1 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Першае пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Вы самі ведаеце, браты, пра наш уваход да вас, што ён быў не дарэмны;
Бо вы самы ведаеце, браты, што наш уход да вас ня быў дарма;
але, раней нацярпеўшыся і будучы зьняважанымі, як вы ведаеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым гаварыць вам Эвангельле Божае з вялікім змаганьнем.
Але перад памучыўшыся і ўражаны, як вы ведаеце, у Піліпах, мы важылі ў Богу нашым гукаць вам Дабравесьць Божую зь вялікім трудненьням.
Бо пацяшэньне нашае ані з падману, ані з нячыстасьці, ані з хітраваньня,
Бо навучаньне нашае ня было з абмылы ані зь нечысьціні, ані з падходу;
але, як мы былі выпрабаваныя Богам, каб даверыць [нам] Эвангельле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.
Але як Бог прызнаў нас за годных, паручыць нам Дабравесьць, так мы гукаем, годзячы ня людзём, але Богу, Каторы прабуе сэрцы нашы.
Бо ніколі не было ў нас словаў лісьлівых, як ведаеце, ані думак хцівых, Бог — сьведка!
Бо гутарка наша з вамі ніколі ня была лісьлівая, як вы ведаеце, ані было гальлівасьці пад якім-колечы прыклепам: Бог сьветка!
Не шукалі мы славы ад людзей: ані ад вас, ані ад іншых, хоць маглі быць у паважаньні, як Хрыстовыя апосталы,
Ня шукаем славы людзкое ані ад вас, ані ад іншых, хоць мы маглі б быць із вагаю, як апосталы Хрыстовы,
але былі мы лагодныя сярод вас, як карміцелька клапоціцца пра дзетак сваіх.
Але мы былі лагодныя сярод вас, як нянька, што кукобе собскія дзеці свае.
Гэтак мы, рупячыся пра вас, пажадалі перадаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі.
Гэтак прыяючы вам, мы гатовы былі ўдзяліць ня толькі Евангелі Божае, але й собскія душы свае, бо вы сталі мілаваныя нам.
Вы памятаеце, браты, працу нашую і стому, уначы і ўдзень працуючы, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае.
Бо вы памятуеце, браты, працу а гарапашнасьць нашу: ноч і дзень працуючы, каб не ацяжарыць вас чым-колечы, мы абяшчалі вам Дабравесьць Божую.
Сьведкі вы і Бог, як сьвята, праведна і беззаганна былі мы сярод вас, якія паверылі.
Сьветкі вы й Бог, як сьвята, справядліва а беззаганна мы былі да вас вернікаў.
Бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, прасілі, і пацяшалі, і сьведчылі,
Як вы ведаеце, кажнага з вас, як ацец дзеці свае, мы навучалі й цешылі й сьветчылі,
каб вы хадзілі дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Валадарства і славу.
Каб вы жылі годна Бога, Каторы пагукаў вас да гаспадарства Свайго а славы.
Дзеля гэтага і мы несупынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы пачутае ад нас слова Божае, прынялі яго не як слова чалавечае, але як яно ёсьць у сапраўднасьці, як слова Божае, што дзейнічае ў вас, якія паверылі.
І за гэта мы кажначасна дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас слова Божае, вы прынялі ня слова людзкое, але, як запраўды ёсьць, слова Божае, каторае й дзее ў вас вернікаў.
Вы сталіся, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце Ісусе, бо і вы гэтаксама нацярпеліся ад зямлякоў сваіх, як і тыя ад Юдэяў,
Бо вы, браты, сталі перайманьнікамі ў цэркваў Божых, што ў Юдэі ў Хрысту Ісусу, бо вы тое ж цярпелі ад родзічаў сваіх, што яны ад Жыдоў,
якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям супрацівяцца,
Каторыя забілі Спадара Ісуса а прарокаў, і нас выганяюць, і ня годзяць Богу, і праціўныя ўсім людзём,
забараняюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя былі збаўленыя, і гэтак дапаўняюць грахі свае заўсёды; але дасягнуў да іх гнеў да канца.
Боронячы нам гукаць народам, каб гэтыя спасьліся; гэтак заўсёды поўняць меру грахоў сваіх. Але, наапошку, бліжыцца на іх гнеў Спадароў.
Мы ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, моцна намагаліся з вялікім жаданьнем убачыць аблічча вашае.
Мы ж, браты, будучы спабыты вас і разлучаныя на часіну відам, ня сэрцам, з большым жаданьням стараліся бачыць вас аблічна.
Дзеля гэтага хацелі мы прыйсьці да вас, — асабліва я, Павал, — і раз, і два, але перашкодзіў нам шатан.
Затым мы хацелі прыйсьці да вас, асабліва я Паўла, раз і другі раз, але шайтан перакажаў нам.
Бо якая нашая надзея, ці радасьць, ці вянок пахвалы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыйсьце Яго?
Бо хто надзея наша, альбо радасьць, альбо карона хвальбы? Ці ня вы таксама перад Спадаром нашым Ісусам у часе прыходу Ягонага?
Бо вы — слава нашая і радасьць.
Бо вы слава наша а радасьць.