніка будзе выратаваная. Я буду змагацца з супраціўнікам тваім, і сыноў тваіх Я збаўлю.
Бо гэтак кажа СПАДАР: «Нават калі палоненік у дужога будзе забраны, і здабытак тыраноў вывальнены, то Я буду прававацца з праціўнікамі тваімі й дзеці твае Я выбаўлю.
І Я прымушу крыўдзіцеляў тваіх есьці цела сваё, і ўласнай крывёю яны нап’юцца, быццам маладым віном. І даведаецца кожнае цела, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба».
А ўцісканьнікаў тваіх Я прысілю есьці собскае цела, і яны ўп’юцца собскай крывёй, як вінным сокам; і пазнае кажнае цела, што Я СПАДАР, Спас твой і Адкупіцель твой, Дужы Якаваў».