Езэкііля 22 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«А ты, сыне чалавечы, ці будзеш судзіць? Ці будзеш судзіць горад крыві? Пакажы яму ўсе брыдоты ягоныя,
«І ты, сыну людзкі, ці будзеш судзіць, ці будзеш судзіць крывавае места? і азнаймі яму ўсі агіды ягоныя,
і скажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Горад, які разьлівае кроў пасярод сябе, каб гэтым наблізіць час свой, і робіць ідалаў для сябе, каб паганіцца [імі].
І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Места разьлівае кроў сярод сябе, каб настала пара яго, і робе сабе балваны, каб плюгавіцца.
Крывёю тваёй, якую ты праліў, ты саграшыў, і ідаламі тваімі, якіх ты зрабіў, ты апаганіўся. І ты наблізіў дні твае, і прыйшлі гады твае. Таму Я аддам цябе на ганьбу сярод народаў і на пасьмешышча для ўсіх земляў.
За кроў, што ты разьлівала, ты стала вінна, і балванамі, што ты зрабіла, ты сплюгавілася, і дабліжыліся дні твае, і прышло да год сваіх. За тое Я ўчыню цябе ганьбаю ў народаў і пасьмехам усім землям.
Блізкія і далёкія ад цябе будуць сьмяяцца з цябе, [горад] з нячыстым імем і поўны замяшаньня.
Блізкія й далёкія ад цябе будуць сьмяяцца зь цябе, вельмі клопатная, што сплюгавіла імя.
Вось, князі Ізраіля, кожны ў [сіле] рамяна свайго, былі ў табе, каб разьліваць кроў.
Гля, князі ізраельскія, кажны подле сілы свае, былі ў цябе, каб разьліваць кроў.
Бацька і маці зьневажаюцца ў цябе, прыхадню робяць крыўду пасярод цябе, сірата і ўдава прыгнятаныя ў цябе.
Айца й маці ўлегцы мелі ў цябе, чужаземцу рабілі ўціск у цябе, дакучалі, сірату а ўдаву крыўдзілі ў цябе.
Сьвятыні Мае ты зневажаеш і суботы Мае зьнеслаўляеш.
Сьвятасьцямі Маімі ты грэбавала й сыботы Мае будзеніла.
Паклёпнікі ёсьць у цябе, каб праліваць кроў, на гарах ядуць у цябе і робяць распусту пасярод цябе.
У цябе людзі, што ўдаюць, каб разьліваць кроў, і ў цябе ядуць на горах, і сярод цябе бязуляць.
Голасьць бацькі адкрываецца ў цябе, [жанчыну] ў пару нячыстасьці ейнай гвалцяць у цябе.
Голасьць айца ў цябе адкрывалі, адлучаную з прычыны нечысьці паніжылі ў вас.
Адзін робіць брыдоту з жонкай бліжняга свайго, другі пляміцца распустай з нявесткай сваёй, а іншы гвалтуе ў цябе сястру сваю, дачку бацькі свайго.
Іншы із жонкаю прыяцеля свайго робе агіду, іншы сплюгавіў бязулствам нявестку сваю, іншы ў цябе паніжыў сястру, дачку айца свайго.
Прыймаюць падарункі ў цябе, каб праліваць кроў, ты бярэш адсоткі і ліхву, рабуеш і ўціскаеш бліжняга свайго, а пра Мяне забываешся, кажа Госпад ГОСПАД.
Лапаны бяруць у цябе, каб разьліваць кроў; працэнты зь лішніцаю ты бярэш, непасьцівай карысьцяй уціскаеш прыяцеля свайго, а Мяне забылася, — агалашае Спадар СПАДАР. —
Вось, Я ўдару ў далоні Мае з прычыны набыткаў, якія ты зьбіраеш, і з прычыны крыві, якая [праліваецца] пасярод цябе.
Вось, затым Я лясну даланёю Сваёю на непасьцівы здабытак, што ты мела, і на кроў, што была сярод цябе.
Ці ўстаіць сэрца тваё? Ці будуць рукі твае моцныя ў тыя дні, калі Я вазьмуся за цябе? Я, ГОСПАД, прамовіў [гэта] і зраблю.
Ці можа вытрывае сэрца тваё альбо можа рукі твае будуць моцныя тых дзён, калі Я займуся табою? Я, СПАДАР, казаў і ўчыню.
І Я расьцярушу цябе сярод народаў, і раскідаю паміж земляў, і прыму з цябе нячыстасьць тваю.
І рассыплю цябе меж народаў, і разьвею цябе па краёх, і здыйму нечысьць ізь цябе.
І ты будзеш зьняслаўлены на вачах народаў, і даведаешся, што Я — ГОСПАД”».
І ты будзеш будзеніць сябе на ачох народаў і даведаешся, што Я — СПАДАР’"».
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«Сыне чалавечы, дом Ізраіля стаўся для Мяне як жужаль; усе яны — медзь, цына, жалеза і волава ў сярэдзіне горана, сталіся яны жужалем ад срэбра.
«Сыну людзкі! дом Ізраеляў стаў Імне выгаркамі: яны ўсі медзь а цына а зялеза а волава ў горне, срэбра стала выгаркамі.
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ўсе вы сталіся жужалем, Я зьбяру вас у сярэдзіне Ерусаліму.
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што вы ўсі сталі выгаркамі, гля, Я зьбяру вас да Ерузаліму.
Як зьбіраюць разам у горане срэбра, медзь, жалеза, волава і цыну, каб распаліць унізе агонь і растапіць іх, так і Я зьбяру вас у гневе Маім і абурэньні Маім, і пакладу вас, і растаплю.
Як зьбіраюць да горна срэбра а медзь а зялеза а волава а цыну, каб разьдзьмухаць цяпло на іх, пералітаваць; так Я зьбяру ў гневе Сваім, у палкім гневе Сваім, і пакіну, і пералітую вас.
І Я зьбяру вас, і распалю супраць вас агонь гневу Майго, і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне [гораду].
Але, Я зьбяру вас і хукну на вас цяплом гневу Свайго, і будзеце пералітаваны сярод яго.
Як срэбра топіцца ў сярэдзіне горана, так і вы будзеце растопленыя ў сярэдзіне яго, і даведаецеся, што Я, ГОСПАД, выліў на вас лютасьць Маю”».
Як літуецца срэбра ў горне, так вы будзеце пералітаваны ў ім; і даведаецеся, што Я, СПАДАР, выліў гнеў Свой на вас"».
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«Сыне чалавечы, скажы [зямлі Ізраіля]: “Ты — зямля неачышчаная, ты не была абмытая дажджом у дзень гневу.
«Сыну людзкі! скажы ёй: "Ты зямля, неачышчаная й ненаводненая дажджом у дзень абурэньня".
Змова прарокаў ейных пасярод яе, яны як ільвы рыклівыя, што разьдзіраюць здабычу; яны жаруць душы, забіраюць багацьці і каштоўнасьці і памнажаюць удоваў пасярод яе.
Змова прарокаў ейных сярод яе, як равучы леў, разьдзіраючы здабытак; яны жаруць душы, яны бяруць скарбы а дарагія рэчы, памнажаюць ўдовы сярод яе.
Сьвятары ейныя парушаюць Закон Мой, паганяць сьвятыні Мае, не аддзяляюць сьвятое ад несьвятога і не адрозьніваюць чыстага ад нячыстага, і ад суботаў Маіх адвярнулі вочы свае, і Я зьняважаны сярод іх.
Сьвятарове ейныя ўзрушылі права Мае й збудзенілі сьвятасьці Мае, не адрозьнююць сьвятога ад будзеннага й не паказавалі розьніцы меж нячыстага й чыстага, і хавалі вочы свае ад сыботаў Маіх, і Я збудзенены сярод іх.
Князі ейныя пасярод яе як ваўкі, якія разьдзіраюць здабычу; яны разьліваюць кроў, забіваюць душы, здабываюць набытак [няправедны].
Князі ейныя сярод яе, як ваўкі, здабытак разрываючыя, каб разьліваць кроў, губіць душы, прыдбаваць непасьцівую карысьць.
А прарокі ейныя пакрываюць усё тынкам, бачаць відзежы марныя і прадказваюць фальшыва, кажуць: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД”, а ГОСПАД не прамаўляў.
І прарокі ейныя мазалі іх нямернаю вапеннаю рашчынаю, бачачы марнасьць і вяшчуючы ману ім, кажучы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР", як СПАДАР не казаў.
Народ зямлі гэтай уціскаюць уціскам і рабуюць рабункам, крыўдзяць убогага і беднага, і прыхадня прыгнятаюць беззаконна.
І люд зямлі ўціскалі ўціскам, і глабалі глабаньням і ўбогага і беднага, і ашукавалі; чужаземца ўціскалі бяз суду.
І Я шукаў сярод іх чалавека, які паставіў бы мур і стаў бы ў выломе перад абліччам Маім за зямлю гэтую, каб Я ня зьнішчыў яе, і не знайшоў.
І шукаў Я людзіны меж іх, каторая бы агарадзіла агарожу й стала ў праломе перад Імною за зямлю, каб Я не загубіў яе; але не знайшоў.
І Я выліў на іх гнеў Мой, у агні абурэньня Майго вынішчу іх, шляхі іхнія ўскладу на галовы іхнія, кажа Госпад ГОСПАД”».
Дык Я выліў абурэньне Свае на іх і ў цяпле гневу Свайго выгубіў іх, дарогі іхныя абярнуў на галавы іхныя», — прагалашае Спадар СПАДАР.