Езэкііля 5 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
А ты, сын чалавечы, вазьмі сабе меч востры і скарыстай яго як лязо, і пагалі сабе ім галаву і бараду. І вазьмі шалі вагаў, і падзялі тыя [валасы].
І ты, сыну людзкі, вазьмі сабе войстры меч, галяк галеньнікаў вазьмі сабе, і вадзі ім па галаве сваёй і па барадзе сваёй, і вазьмі сабе шалькі, і падзялі валасы.
Трэцюю частку іх спаліш у агні пасярод гораду, калі прыйдуць дні аблогі; і возьмеш трэцюю частку, і пасячэш яе мячом кругом [гораду], і трэцюю частку раскідаеш з ветрам, бо Я выцягну на іх меч.
Трайціну чыста спалі на цяпле сярод места, як дні аблогі мінуць; трайціну вазьмі парэж нажом; і трайціну разьвей па ветру; і Я агалю меч за імі.
І возьмеш з іх малую толькі частку і ўкруціш у крысо плашча твайго.
Таксама стуль вазьмі невялічкі лік і завяжы іх у крысы сабе.
І возьмеш яшчэ з іх [крыху], і ўкінеш у агонь, каб у ім згарэлі, і выйдзе з гэтага агонь на ўвесь дом Ізраіля».
І вазьмі зь іх ізноў, і кінь іх у цяпло, і спалі іх у цяпле; стуль выйдзе цяпло на ўвесь дом Ізраеляў.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Гэты Ерусалім Я паставіў сярод народаў, а вакол яго — землі [чужынскія].
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гэта — Ерузалім! Я пастанавіў яго сярод народаў, і краі навокал яго;
Але ён пагардзіў судом Маім, і бязбожнасьць [ягоная] большая, чым у народаў, і ён [паўстаў] супраць пастановаў Маіх больш, чым землі, якія вакол яго, бо яны адкінулі прысуды Мае і не хадзілі паводле пастановаў Маіх.
А ён абярнуў суды Мае ў нягоднасьць болей, чымся народы, і ўставы Мае — болей, чымся краі, што навокал яго; бо яны пагрэбавалі судамі Маімі і ўставамі Маімі, не хадзілі ў іх".
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. За тое, што вы збунтаваліся [больш], чым народы, якія вакол вас, і не хадзілі паводле пастановаў Маіх, і не выконвалі прысуды Мае, і нават не трымаліся судоў народаў, якія вакол вас,
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "За тое, што вы шмат болей за народы, што навокал вас, у вуставах Маіх не хадзілі і не дзяржалі судоў Маіх, і не рабілі подле судоў народаў, што навокал вас", —
вось, гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, Я — супраць цябе, і на вачах народаў Я зраблю над табою суд.
За тое гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я, нават Я супроці цябе, і ўчыню суды сярод цябе на ачох народаў,
І зраблю табе за ўсе брыдоты твае тое, чаго ніколі не рабіў, і ўжо ніколі не зраблю падобнага.
І ўчыню з табою тое, чаго Я не рабіў, і наперад падобнага да гэтага ня буду чыніць, за ўсі агіды твае.
Дзеля гэтага бацькі будуць есьці сыноў пасярод цябе, а сыны будуць есьці бацькоў сваіх, і Я ўчыню над табою суды, і расьцярушу ўсю рэшту тваю на ўсе вятры”.
За тое айцове будуць есьці сыноў сваіх сярод вас, і сынове будуць есьці бацькоў сваіх; і ўчыню суд над табою, і ўсіх засталых у цябе разьвею кажным ветрам.
Дзеля гэтага, як жывы Я, кажа Госпад ГОСПАД, за тое, што ты сьвятыню Маю апаганіў усімі брыдотамі тваімі і ўсімі агідамі тваімі, Я таксама адкіну цябе, і ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадую [цябе].
Затым, жыў Я, — кажа Спадар СПАДАР: — дыкжэ за тое, што ты ўпаганіў сьвятыню Маю ўсімі брыдамі а ўсімі агідамі, таксама Я зьменшу цябе, і вока Мае не пашчаджае цябе, і таксама Я ня буду мець жаласьці.
Трэцяя частка твая памрэ ад заразы і загіне пасярод цябе ад голаду; трэцяя частка ўпадзе ад мяча ў ваколіцах тваіх; і трэцюю частку Я расьцярушу на ўсе вятры, і выцягну на іх меч.
Трайціна ў цябе памрэць ад ліпучкі, і галадоў іх будзе нікбіць сярод цябе; і трайціна падзець ад мяча ў ваколіцы Тваёй; і трайціну разьвею кажным ветрам і агалю меч над імі.
І супакоіцца гнеў Мой, і Я задаволю на іх лютасьць Маю, і супакоюся. І даведаюцца яны, што Я, ГОСПАД, прамовіў гэта ў гневе Маім, калі выльлю гнеў Мой на іх.
І скончыцца Мой гнеў, і супакоіцца палкі гнеў Мой на іх, і пацешуся; і яны даведаюцца, што Я, СПАДАР, вымавіў у рупатлівасьці сваёй, як Я скончу гнеў Свой на іх.
І Я зраблю цябе спусташэньнем і ганьбаю сярод народаў, якія вакол цябе, на вачах усіх мінакоў.
І зраблю цябе пустынёю а ганьбаю меж народаў, што навокал цябе, на аччу кажнага праходзячага.
І ты станешся ганьбаю і пасьмешышчам, перасьцярогай і пусткаю для народаў, якія вакол цябе, калі Я ўчыню супраць цябе суды ў гневе і лютасьці і ярасным пакараньні. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта.
Дык гэта будзе ганьбаю а блявузґаньням, навукаю а зуменьням у народаў, што навокал цябе, як Я ўчыню суды над табою ў гневе а ў палкім гневе а ў гнеўных ганеньнях; Я, СПАДАР, казаў.
Калі Я пашлю супраць вас стрэлы голаду, каб нішчыць вас, калі іх пашлю для загубы вашай, Я памножу паміж вамі голад і зламлю вам падпору хлеба.
Як Я пушчу на іх злыя стрэлы галадові, што будуць на выгубленьне, каторыя пушчу выгубіць вас, і змацню галадоў на вас, і патрышчу вашу падпору хлеба.
І Я спашлю на вас голад і дзікіх зьвяроў, і яны асіроцяць цябе; і зараза, і кроў прыйдуць на цябе, і Я прывяду на цябе меч. Я, ГОСПАД, прамовіў гэта»
І пашлю на вас галадоў а злыя зьвяры, і яны спабудуць цябе дзяцей тваіх; і ліпучка, і разьліцьцё крыві пройдуць сярод цябе, і навяду на цябе меч; Я, СПАДАР, казаў"».