Ісаі 58 разьдзел
Кніга прарока Ісаі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Крычы на [ўсё] горла, ня стрымлівайся! Як труба, узьнімі голас твой і абвяшчай народу Майму злачынствы іхнія, а дому Якуба — грахі іхнія.
«Гукай горлам, не адзержуйся; як труба, узьнімі голас свой і абясьці люду Майму выступы ягоныя і дому Якававаму — грахі ягоныя;
Яны шукаюць Мяне з дня ў дзень і жадаюць ведаць шляхі Мае, быццам народ, які чыніць праведнасьць і не занядбоўвае суду Бога свайго. Пытаюцца Мяне пра суд праведны, наблізіцца да Бога жадаюць.
Бо кажны дзень яны шукаюць Мяне й зычаць пазнаць дарогі Мае, бы народ, што чыніў справядлівасьць і суду Бога свайго не пакідае; яны пытаюцца ў Мяне праз загады справядлівасьці й зычаць дабліжыцца да Бога:
«Чаму мы посьцілі, а Ты ня бачыў? Мы мучылі душы нашыя, а Ты ня ведаеш?» Вось, у дзень посту вашага вы спаўняеце пажаданьні вашыя і ўсіх работнікаў сваіх вы прыгнятаеце.
"Чаму мы постуем, а Ты ня бачыш, мучым душы свае, а Ты ня ведаеш?" Вось, у дзень посту свайго вы шукаеце сабе прыемнасьці і да ўсіх работаў сваіх стродка прыганяеце.
Вось, вы посьціце, каб вадзіцца і сварыцца, і б’іцёся кулакамі нахабна. Ня трэба посьціць так, як у гэты дзень, каб быў выслуханы на вышынях голас ваш.
Вось, вы постуеце, каб сьперачацца а вадзіцца і біць вашым нягодным кулаком; наперад ня постуйце, як цяпер, каб пачуты быў на вышынях голас ваш.
Ці ж гэта той пост, які Я выбраў, дзень, калі чалавек прыгнятае душу сваю, гне галаву сваю, як трысьціна, і ў зрэбніцу апранаецца, і попелам пасыпае [галаву]? Ці ж гэта ты называеш постам і днём, які ўпадабаў ГОСПАД?
Хіба такі мае быць пост, каторы Я абраў, дзень, каторага чалавек муча душу сваю, сьхінае, як трысьціну, галаву сваю, і зрэб’е а попел падсьцілае? ці гэта завеш ты постам і часам прыемным СПАДАРУ?
Ці ж ня гэта пост, які Я выбраў: здымі кайданы бязбожнасьці, разьвяжы путы ярма, пусьці ўцісканых на свабоду і ўсякае ярмо скрышы.
Ці ня гэта пост, што Я абраў, каб разьвязаць вязі нягоднаеьці, разьвязаць вязі йга, і пусьціць на волю ўцісьненых, і каб ты разарваў кажнае йго?
Ці ж ня ў тым [пост], каб падзяліцца хлебам сваім з галодным, убогіх і бяздомных увесьці ў дом? Калі ўбачыш голага, апрані яго, і перад крэўным сваім не хавайся.
Ці ня ў тым, — каб ты адламіў галоднаму хлеба свайго, увёў у дом хадзякаў ўбогіх? калі ты абачыш голага, адзень яго й не хавайся ад свайго цела.
Тады зазіхціць сьвятло тваё, як зараніца, і рана твая хутка загоіцца, і пойдзе перад абліччам тваім праведнасьць твая, а слава ГОСПАДА будзе ісьці за табой.
Тады выбухне, як зара, сьвятло твае, і ўздараўленьне твае борзда вырасьце, і пойдзе перад табою справядлівасьць твая, чэсьць СПАДАРОВА зьбярэць цябе.
Тады будзеш клікаць, і ГОСПАД адкажа, будзеш крычаць, і Ён скажа: «Вось Я!» Калі ты прыбярэш спаміж сябе ярмо і ня будзеш пагражаць пальцам і гаварыць ліхое,
Тады ты пагукаеш, і СПАДАР адкажа; будзеш гукаць, і Ён скажа: "Тут Я!" Калі ты аддаліш з пасярод сябе ўсе йго а паказаваньне палцам а гуканьне бяспраўя,
і калі адкрыеш душу сваю галоднаму і душу засмучаную насыціш, тады заясьнее сьвятло тваё ў цемры, і змрок твой [стане] як [сьвятло] апоўдні.
Калі ты аддасі галоднаму душу сваю і душу гаротніка насыціш; тады зазьзяе ў цемні сьвятліня твая, і цемрадзь твая будзе як паўдня;
І будзе ГОСПАД весьці цябе заўсёды, і насыціць душу тваю ў зямлі сухой, і ўмацуе косткі твае. І будзеш ты як сад паліваны, і як крыніца вады, у якой не сканчваецца вада ейная.
І будзе вадзіць цябе СПАДАР кажначасна, і насыце ў сухменю душу тваю, і косьці твае ўмацуе, і ты будзеш як добра наводнены гарод, як жарало вады, каторага воды ніколі не высыхаюць.
І адбудуюць [сыны] твае руіны адвечныя, ты адновіш падваліны многіх пакаленьняў, і назавуць цябе аднавіцелем выломаў, абнавіцелем шляхоў для засяленьня.
І тыя, што зь цябе, адбудуюць вечныя разьвярненьні, поды пакаленьня а пакаленьня ты адбудуеш, і назавуць цябе папраўнікам разьвярненьняў, аднавіцелям сьцежак, жыць у іх.
Калі ты дзеля суботы стрымаеш нагу тваю, каб не рабіць справаў тваіх у дзень Мой сьвяты, і назавеш суботу [днём] прыемным, сьвятым для ГОСПАДА і слаўным, і калі ўшануеш яе, каб не ісьці шляхамі сваімі, і ня будзеш шукаць, каб [рабіць] справу тваю і прамаўляць словы [пустыя],
Калі ты адвернеш нагу сваю ў сыботу, каб ня дойсьніць зычаньняў сваіх сьвятога дня Майго, і назавеш сыботу любатою, пасьвячанаю СПАДАРУ, пачэсьліваю, і ўсьціш яе, ня дойсьнячы дарогаў сваіх, і не знаходзячы сабе прыемнасьць і ня гукаючы пустых словаў;
тады ты будзеш насалоджвацца ГОСПАДАМ, і Ён падыме цябе на вышыні зямныя, і будзе карміць цябе спадчынай Якуба, бацькі твайго, бо вусны ГОСПАДА прамовілі гэта.
Тады будзеш мець любату ў СПАДАРУ, і Я прычыню, што ты будзеш ехаць на вышыні зямлі, і буду жывіць ця спадкам Якава, айца твайго; бо вусны СПАДАРОВЫ казалі гэта».