Данііла 11 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І я ў першым годзе Дарыя Мідзяніна стаяў, каб умацаваць і падтрымаць яго.
 
Таксама я першага году Дара Мідзкага стаў, каб умацаваць а пасіліць яго.

І цяпер я распавяду табе праўду. Вось, паўстануць яшчэ тры валадары ў Пэрсіі, і чацьвёрты ўзбагаціцца багацьцем сваім больш за ўсіх, і калі ён умацуецца ў багацьці сваім, ён узьніме ўсіх супраць валадарства Явану.
 
І цяпер скажу табе праўду: абач, паўстануць яшчэ тры каралі ў Пэрсі; і чацьверты пярэйдзе ўсіх багацьцям сваім, і як ён умацуецца багацьцям сваім, узруша ўсіх на каралеўства Грэцкае.

І валадар магутны паўстане [там], які будзе панаваць панаваньнем вялікім і будзе рабіць тое, што даспадобы яму.
 
І магутны кароль паўстане, што будзе радзіць зь вялікаю ўладаю і будзе рабіць подле волі свае.

Але калі ён паўстане, валадарства ягонае будзе зломлена і будзе падзеленае на чатыры вятры нябесныя, і не паміж нашчадкамі ягонымі, і ня будзе [мець] тое панаваньне, якім ён панаваў, бо будзе вырвана валадарства ягонае і [дадзена] іншым, а ня ім.
 
І як ён паўстане, каралеўства ягонае будзе зломлена й будзе падзелена на чатыры вятры нябёсныя, ды ня меж патомкаў ягоных ані з уладаю тых, што яго радзілі, бо каралеўства ягонае будзе вырвана з карэньням, нават да іншых побач гэтых.

І ўмацуецца валадар з поўдня, але [адзін] з князёў ягоных будзе мацнейшым за яго і запануе, і панаваньне тое будзе большым за панаваньне ягонае.
 
І ўмацуецца кароль паўднявы, і з князёў ягоных, і ён будзе дужшы за яго, і будзе мець уладу, і ўлада ягоная — ўлада вялікая.

Але пасьля заканчэньня [некалькіх] гадоў яны злучацца, і дачка валадара з поўдня прыйдзе да валадара з поўначы, каб зрабіць паводле справядлівасьці; але яна не захавае сілы рамёнаў [сваіх], і не ўстаіць рамяно ейнае, і будзе выдадзена яна, і тыя, якія прывялі яе, і той, якога яна нарадзіла, і той, які ўмацоўваў яе ў тыя часы.
 
І ў канцу год яны пасваячацца, бо дачка паўднявога караля прыйдзе да караля паўночнага зрабіць паправу; але яна не адзяржыць сілы ў руццэ, і ён ня вытрывае ані цаўё ягонае, але яна будзе выдана, і прыданыя ейныя, і тый, каторага яна нарадзіла, і тый, што сіліў яе тых часоў.

І паўстане парастак з кораня ейнага на месца сваё, і выйдзе супраць войска, і ўвойдзе ў цьвярдыню валадара з поўначы, і будзе дзейнічаць супраць яго, і ўмацуецца.
 
Але з атожылы карэньня ейнага паўстане на месца ягонае, каторы прыйдзе з войскам, і ўвыйдзе ў вумацаваньні паўночнага караля, і заладзе зь ім справу, і пераможа яго.

І таксама багоў іхніх з літымі выявамі іхнімі, з начыньнем іхнім каштоўным, срэбным і залатым, завязе ў палон у Эгіпет; і ён [некалькі] гадоў будзе стаяць [вышэй], чым валадар з поўначы.
 
І перавязець таксама да Ягіпту ў палон багі іхныя з вылітымі балванамі іхнымі, з дарагім судзьдзям іхным, срэбным а залатым; і ён будзе трываць больш год, чымся кароль паўночны.

Хоць той прыйдзе ў валадарства валадара з поўдня, але вернецца ў зямлю сваю.
 
Дык кароль паўднявы прыйдзе да каралеўства, зьвернецца да зямлі свае.

Але сыны ягоныя ўзброяцца і зьбяруць мноства войска вялікага, і [адзін], ідучы, пойдзе, і залье [ўсё], і пройдзе [паўсюль], і вернецца, і будзе змагацца супраць цьвярдыні ягонай.
 
Сынове ягоныя, адылі, узброяцца і зьбяруць множасьць вялікіх сілаў, і адзін напэўна пойдзе, і разальлецца, і пройдзе, тады зьвернецца й будзе націскаць на ўмацаваньні ягоныя.

І раззлуецца валадар з поўдня, і вырушыць [на вайну], і будзе ваяваць з ім, з валадаром з поўначы, і [той] выставіць мноства вялікае, але мноства гэтае будзе аддадзена ў руку ягоную.
 
І ўзлуецца паўднявы кароль, і выступе, і будзе біцца зь ім, з каралём паўночным, і выставе вялікую множасьць, і множасьць будзе дана ў руку ягоную.

І будзе зьнішчана гэтае мноства, і ўзьнімецца сэрца ягонае, і хоць ён кіне [на зямлю] дзясяткі тысячаў, ён не ўмацуецца.
 
Як зьбярэць тую множасьць, узьнімецца сэрца ягонае, і ён ськіне далоў шмат якіх дзесяць тысячаў, адылі, не падужэе;

І вернецца валадар з поўначы, і выставіць мноства, большае за ранейшае, і ў канцы часоў і гадоў, ідучы, прыйдзе з войскам вялікім і з маёмасьцю шматлікай.
 
Бо кароль паўночны зьвернецца і выставе множасьць большую за ранейшую, і напэўна прыйдзе ў канцу часоў, нават год, зь вялікім войскам і зь вялікім багацьцям.

І ў тыя часы шмат паўстане супраць валадара з поўдня, і сыны гвалту ў народзе тваім падымуцца, каб споўніўся відзеж, і яны спатыкнуцца.
 
І тых часоў шмат якія паўстануць супроці караля паўднявога, і глабаньнікі зь люду твайго падыймуцца, каб выпаўнілася відзень, але яны паваляцца.

І прыйдзе валадар з поўначы, і насыпле вал, і здабудзе горад умацаваны, і рамёны поўдня не ўстаяць, народ выборны ягоны і ён ня будуць мець сілы, каб устаяць.
 
Дык кароль паўночны прыйдзе, і насыпе вал, і пераможа абароннае места, і цэўі паўдня ня вытрываюць, ані выборны люд ягоны, ані дужасьць ня вытрывае.

І той, які прыйдзе супраць яго, будзе рабіць паводле ўпадабаньня свайго, і ня будзе таго, хто супрацівіцца яму; і ён стане ў зямлі прыгожай, і загуба ў руцэ ягонай.
 
Але тый, што прыйдзе на яго, будзе дзеяць самадумам, і ніхто не спрацівіцца яму; і стане ў пазорнай зямлі, што рукою ягонаю будзе зьнікбена.

І ён зьверне аблічча сваё, каб прыйсьці з моцаю ўсяго валадарства свайго, і зробіць з ім угоду; і дасьць яму дачку жанчынаў, каб зьнішчыць яго, але ня станецца [так] і яна ня будзе з ім.
 
І зьверне від свой, каб увыйсьці ізь сілаю ўсяго каралеўства, і пасьцівыя зь ім, гэтак зробе; і дасьць дачку жанок на згубу яе, але яна ня стане на баку ягоным ані будзе за яго.

І, зьвяртаючы, ён зьверне аблічча сваё да астравоў, і здабудзе [іх]; але правадыр спыніць ганьбу, [зробленую ім], і зьверне ганьбу ягоную на яго самога.
 
І зьверне від свой да абтокаў, і пераможа шмат якіх; але спыне князь зробленую ім ганьбу і нават зьверне ганьбу назад на яго самога.

І ён зьверне аблічча сваё да цьвярдыняў зямлі сваёй, і спатыкнецца, і ўпадзе, і ня знойдуць [яго].
 
Тады зьверне від свой да гораду собскае зямлі, але спатыкнецца а паваліцца, і ня знойдуць.

І паўстане на месца ягонае той, які пашле прыгнятальніка ў славе валадарства, але праз некалькі дзён будзе зломлены, і не ад гневу, і ня ў бітве.
 
Тады паўстане на месца ягонае зьбіраньнік падачкаў у славе каралеўскай, але за колькі дзён будзе зломлены, не ад гневу ані ў бітве.

І паўстане на месца ягонае пагарджаны, і не дадуць яму годнасьці валадарскай; але ён прыйдзе ціха і ўмацуе валадарства подступам.
 
І на месца ягонае паўстане няслаўны, катораму не дадуць каралеўскае сьці; але ён ціха прыйдзе й лёсткамі ўмацуе каралеўства.

І рамёны [сілы ягонай], як паводкаю, будуць залітыя перад абліччам ягоным і будуць зломленыя, і таксама начальнік, [які заключыў] запавет.
 
І цэўямі ягонымі, як паводкаю, заліты будуць ім і патрышчаны; але, таксама князь змовы.

Бо, злучыўшыся з ім, ён будзе дзейнічаць ашуканствам, і ён узыйдзе, і ўмацуецца з [дапамогай] малога народу.
 
І, пасябраваўшы зь ім, ён будзе тарнаваць ізрадзтва, бо ён узыйдзе а ўмацуецца з малым народам.

У [часе] супакою ён прыйдзе ва ўрадлівыя месцы краю і зробіць тое, чаго не рабілі бацькі ягоныя і бацькі бацькоў ягоных. Нарабаванае, здабычу і маёмасьць прынясе сваім, і пра [здабыцьцё] цьвярдыняў задумае думкі свае, але да часу.
 
Увыйдзе ён на супакойныя а ўродлівыя месцы краю і зробе, чаго не рабілі айцове ягоныя ані айцове айцоў ягоных; здабытак а глабань а багацьце раськіне ім, і праз гарады задумае думкі, адно да часу.

І ён узбудзіць сілу сваю і сэрца сваё на валадара з поўдня з войскам вялікім, і валадар з поўдня ўзброіць на бітву войска вялікае і вельмі магутнае, але не ўстаіць, бо задумаюць супраць яго думкі [здрадлівыя].
 
І ўзруша сілу сваю й сэрца сваё зь вялікаю сілаю на караля паўднявога, і кароль паўднявы выступе на бітву зь вельма вялікім а дужым войскам, але ня ўстое, бо абдумаюць на яго думы.

І тыя, якія ядуць ежу ягоную, зломяць яго, і войска ягонае разальецца, і ўпадзе шмат забітых.
 
Бо тыя, што ядуць дзель ежы ягонае, зломяць яго, і войска ягонае разальлецца, і шмат паваліцца забітых.

І сэрцы абодвух гэтых валадароў будуць рабіць ліха, і яны будуць гаварыць хлусьню за адным сталом, і ня будуць мець посьпеху, бо яшчэ не канец вызначанаму часу.
 
І сэрцы абодвых гэтых каралёў будуць рабіць ліха, і яны будуць гукаць ману за адным сталом, але ня будуць мець дасьпеху, бо канец яшчэ адкладзены на прызначаны час.

І вернецца ён у зямлю сваю з багацьцем вялікім, а сэрца ягонае [будзе] супраць запавету сьвятога, і ён зробіць [намер свой], і вернецца ў зямлю сваю.
 
І зьвернецца ён да свае зямлі зь вялікім багацьцям, і сэрца ягонае супроці сьвятое змовы, і зробе, і зьвернецца да зямлі свае.

У вызначаным часе ён вернецца і пойдзе на поўдзень; і ня будзе так, як раней і як пазьней.
 
На прызначаны час зьвернецца і прыйдзе на паўдня; і ня будзе, як ранейшае і як апошняе;

І прыйдуць супраць яго караблі Кіттыму, і ён спалохаецца, і вернецца, і загневаецца на запавет сьвяты; і зробіць [намер свой], і вернецца, і будзе мець паразуменьне з тымі, якія пакінулі запавет сьвяты.
 
Бо прыйдуць супроці яго караблі Кітымскія, і ён зьнемарасьціцца, і зьвернецца, і будзе абурыўшыся на сьвятую змову; і зробе, і зьвернецца, і будзе мець разуменьне з тымі, што пакінулі сьвятую змову.

І паўстануць рамёны ягоныя, і апаганяць сьвятыню, цьвярдыню гэтую, і спыняць заўсёдныя ахвяры, і паставяць агіду спусташэньня.
 
І паўстануць ад яго дужшыя, каторыя збудзеняць сьвятыню, гэты горад, аддаляць кажначасныя аброкі і пастановяць агіду спустошаньня.

А тых, якія нягодна ставяцца да запавету, ён разбэсьціць лісьлівасьцю, але народ, які ведае Бога свайго, умацуецца і будзе дзейнічаць.
 
І таковых, што нягодна дзеюць да змовы, ён улабуне лёсткамі, але люд, што знае Бога свайго, умацуецца й будзе дзеяць.

І разумныя з народу дадуць разуменьне шматлікім, і будуць спатыкацца ад мяча і ад полымя, ад палону і ад рабаваньня [шмат] дзён.
 
І разумныя меж люду дадуць разуменьне шмат каму, паваляцца, адылі, і ад мяча й ад полымені, у палоне а ў глабані шмат дзён.

І, калі яны спатыкнуцца, яны атрымаюць малую дапамогу. І далучыцца да іх шмат хто няшчыра.
 
І, як будуць валіцца, будуць спадзявацца малое памогі; шмат хто, адылі, прылучыцца да іх падлыжна.

І [некаторыя] з тых разумных спатыкнуцца, каб выпрабаваць іх і ачысьціць, і выбяліць аж да часу канца, бо яшчэ ня час, які вызначаны.
 
І з тых разумных будуць валіцца, каб пералітаваць іх а ачысьціць а выбяліць аж да пары канца, бо яшчэ патрывае да прызначанага року.

І будзе валадар рабіць [намер свой], і вывышацца, і ўзьвялічвацца па-над кожным богам паводле ўпадабаньня свайго. І супраць Бога багоў будзе гаварыць нечуваныя рэчы, і будзе мець посьпех, пакуль ня зьдзейсьніцца абурэньне, бо тое, што вызначана, станецца.
 
І кароль будзе дзеяць самадумам, і вывышацца, і ўзьвялічацца над кажным богам і над Богам багоў, і будзе гукаць дзіўствавае, і будзе мець дасьпех, пакуль ня зьдзеецца абурэньне, бо накававанае станецца.

І на багоў бацькоў сваіх ён ня будзе зважаць, ані на каштоўнасьці жанчынаў, і на ўсіх багоў ён ня будзе зважаць, бо ўзьвялічыцца па-над усімі.
 
І на багоў айцоў сваіх ён ня будзе зважаць, ані на жаданьне жанок, ані на якога-колечы бога будзе зважаць, бо ўзьвялічыцца над усім.

Але бога цьвярдыняў на месцы ягоным ён будзе ўшаноўваць, і бога, якога ня ведалі бацькі ягоныя, ён будзе ўшаноўваць золатам і срэбрам, і дарагімі камянямі і каштоўнымі, і рэчамі найкаштоўнейшымі.
 
Але бога гарадоў на месцу яго будзе сьціць, ды бога, каторага ня зналі айцове ягоныя, ён будзе сьціць золатам а срэбрам а дарагім каменьням а прыемнымі рэчмі.

І ён учыніць [вайну] з умацаванымі цьвярдынямі з [дапамогай] бога чужога. Тым, якія прызнаюць яго, ён памножыць славу, і дасьць панаваньне над шматлікімі, і падзеліць грунты як плату.
 
І зробе з наймацнейшымі гарадамі, як із чужымі багамі; тым, што яго прызнаюць, ён памножа чэсьць, прызнача іх за дзяржаўцаў над шмат кім і падзеле зямлю за плату.

Але ў часе канца ўдарыць яго валадар з поўдня, і кінецца на яго валадар з поўначы з калясьніцамі і вершнікамі, і з караблямі шматлікімі, і ўвойдзе ў зямлю [поўдня], і залье [яе], і пяройдзе [яе].
 
І ў часе канчатку гэтага часу стыкнецца зь ім кароль паўднявы, і, як бура, пойдзе на яго кароль паўночны зь цялежкамі а коньнікамі а з чысьленымі караблямі, і ўвыйдзе ў землі, і зальле, і пярэйдзе.

І прыйдзе ён у зямлю прыгожую, і шмат хто спатыкнецца; але ўцякуць ад рукі ягонай Эдом, і Мааў, і галоўныя з сыноў Амона.
 
І прыйдзе ён да пазорнае зямлі, і шмат якія спатыкнуцца; але гэтыя ўцякуць ад рукі ягонае: Едом а Моаў а галоўныя із сыноў Амонавых.

І ён выцягне руку сваю на зямлю [поўдня], і зямля Эгіпецкая не ўцячэ.
 
І выцягне руку сваю на краі, і зямля Япіпецкая ня будзе на ўцекі.

І ён будзе панаваць над скарбамі залатымі і срэбнымі і над усімі каштоўнасьцямі Эгіпту; і Лібійцы, і Кушане пойдуць за ім.
 
І ён будзе мець уладу над залатымі а срэбнымі скарбамі і над жаданымі рэчмі Ягіпту; і Лібяне, і Ефіопляне пойдуць за ім.

Але весткі з усходу і поўначы напалохаюць яго, і ён пойдзе ў гневе вялікім, каб зьнішчыць і аддаць закляцьцю шмат каго.
 
Але ведамкі з усходу й поўначы зьнемарасьцяць яго, дык пойдзе ён у вялікай злосьці губіць а пустошыць шмат каго.

І ён паставіць намёты палацу свайго паміж мораў і гарой прыгажосьці Сьвятой, і прыйдзе да канца свайго, і ня будзе таго, хто дапаможа яму.
 
І разапнець палацовыя буданы свае меж мораў і пазорнае Сьвятое гары, і прыйдзе да канца свайго, і ня будзе яму памачніка.