Лявіт 3 разьдзел
Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Калі чыя ахвяра ёсьць ахвярай мірнай, ён складае яе з валоў; самца або саміцу без заганы няхай прыносіць ГОСПАДУ,
І калі з аброкаў супакойных будзе дар ягоны, калі ён абракае з буйнога статку самца альбо саміцу бяз гану, няхай абрачэць яго перад відам СПАДАРОВЫМ.
і паложыць руку сваю на галаву ахвяры сваёй, якую заб’е перад уваходам у Намёт Спатканьня, а пасьля сьвятары, сыны Аарона, пакропяць ахвярнік крывёю яе наўкола.
І ўзложа руку сваю на галаву дару свайго, і зарэжа яго ля дзьвярэй будану збору; і пакропяць сынове Ааронавы, сьвятарове, кроў на аброчнік наўкола.
І складзе ён з ахвяры мірнай ахвяру цэласпаленьня ГОСПАДУ з тлустасьці, што пакрывае нутро, і ўвесь тлушч, які над ім,
І абрачэць ён із аброкаў супакойных агняны аброк СПАДАРУ, тук, што пакрывае патрыхі, і ўвесь тук, каторы на патрыхах,
а таксама абедзьве ныркі і тлушч на іх, які на сьцёгнах, і тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго.
І абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, каторы на сьцёгнах; і пляву, каторая на печанцох, з ныркамі ён адыйме гэта.
І сыны Аарона спаляць гэта на ахвярніку як цэласпаленьне на дровах, якія на агні; гэта ахвяра цэласпаленьня, мілы пах ГОСПАДУ.
І спаляць гэта сынове Ааронавы на аброчніку на ўсепаленьне, каторае на дровах, што на агню: гэта агняны аброк, пах прыемны СПАДАРУ.
Калі б чыя ахвяра складалася з дробнай жывёлы як ахвяра мірная для ГОСПАДА, няхай складае ахвяру з жывёлы без заганы, самца або саміцы.
А калі з драбнога статку дар ягоны ёсьць на аброкі супакойныя СПАДАРУ, самец альбо саміца, бяз гану хай абрачэць яго.
Калі з авечак ён прыносіць ахвяру, няхай прынясе яе перад аблічча ГОСПАДА,
Калі з авец абракае ён дар свой, няхай абрачэць яго перад СПАДАРОМ;
і паложыць руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і потым заб’е яе перад Намётам Спатканьня, а сыны Аарона пакропяць крывёю яе ахвярнік наўкола.
І ўзложа руку сваю на галаву дару свайго, і зарэжа яго перад буданом збору, і сынове Ааронавы пакропяць крывёю яго на аброчнік наўкола.
І складзе ён як ахвяру мірную ГОСПАДУ тлушч яе, увесь курдзюк, адрэзаўшы яго па самую хрыбетную косьць, і тлушч, які пакрывае нутро, і ўвесь тлушч над ім,
І хай абрачэць із аброкаў супакойных аброк агняны СПАДАРУ, тук яго, цэлы хвост, ля хрыбетнае косьці хай ён адлуча яго, і тук, што пакрывае патрыхі, і ўвесь тук, што на патрыхах,
і абедзьве ныркі і тлушч на іх, які на сьцёгнах, і тлушч, які на вантробе; разам з ныркамі няхай аддзеліць яго.
І абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, каторы на сьцёгнах, і пляву зь печанцоў; з ныркамі ён адлуча гэта.
І сьвятар спаліць гэта на ахвярніку. Гэта хлеб, ахвяра агнявая для ГОСПАДА.
І спале сьвятар гэта на аброчніку: гэта хлеб — агняны аброк СПАДАРУ.
Калі б хто складаў ахвяру з козаў, няхай прынясе яе перад аблічча ГОСПАДА,
А калі казёл дар ягоны, дык няхай абрачэць яго перад СПАДАРОМ;
і паложыць ён руку сваю на галаву яе і заб’е яе перад Намётам Спатканьня, а сыны Аарона пакропяць крывёй яе ахвярнік наўкола.
І ўзложа руку сваю на галаву ягоную, і зарэжа перад буданом збору, і пакропяць сынове Ааронавы крывёй яго на аброчнік наўкола.
І складзе ён з яе ахвяру сваю як ахвяру агнявую для ГОСПАДА — тлушч, які пакрывае нутро, разам увесь тлушч, які на нутры,
І абрачэць ізь яго дар свой на аброк агняны СПАДАРУ, тук, што пакрывае патрыхі, і ўвесь тук, што на патрыхах,
і абедзьве ныркі разам з тлушчам на іх, які на сцёгнах, а таксама тлушч, які на вантробе; з ныркамі няхай аддзеліць яго.
І абедзьве ныркі а тук, каторы на іх, каторы на сьцёгнах, і пляву зь печанцоў; з ныркамі ён адыйме гэта.
Пасьля сьвятар спаліць усё гэта на ахвярніку; гэта хлеб, ахвяра агнявая, мілы пах ГОСПАДУ; увесь тлушч [належыць] ГОСПАДУ.
І спале іх сьвятар на аброчніку: гэта хлеб, агняны аброк — на прыемны пах; увесь тук СПАДАРУ.
Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых у-ва ўсіх паселішчах вашых: ані крыві, ані тлушчу зусім ня ешце”».
Права вечнае ў родах вашых, у вусіх гасподах вашых; ніякага туку і ніякае крыві ня ежча».