Ераміі 10 разьдзел
Кніга прарока Ераміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Слухайце слова, якое прамовіў ГОСПАД да вас, дом Ізраіля!
Доме Ізраеляў! слухайце слова, што СПАДАР кажа вам:
Гэта кажа ГОСПАД. Не вучыцеся шляху народаў гэтых і ня бойцеся знакаў нябесных, бо іх баяцца народы гэтыя.
Гэтак кажа СПАДАР: «Дарогі народаў ня вучыцеся і знакоў нябёсных не лякайцеся, бо лякаюцца народы;
Бо боствы народаў — марнасьць, бо гэта дрэва, высечанае ў лесе, зробленае долатам у руках разьбяра.
Бо звычаі людаў марныя; бо дзерва, у лесе сьсечанае, і работу рукі майстравае сякіраю,
Аздабляюць іх срэбрам і золатам, прымацоўваюць іх малатком і цьвікамі, і яны не хістаюцца.
Прыбіраюць золатам а срэбрам, адлі змацняюць яго кляўцом а гваздамі, каб ня хісталася.
Яны — як пудзіла на гародзе, яны не гавораць і, носячы, носяць іх, бо ня ходзяць яны. Ня бойцеся іх, бо ня могуць яны рабіць ані ліхое, ані добрае.
Як вытачаная пальма яны, але ня гукаюць; мусяць насіць іх, бо ня ступаюць. Ня бойцеся іх, бо яны ня робяць ліха, і рабіць дабра ня дужы».
Няма такога, як Ты, ГОСПАДЗЕ! Ты вялікі, і вялікае імя магутнасьці Тваёй!
Няма падобнага да Цябе, СПАДАРУ; вялікі Ты, і вялікае імя Твае ў магутнасьці Тваёй.
Хто ня будзе баяцца Цябе, Валадару народаў? Бо Табе належыць [гэта], бо паміж усіх мудрацоў народаў і паміж усіх валадарстваў іхніх няма такога як Ты!
Хто не збаіцца Цябе, Каролю народаў? бо Табе адзінаму належа гэта, бо меж усіх мудрыцоў народаў і ў вусіх каралеўствах іхных няма падобнага да Цябе.
Усе яны дурныя і неразумныя, і пустое вучэньне іхняе, гэта [толькі] дрэва.
Яны недасьціпныя а дурныя, нямаш чаго вучыцца ў дзярвянага балвана.
Срэбная бляха прывезена з Таршышу, і золата — з Уфазу, праца майстра і рук залатара. Адзеньне іхняе з пурпуру і блакіту, усё яно — праца спраўных [майстроў].
Бітае срэбра прывезена з Таршышу, а золата — з Уфазу, работа рамесьніка й рук літоўніка; шкарлат а пурпура адзецьце іхнае; выраб мудрыцоў усі яны.
А ГОСПАД — Бог праўдзівы. Ён — Бог жывы і Валадар вечны. Ад гневу Ягонага дрыжыць зямля, і народы ня могуць устаяць перад гневам Ягоным.
А СПАДАР ё Бог праўдзівы; Ён ё Бог жывы й Кароль вечны; ад гневу Ягонага трасецца зямля, і народы ня могуць вытрываць ад абурэньня Ягонага.
Вось так кажыце ім: “Богі, якія не стварылі неба і зямлю, зьнікнуць з зямлі і з-пад неба гэтага”.
Затым гэтак кажыце ім: «Багі, што не стварылі неба й зямлі, шчэзнуць ізь зямлі і спад нябёсаў».
Ён зрабіў зямлю моцай Сваёй, умацаваў сьвет мудрасьцю Сваёй, і розумам Сваім расьцягнуў неба.
А Ён учыніў зямлю сілаю Сваёю, умацаваў сьвет мудрасьцяй Сваёй і розумам сваім прасьцягнуў нябёсы.
Калі голас Ягоны загучыць, шумяць воды ў небе. Ён узьнімае хмары ад краёў зямлі, Ён выклікае маланкі і дождж і выводзіць вецер з камораў Сваіх.
Як Ён выдаець голас Свой, ё гук вады ў нябёсах, прычыняе, што пара падыймаецца з канцоў зямлі, робе маланьню дажджу і выводзе вецер із скарбаў Сваіх.
Кожны чалавек бяз веданьня — дурны, будзе асаромлены кожны залатар, [які робіць] ідала, бо тое, што зрабіў, падман, і няма духа ў іх.
Здурэў кажны чалавек ад знацьця свайго; ганьбе сябе кажны літоўнік рэзаным сваім, бо выліў ягоны — ашука, і няма ў ім духа.
Яны — марнота, праца, вартая сьмеху, у час наведваньня іхняга яны загінуць.
Яны марнасьць, работа шкеляў; у часе даведаньня да іх яны загінуць.
Не такая, як яны, частка Якуба, бо Ён —Той, Які ўкшталтаваў усё, а Ізраіль — племя спадчыны Ягонай. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае.
Не такова Дзель Якава, бо Ён Стварыцель усяго, і Ізраель пакаленьне спадку Ягонага; СПАДАР войскаў імя Ягонае.
Пазьбірай з зямлі клункі твае, ты, што сядзіш у аблозе!
Зьбірай ізь зямлі свой тавар, жыхарка гораду;
Бо гэта кажа ГОСПАД: “Вось, Я гэтым разам выкіну далёка жыхароў зямлі гэтай, і прыцісну іх, каб яны знайшлі [Мяне]”.
Бо гэтак кажа СПАДАР: «Вось, Я гэтым разам пушчу жыхараў гэтае зямлі, як із пушчала, і сьцісну іх так, што яны пачуюць гэта».
Гора мне дзеля няшчасьця майго, рана мая невылечная! А я казаў: “Гэта толькі хвароба мая, і я вытрымаю яе”.
Бяда імне з прычыны майго патрышчаньня; мая рана балючая; але я сказаў: «Пэўне гэта мая хвароба, і я буду насіць яе».
Намёт мой зьнішчаны, усе вяроўкі мае пазрываныя, сыны мае адыйшлі ад мяне і няма іх, няма ўжо нікога, хто б расьцягнуў намёт мой і хто б павесіў заслоны мае.
Будан мой аглабаны, і ўсі паварозы мае парваліся; дзеці мае пайшлі ад мяне, і няма іх; няма каму пастанавіць ізноў будан мой і расьцягнуць апоны мае;
Бо неразумныя [былі] пастыры і не зьвярталіся да ГОСПАДА, таму не пашанцавала ім, і ўвесь статак іхні расьсеяўся.
Бо здурнелі пастыры і ня шукалі СПАДАРА, затым ня мелі дасьпеху, і ўсі стады іхныя расьцярушаныя.
Голас весткі: “Вось, лязгат вялікі ідзе з зямлі паўночнай, каб перамяніць гарады Юды ў пустку, у лежышча цмокаў”.
Вось, голас дзейкі, вось, ён ідзець, і вялікае ўзрушэньне з паўночнага краю, зрабіць месты Юдэі пусташай, бярлогам ночных шакалаў.
Ведаю, ГОСПАДЗЕ, што не чалавек [вызначае] шлях свой, і ня ў [моцы] чалавека кіраваць крокамі сваімі, калі ён ідзе.
Ведаю, СПАДАРУ, што дарога чалавека ня ў ім самым, не чалавеку належацца хадня а кіраваньне сігнёў сваіх.
Карай мяне, ГОСПАДЗЕ, але паводле правасудзьдзя, ня ў гневе Тваім, каб Ты ня зьнішчыў мяне.
Казьнер мяне, СПАДАРУ, але судам, ня ў гневе Сваім, каб Ты не паменшыў мяне.
Вылі ярасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія імя Твайго ня клічуць, бо яны праглынулі Якуба і зжэрлі яго, і спустошылі сялібы ягоныя».
Вылі гнеў свой на народы, што ня знаюць Цябе, і на радзімы, што ня гукаюць імені Твайго; бо яны елі Якава, і паелі яго, і выгубілі яго, і спустошылі сялібу ягоную.