Лікі 4 разьдзел

Лікі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея і Аарона, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:

«Аддзялі спаміж сыноў Левія сыноў Кегата, паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
 
«Палічы сыноў Когафовых із сыноў Левавых па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных,

ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі работу ў Намёце Спатканьня.
 
Ад трыццацёх год і вышэй да пяцьдзясят год, кажнага здольнага да войска, каб рабіць работу ў будане збору.

Гэта вось служба сыноў Кегата ў Намёце Спатканьня — [насіць] сьвятое сьвятых.
 
Во служэньне сыноў Когафовых у будане збору: Сьвятое сьвятых.

І ўвойдуць Аарон і сыны ягоныя, і здымуць заслону, што вісіць перад [Каўчэгам], і накрыюць ёю Каўчэг Сьведчаньня.
 
І прыдуць Аарон а сыны ягоныя, як табару надабе крануцца ў дарогу, і спусьцяць запінаху запоны, і накрыюць ёю скрыню сьветчаньня.

І паложаць на яго накрыцьцё са скуры тахаш, і над ім расьцягнуць тканіну, усю з блакіту, а потым укладуць насілы ягоныя.
 
І пакладуць на яе прыкрыцьце із скур барсуковых, і звыш яго накрыюць сінюсенькаю тканіною, і ўсунуць нашулкі яе.

І стол хлябоў пакладных накрыюць тканінаю з блакіту, і паставяць на ім посуд, талеркі, чашы і кубкі на ахвяры вадкія; і хлябы пакладныя будуць на ім.
 
І стол Выкладу засьцеляць сіняю тканіною, і пастановяць на ім місы а талеркі а ложкі а коўні на ўзьліваньне, і хлеб штачасны мае быць на ім.

І паложаць на іх тканіну кармазыновую, і накрыюць накрыцьцём са скураў тахаш, і ўкладуць насілы ягоныя.
 
І засьцеляць тканіну чырвовую, накрыюць яго накрыцьцям із скуры барсуковае, і ўсунуць нашулкі яго.

І возьмуць тканіну з блакіту, і накрыюць ёй сьвечнік асьвятленьня, лямпы ягоныя, нажніцы, пасудзіны на кнаты і ўсе пасудзіны для алею, ужываныя пры ім.
 
І возьмуць тканіну сінюю, і пакрыюць сьветач сьвятла а лянпы яго а абцужкі яго а канчаранкі яго а ўсі судзіны да алівы, каторымі паслугуюцца пры ім;

І ўсё гэтае накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.
 
І ўставяць яго а ўсі судзіны яго ўнутр пакрыцьця із скураў барсуковых, і паложаць на нашулкі.

І на ахвярнік залаты паложаць тканіну з блакіту, і накрыюць яго накрыцьцём са скуры тахаш, і ўкладуць насілы.
 
І залаты аброчнік засьцеляць сіняю тканіною, і накрыюць яго накрыцьцям із скураў барсуковых, і ўсунуць нашулкі яго.

І возьмуць усе прыналежнасьці, ужываныя для службы ў сьвятыні, і накрыюць іх тканінай з блакіту і накрыцьцём са скуры тахаш, і пакладуць на насілы.
 
І возьмуць усі рэчы службовыя, каторымі паслугуюцца ў сьвятыні, і паложаць у сінюю тканіну, і накрыюць іх накрыцьцям із скураў барсуковых, і паложаць на нашулкі.

І ачысьцяць ахвярнік [ад попелу], і накрыюць яго тканінаю з пурпуру.
 
І ачысьцяць аброчнік ад попелу, і засьцеляць яго тканіною пурпуроваю.

І пакладуць на ім увесь посуд, ужываны для службы пры [ахвярніку]: папяльніцы, вілкі, лапаткі, крапільнікі. Усе гэтыя прыналежнасьці ахвярніка накрыюць накрыцьцём са скуры тахаш і ўкладуць насілы.
 
І паложаць на яго ўсі судзіны яго, каторых ужываюць да службы пры ім, — вуглянкі, відзёлкі, лапаткі а чары, усі судзіны аброчніка, і накрыюць яго накрыцьцям із скураў барсуковых, і ўсунуць нашулкі яго.

Пры складваньні табару, калі Аарон і сыны ягоныя скончаць накрываць [рэчы] сьвятыя і ўсе прыналежнасьці сьвятыні, падыйдуць сыны Кегата, каб іх несьці. І нельга ім дакранацца [рэчаў] сьвятых, каб не памерлі. Такі вось цяжар сыноў Кегата пры Намёце Спатканьня.
 
Як скончаць Аарон а сыны ягоныя накрываць сьвятыню й усе судзьдзе сьвятыні, як кранецца табар, то потым прыдуць сынове Когафовы насіць, і хай не датыкаюцца да сьвятыні, каб не памерлі. Гэта цяжар сыноў Когафовых у будане збору.

А Элеазар, сын Аарона сьвятара, будзе рупіцца пра алей на асьвятленьне, пра пахкія кадзілы, пра заўсёдную ахвяру хлебную, і пра алей памазаньня, і пра ўсё, патрэбнае для [служэньня] ў Сялібе, пра сьвятыню і прыналежнасьці ейныя».
 
А прызначаньне Елеазара, сына Аарона, сьвятара — аліва да сьвятла а пахнючае кадзіла а кажначасны аброк а алей памазаньня, і дагляд усяе вітальні а ўсяго, што ў ёй, — у сьвятыні і ў судзьдзю яе».

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:

«Не дазвольце зьнікнуць сям’і Кегата сярод лявітаў,
 
«Не загубіце плямені радзімаў Когафовых з пасярод Левітаў,

але рабіце так, каб яны жылі і не памерлі, калі будуць набліжацца да Сьвятога Сьвятых. Аарон і сыны ягоныя няхай прыйдуць і вызначаць кожнаму служэньне ягонае і цяжар, [які маюць несьці].
 
Але во што зрабіце ім, каб яны былі жывы й не памерлі, як бліжацца да Сьвятога Сьвятых: Аарон а сыны ягоныя хай прыдуць і пастановяць іх кажнага ў службе ягонай і ля цяжару ягонага;

Але [лявіты] няхай не ўваходзяць [у сьвятыню] хоць на хвіліну, каб паглядзець, і не памруць».
 
І каб ня прышлі глядзець, як накрываюць сьвятыню, каб не памерлі».

І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы:
 
І гукаў СПАДАР Масею, кажучы:

«Палічы сыноў Гершона паводле дамоў бацькоў іхніх і паводле сем’яў іхніх.
 
«Палічы колькасьць сыноў Ґірсонавых, таксама іх, па дамох айцоў іхных і па радзімах іхных,

Палічы ўсіх ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб выконвалі служэньне ў Намёце Спатканьня.
 
Ад трыццацёх год і вышэй да пяцьдзясят год, палічы іх кажнага здольнага ваяваць вайну, каб служыць службу пры вітальні збору.

Вось служэньне сям’і Гершона, якое яны будуць рабіць, і цяжары [іхнія].
 
Во работа радзімаў Ґірсонавых, каб рабіць і каб насіць:

Яны будуць насіць заслоны Сялібы і Намёт Спатканьня, і накрыцьцё ягонае, і накрыцьцё са [скуры] тахаш, якое на ім, і заслону, што каля ўваходу ў Намёт Спатканьня,
 
Яны маюць насіць споны вітальні а будану збору, і пакрыцьце яго, і пакрыцьце скураное барсуковае, што зьверху яго, і запону ўходу будану збору,

і заслоны панадворку, і заслону каля ўваходу ў панадворак, які вакол Сялібы і ахвярніка, і вяроўкі, і ўсе прыналежнасьці, патрэбныя для служэньня, і ўсё, што зроблена для іх і служэньня іхняга.
 
І заслоны панадворку, і запону дзьвярэй брамы да панадворку, каторы ля вітальні й ля аброчніка наўкола, і паварозкі іх, і ўсі судзіны злужэньня іх, і ўсе, што робіцца пры іх, і яны маюць рабіць.

Паводле [слова] з вуснаў Аарона і сыноў ягоных будзе [праходзіць] усё служэньне сыноў Гершона пры пераносцы цяжараў і пры ўсякім служэньні іхнім. Даручы ім пільнаваць усё, што яны носяць.
 
Подле слова Аарона а сыноў ягоньгх будзе ўся работа сыноў Ґірсонавых пры ўсялякім цяжару іх і ўсялякай рабоце іх, і паручы ім дагляд над усім, ношаным імі.

Гэта служэньне сыноў Гершона ў Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.
 
Гэта работа радзімаў сыноў Ґірсонавых у будане збору і дагляд пад наглядам Іфамара, сына Аарона, сьвятара.

Палічы сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
 
Сыноў Мераравых па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных палічы іх.

ад трыццаці да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
 
Ад трыццацёх год і вышэй да пяцьдзясят год, палічы кажнага прыходзячага да войска, каб служыць службы пры вітальні збору.

І гэта абавязкі іхнія ў-ва ўсім служэньні ў Намёце Спатканьня: [насіць] дошкі Сялібы і жэрдкі яе, слупкі яе і падставы іх,
 
І во паручэньне цяжараў іхных, подле ўсіх службаў іхных у будане збору: дошкі вітальні, завалы а стаўпы яе а падложкі яе,

і слупкі панадворку з усіх бакоў і падставы іхнія, калкі намёту і вяроўкі іхнія, і ўсе рэчы пры іх, і ўсе прыналежнасьці іхнія, і запішыце ўсе рэчы, якія яны павінны насіць.
 
І стаўпы панадворку наўкола, і падложкі іх, і кольле іх, і паварозкі іх да ўсіх судзінаў іх і да ўсіх работаў іх; наймя пералічыце судзіны паручэньня цяжараў іхных.

Гэта служэньне сем’яў сыноў Мэрары адносна служэньня іх у Намёце Спатканьня. Будуць яны пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара».
 
Гэта работа радзімаў Мерарычаў пры ўсіх служэньнях іхных пры будане збору пад наглядам Іфамара, сына Аарона сьвятара».

І Майсей, і Аарон, і князі грамады палічылі сыноў Кегата паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
 
І палічылі Масей а Аарон а князі грамады сыноў Когафовых па радзімах іхных і па дамох айцоў іхных,

ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
 
Ад трыццацёх год і вышэй да пяцьдзясят, кажнага прыходзячага да войска, на служэньні ў будане збору.

І было налічана іх паводле сем’яў іхніх дзьве тысячы семсот пяцьдзясят.
 
І былі лікі іхныя, па радзімах іхных, дзьве тысячы сямсот пяцьдзясят.

Гэта палічаныя сем’і Кегата, усе, якія служаць у Намёце Спатканьня, якіх палічыў Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.
 
Гэта — палічаныя з радзімаў Когафовых, кажны служэц пры будане збору, каторых палічыў Масей а Аарон, подле слова СПАДАРОВАГА Масеям.

І былі палічаны сыны Гершона паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
 
І лікі сыноў Ґірсонавых па радзімах іхных і па дамох айцоў іхных,

ад трыццаці гадоў і аж да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
 
Ад трыццацёх год і вышэй да пяцьдзясят год, кажнага прыходзячага да войска, на служэньне ў будане збору.

І было налічана іх паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць.
 
І былі лікі іх па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных дзьве тысячы шасьцьсот трыццаць.

Гэта палічаныя сем’і сыноў Гершона, усе, якія служаць у Намёце Спатканьня, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА.
 
Гэта — лікі радзімаў сыноў Ґірсонавых, усі служцы пры будане збору, каторых палічыў Масей а Аарон, подле слова СПАДАРОВАГА.

І былі палічаны сем’і сыноў Мэрары паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
 
І лікі радзімаў Мерарычаў па радзімах іхных, па дамох айцоў іхных,

ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усе, здольныя да службы, каб служыць у Намёце Спатканьня.
 
Ад трыццацёх год і вышэй да пяцьдзясят год, кажнага прыходзячага да войска, на служэньне пры будане збору.

І было налічана іх паводле сем’яў іхніх тры тысячы дзьвесьце.
 
І былі лікі іхныя па радзімах іхных тры тысячы дзьвесьце.

Гэта палічаныя сем’і сыноў Мэрары, якіх палічылі Майсей і Аарон паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага праз Майсея.
 
Гэта лікі радзімаў Мерарычаў, каторых палічыў Масей а Аарон, подле слова СПАДАРОВАГА Масеям.

Былі палічаныя ўсе лявіты, якіх палічылі Майсей, і Аарон, і князі Ізраіля паводле сем’яў іхніх і паводле дамоў бацькоў іхніх,
 
І ўсі лікі Левітаў, каторых палічыў Масей а Аарон а князі Ізраеля па радзімах іхных і па дамох айцоў іхных,

ад трыццаці гадоў і да пяцідзесяці гадоў, усіх, здольных да спаўненьня службы ў Сялібе і да працаў пры [нашэньні] цяжараў у Намёце Спатканьня.
 
Ад трыццацёх год і вышэй да пяцьдзясят год, кажны прыходзячы служыць службы Божыя, служэньне й служэньне нашэньня ў будане збору.

І было налічана іх восем тысячаў пяцьсот восемдзясят.
 
І былі лікі іхныя восьмі тысячаў пяцьсот асьмідзясят.

Паводле [слова] з вуснаў ГОСПАДА, дадзенага Майсею, прызначаны яны кожны да свайго служэньня і для [нашэньня] цяжару свайго. І былі яны палічаны, як загадаў ГОСПАД Майсею.
 
Подле слова СПАДАРОВАГА Масеям прызначаны яны кажны да свайго служэньня, і да свайго нашэньня, і да свайго прызначаньня, як расказаў СПАДАР Масею.