Данііла 2 разьдзел

Кніга прарока Данііла
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У другім годзе валадараньня Навухаданосара сьніў Навухаданосар сны, і дух ягоны стрывожыўся, і сон ягоны адыйшоў ад яго.
 
Другога году дзяржавы Невухаднецара сьніў Невухаднецар сны, ад чаго дух ягоны стрывожыўся, і выбіўся ён зо сну.

І сказаў валадар паклікаць варажбітоў, астролягаў, чараўнікоў і Халдэяў, каб распавялі валадару сны ягоныя. І яны прыйшлі, і сталі перад абліччам валадара.
 
І расказаў кароль гукнуць чараўнікоў а гвездароў а варажбітоў а Хальдэяў, зьясьніць каралю сьненьне ягонае. І яны прышлі, і сталі перад каралём.

І сказаў валадар ім: «Сьніў я сон, і стрывожыўся дух мой, бо [хачу] ведаць сон».
 
І сказаў кароль ім: «Сьніў сон я, і дух мой стрывожыўся, каб ведаць сон».

І гаварылі Халдэі валадару па-арамейску: «Валадару! Жыві на вякі! Раскажы сон слугам тваім, і яго значэньне мы патлумачым».
 
І казалі Хальдэі каралю паарамску: «Каролю! жыві на векі! скажы сон слугам сваім, і значаньне яго мы зьясьнім».

Адказаў валадар і сказаў Халдэям: «Слова адыйшло ад мяне. Але калі вы не паведаміце мне [мой] сон і значэньне ягонае, вы будзеце пасечаныя [на кавалкі], і дамы вашыя будуць ператвораныя ў руіны.
 
Адказаў кароль і сказаў Хальдэям: «Справа адышла ад мяне. Але калі вы не абесьціце імне сьненьня й значаньня, то на кавалкі будзеце пасечаны, і дамы вашы будуць абернены ў шуметнік.

А калі сон і значэньне ягонае патлумачыце, атрымаеце ад мяне дары, нагароду і ўшанаваньне вялікае. Дзеля гэтага сон і значэньне ягонае растлумачце мне».
 
Але калі сон і значаньне зьясьніце, адзяржыце ад мяне дары, надгароду а вялікую пачэсьць. Дык сон і значаньне яго пакажыце імне».

Яны адказалі другі раз і сказалі: «Няхай раскажа валадар слугам тваім сон, і мы патлумачым значэньне ягонае».
 
Яны ўдругава адказалі й сказалі: «Хай скажа кароль слугам сваім сьненьне, і мы зьясьнім значаньне яго».

Адказаў валадар і сказаў: «Ведаю дакладна, што вы цягнеце час, бо бачыце, што адыйшло ад мяне слова.
 
Кароль адказаў і сказаў: «Ведаю напэўна, што вы ўмысьля адвалакаеце, бо бачыце, што адышла ад мяне справа.

Але калі вы не паведаміце мне сон [мой], значыцца, адзін намер у вас, бо вы згадзіліся словы падманлівыя і фальшывыя казаць перада мною, пакуль ня пройдзе час. Дзеля гэтага раскажыце мне сон, і я даведаюся, што вы патлумачыце мне значэньне ягонае».
 
Але калі вы не абесьціце імне сьненьня, адзін пастаноў ё на вас, бо вы прыгатавалі манлівыя а зводныя словы, казаць перад імною, пакуль зьменіцца час; затым скажыце імне сьненьне, і я даведаюся, што вы ўзумееце паказаць значаньне яго».

Адказалі Халдэі валадару і сказалі: «Няма на зямлі чалавека, які мог бы патлумачыць справу валадара. Дзеля гэтага ніякі валадар вялікі і магутны не патрабуе такога ў чараўніка, астроляга і Халдэя.
 
Хальдэі адказалі перад каралём і сказалі: «Нямаш на зямлі людзіны, што магла б абясьніць гэту справу каралеўскую; затым няма вялікага караля а дзяржаўцы, каторыя пыталіся б такога ў чараўніка, гвездара альбо Хальдэя;

А гэтая справа, якую валадар патрабуе, цяжкая, і няма нікога, хто мог бы выявіць яе перад валадаром, акрамя багоў, якія не жывуць з цялеснымі [людзьмі]».
 
І гэта радкая справа, каторай кароль вымагае, і няма іншага, што мог бы паказаць яе перад каралём, з выняткам багоў, каторыя ня жывуць ізь целам».

З-за гэтага валадар загневаўся і зазлаваўся моцна, і сказаў выгубіць усіх мудрацоў Бабілонскіх.
 
За гэта кароль загневаўся а вельма зазлаваўся і расказаў выгубіць усіх мудрыцоў бабілёнскіх.

І пастанова выйшла, каб мудрацы былі забітыя, і шукалі Данііла і сяброў ягоных, каб забіць іх.
 
І пастаноў вышаў, каб мудрыцы былі забіты; і шукалі Данеля а сяброў ягоных, каб забіць іх.

Тады Данііл зьвярнуўся з радаю і разумнасьцю да Арыёха, начальніка варты валадара, які выйшаў, каб забіваць мудрацоў Бабілонскіх.
 
Тады Данель адказаў радаю а мудрасьцю Арэху, начэльніку катаў каралеўскіх, каторы вышаў забіваць мудрыцоў бабілёнскіх;

Ён адказаў і сказаў Арыёху, гетману валадара: «Чаму такі жорсткі загад валадара?» Тады Арыёх паведаміў гэтую справу Даніілу.
 
Ён адказаў і сказаў Арэху, начэльніку каралеўскаму: «Чаму такое пасьпешнае права ад караля?» Тады Арэх абясьціў гэтую справу Данелю.

І Данііл пайшоў і прасіў валадара, каб той даў яму час, і ён патлумачыць валадару значэньне [сну].
 
Тады Данель увыйшоў і папрасіў караля даць яму час, і ён дасьць зьясьненьне каралю.

Тады Данііл пайшоў у дом свой і паведаміў справу гэтую Ананіі, Мішаэлю і Азарыі, сябрам сваім,
 
Адлі прышоў да дому свайго і Ганані, Місайлу а Азары, сябром сваім, абясьціў справу гэтую,

каб яны прасілі літасьці ў Бога Нябеснага адносна таямніцы гэтай, каб не загінулі Данііл і сябры ягоныя разам з рэштаю мудрацоў Бабілонскіх.
 
Каб яны прасілі спагады ў Бога нябёснага што да тайны гэтае, каб не загінулі Данель а сяброве ягоныя із засталымі мудрыцамі бабілёнскімі.

Тады Даніілу ў відзежы начным была выяўлена таямніца, і Данііл дабраславіў Бога Нябеснага.
 
Тады Данелю ў ночнай відзені тайна была аб’яўлена, тады Данель дабраславіў Бога нябёснага.

Адказаў Данііл і сказаў: «Няхай будзе дабраслаўлёнае імя Божае ад веку і на вякі, бо мудрасьць і сіла ў Яго.
 
Адказаў Данель і сказаў: «Будзь дабраславёна імя Божае ад веку да веку, бо мудрасьць і сіла ў Яго;

І Ён зьмяняе часы і поры, Ён скідае валадароў і ставіць валадароў, дае мудрасьць мудрым і веданьне тым, якія маюць розум.
 
І Ён мяняе часы а поры; аддаляе каралёў і ўзносе каралёў; даець мудрасьць мудрым і веданьне тым, што маюць розум;

Ён выяўляе глыбокае і схаванае; Ён ведае, што ў цемры, і сьвятло жыве з Ім.
 
Ён аб’яўляе глыбокае а тайнае; ведае, што ў цемрадзі, і сьвятліня жывець ізь Ім.

Дзякую Табе і слаўлю Цябе, Божа бацькоў маіх, што мудрасьць і сілу Ты даў мне, а цяпер паведаміў мне тое, пра што прасілі мы ў Цябе, бо Ты паведаміў нам справу валадара».
 
Дзякую Табе й хвалю Цябе, Божа айцоў маіх, што мудрасьць і сілу даў імне і цяпер абясьціў імне, чаго прасілі мы ў Цябе, бо Ты абясьціў нам каралеўскую справу».

Пасьля гэтага Данііл пайшоў да Арыёха, якога валадар прызначыў, каб ён выгубіў мудрацоў Бабілонскіх. Ён прыйшоў і сказаў яму гэтак: «Не забівай мудрацоў Бабілонскіх. Прывядзі мяне да валадара, і я патлумачу валадару значэнне [сну]».
 
Тады Данель пашоў да Арэха, катораму кароль загадаў выгубіць мудрыцоў бабілёнскіх; ён прышоў і сказаў яму гэтак: «Ня губі мудрыцоў бабілёнскіх; увядзі мяне да караля, і я пакажу каралю зьясьненьне».

Тады Арыёх пасьпешліва прывёў Данііла да валадара і сказаў яму гэтак: «Я знайшоў чалавека з сыноў палону, з Юдэяў, які паведаміць валадару значэньне [сну]».
 
Тады Арэх ўборзьдзе прывёў Данеля да караля і сказаў яму гэтак: «Я знайшоў людзіну із сыноў палону зь Юдэяў, каторы каралю зьясьненьне абесьце.

Адказаў валадар і сказаў Даніілу, якога імя [было] Бэльтэшацар: «Ці ты можаш паведаміць мне сон, які я бачыў, і значэньне ягонае?»
 
Кароль адказаў і сказаў Данелю, каторага імя Велтэшазар: «Ці можаш ты абясьціць імне сон, што імне аб’явіўся, і зьясьненьне яго?»

Адказаў Данііл валадару і сказаў: «Таямніцу, якую валадар патрабуе, ня могуць патлумачыць валадару ані мудрацы, ані астролягі, ані чараўнікі, ані варажбіты.
 
Данель адказаў каралю і сказаў: «Тайны, каторае кароль вымагаў, ня могуць мудрыцы, гвездары, чараўнікі, вяшчуны зьясьніць каралю.

Але ёсьць Бог у небе, Які выяўляе таямніцы, і Ён паведамляе валадару Навухаданосару, што мае быць у канцы дзён. Сон твой і відзеж галавы тваёй на ложку тваім гэткія.
 
Але ё Бог на небе, што аб’яўляе тайны, і Ён абяшчае каралю Невухаднецару, што мае быць у вапошяія дні. Сон твой а відзень галавы твае на ложку гэткія:

Да цябе, валадару, думкі твае на ложку тваім прыйшлі пра тое, што мае быць пасьля гэтага, і Той, Які выяўляе таямніцы, паказаў табе, што станецца.
 
Што да цябе, каролю: думкі твае на ложку тваім прышлі, што мае быць просьле гэтага; і Тый, што аб’яўляе тайны, паказуе табе, што мае стацца.

Але мне таямніца гэтая выяўлена не з прычыны мудрасьці, што яна ёсьць у-ва мне больш, чым у-ва ўсіх, хто жыве, але дзеля таго, каб паведаміць валадару значэньне [сну] і каб ты мог ведаць думкі сэрца твайго.
 
Але што да мяне: тайна гэтая аб’яўлена імне ня з прычыны якое мудрасьці, што я меў бы болей за ўсіх жывучых, але дзеля таго, каб зьясьненьне каралю наказаць, і каб ты мог ведаць думкі сэрца свайго.

Ты, валадару, глядзеў, і вось, адзін балван вялікі, балван вялізарны, і бляск ягоны надзвычайны. Ён стаяў перад табою, і выгляд ягоны [быў] страшны.
 
Ты, каролю, глядзеў, і вось — вялікі выразаны абраз, каторага бліск быў надзвычайны, стаяў перад табою, і выгляд ягоны быў страшны.

У балвана гэтага галава з чыстага золата, грудзі ягоныя і рамёны ягоныя — са срэбра, жывот ягоны і сьцёгны ягоныя — з медзі,
 
Галава абраза з чыстага золата, грудзі а рукі яго із срэбра, жывот а сьцёгны яго зь медзі,

галёнкі ягоныя — з жалеза, стопы ягоныя — часткова з жалеза, а часткова з гліны.
 
Галёнкі яго ізь зялеза, ступні яго часткава ізь зялеза, а часткава з гліны.

Ты глядзеў, аж вось камень быў адарваны, але не рукамі, і ўдарыў [камень] у балвана, у стопы ягоныя з жалеза і гліны, і разьбіў іх.
 
Ты глядзеў яшчэ, пакуль камень не адарваўся бяз рукі і ўдырыў у вабраз, у ногі яго зялезныя й гліняныя, і разьбіў іх на кавалкі.

Тады разьбіліся на кавалкі жалеза, гліна, медзь, срэбра і золата і сталіся як мякіна на таку летам, і вецер панёс іх, і ніякага сьледу не знайшлося пасьля іх. А камень, які ўдарыў балвана, стаў гарою вялізарнаю і напоўніў усю зямлю.
 
Тады разьбілася на кавалкі зялеза, гліна, медзь, срэбра а золата разам і сталіся як ўмецьце летнае такаўні, вецер панёс іх, каб на ніякім месцу не знайшлі іх; а камень, што разьбіў абраз, стаў вялікаю гарою і напоўніў усю зямлю.

Гэтакі сон [быў], а значэньне ягонае [цяпер] раскажам перад валадаром.
 
Гэта сон. Скажам і зьясьненьне яго перад каралём.

Ты, валадару, — валадар валадароў, якому Бог нябесны даў валадарства, моц, сілу і славу.
 
Ты, каролю, кароль каралёў, бо Бог нябёсны даў табе каралеўства, моц, сілу а славу;

І паўсюль, дзе жывуць сыны чалавечыя, зьвяры палявыя і птушкі нябесныя, Ён даў [іх] у руку тваю і паставіў цябе панам над усімі імі. Ты — гэта тая галава з золата.
 
І ўсюдых, ідзе дзеці людзкія жывуць, Ён аддаў у руку тваю зьвера палявога і птуства нябёснае і пастанавіў цябе дзяржаўцаю над усімі імі. Ты — гэна залатая галава.

А пасьля цябе паўстане іншае валадарства, ніжэйшае за цябе, і іншае трэцяе валадарства з медзі, якое будзе панаваць над усёю зямлёю.
 
І просьле цябе паўстане іншае каралеўства, ніжшае за цябе, і іншае трэйцяе каралеўства, зь медзі, каторае будзе мець уладу над усёю зямлёю.

А чацьвёртае валадарства будзе моцнае, як жалеза; бо як жалеза ломіць і крышыць усё, і як жалеза таўчэ ўсё, так яно зломіць і скрышыць [усё].
 
А чацьвертае каралеўства будзе моцнае, як зялеза; бо, як зялеза ломе й кволе ўсе, і як зялеза мяжджуле ўсе, так будзе яно ламіць а мяжджуліць.

А тое, што ты бачыў стопы і пальцы часткова з гліны ганчарнай, а часткова з жалеза, [значыць, што] валадарства будзе падзеленае, і будзе ў ім нешта з моцнасьці жалеза, бо ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай.
 
Яшчэ, як ты бачыў, ногі а палцы часткава з ганчаровае гліны, а часткава ізь зялеза, — каралеўства будзе падзеленае, але там будзе ў ім штось із мацніні зялеза, бо, як ты бачыў, зялеза было зьмешанае з балотнаю глінаю.

І як пальцы ног часткова з жалеза, а часткова з гліны, так валадарства будзе часткова моцнае, а часткова крохкае.
 
І як палцы ног часткава ізь зялеза, а часткава з гліны, так каралеўства будзе часткава моцнае, а часткава крохкае.

І як ты бачыў жалеза, зьмяшанае з глейкаю глінай, так яны будуць зьмяшаныя насеньнем людзкім, але ня будуць злучаныя адно з адным, як жалеза не мяшаецца з глінаю.
 
І, як ты бачыў зялеза, зьмешанае з балотнаю глінаю, яны будуць злучаны насеньням людзкім, але ня будуць моцна дзяржацца адно з адным, як зялеза не мяшаецца з глінаю.

А ў дні валадароў тых Бог Нябесны паставіць валадарства, якое вечна ня будзе зьнішчана, і гэтае валадарства ня будзе пераходзіць да іншага народу; яно скрышыць і зруйнуе ўсе валадарствы, а само будзе стаяць на вякі,
 
І за дзён тых каралёў Бог нябёсны ўзбудзе каралеўства вечнае, што ніколі ня будзе зьнішчана, і гэна каралеўства ня будзе пераходзіць да люду іншага; яно патрышча а абура ўсі гэныя каралеўствы, а само будзе стаяць на векі;

бо ты бачыў, што ад гары быў адарваны камень, але не рукамі, і ён разьбіў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Бог вялікі паказаў валадару тое, што станецца пасьля. І сон гэты праўдзівы, і значэньне яго дакладнае».
 
Бо, як ты бачыў, што ад гары адарваўся камень бяз рук і разламіў зялеза, медзь, гліну, срэбра а золата. Вялікі Бог наказаў каралю, што станецца просьле гэтага. І сьненьне пэўнае, і зьясьненьне яго пэўнае».

Тады валадар Навухаданосар упаў на аблічча сваё, і пакланіўся Даніілу, і загадаў, каб прынесьлі яму дары і кадзіла.
 
Тады кароль Невухаднецар паў на від свой і пакланіўся Данелю, і загадаў, каб прынесьлі яму дар а прыемныя пахі.

Валадар адказаў Даніілу і сказаў: «Сапраўды, Бог ваш — Бог багоў і Гаспадар валадароў! Ён выяўляе таямніцы, бо ты змог выявіць таямніцу гэтую».
 
Кароль адказаў Данелю й сказаў: «Праўда, што Бог ваш — Бог багоў і Спадар каралёў, і аб’яўляе тайны, бо ты мог аб’явіць гэтую тайну».

Тады валадар узьвялічыў Данііла і даў яму шмат вялікіх дароў, і зрабіў яго панам над усёй краінай Бабілонскай і галоўным начальнікам над усімі мудрацамі Бабілонскімі.
 
Тады кароль учыніў Данеля вялікім і даў яму шмат вялікіх дароў, і прызначыў яго за дзяржаўцу над усім краям Бабілёнскім і галоўным начэльнікам над усімі мудрыцамі бабілёнскімі.

І Данііл прасіў валадара, і ён паставіў над справамі краіны Бабілонскай Шадраха, Мэшаха і Авэд-Нэго, а Данііл [быў] пры браме валадарскай.
 
Тады Данель прасіў караля, і ён пастанавіў на службу каралеўства Бабілёнскага Шадраха, Мішага а Авед-Неґо, але Данель застаўся ў браме каралеўскай.