Судзьдзяў 19 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
У тыя дні не было валадара ў Ізраілі. І быў нейкі лявіт, які як прыхадзень [жыў] на ўзбоччы гары Эфраіма. І меў ён наложніцу з Бэтлеему Юдэйскага.
І сталася тых дзён, калі караля ня было ў Ізраеля, і быў чалавек Левіт, што жыў на схоне гары Яхрэмавай. Ён узяў сабе мамошку з Бэтлеему Юдэйскага.
Яна з ім пасварылася і вярнулася да бацькі свайго ў Бэтлеем, і заставалася ў яго чатыры месяцы.
І бязуліла мамошка ягоная, і пайшла ад яго да дому айца свайго да Бэтлеему Юдэйскага, і была там чатыры месяцы.
І пайшоў за ёю муж ейны, хочучы прамовіць да сэрца ейнага і вярнуць яе да сябе. І меў ён з сабой слугу і двух аслоў. Яна прыняла яго і завяла ў дом бацькі свайго. Калі бацька яе ўбачыў [зяця], узрадаваўся і выйшаў яму на спатканьне.
І ўстаў муж ейны, і пайшоў да яе, каб гукаць да сэрца яе і зьвярнуць яе. І дзяцюк ягоны зь ім, і пара аслоў. Яна ўвяла яго да дому айца свайго. І абачыў яго айцец маладзіцы, і ўзрадаваўся, і вышаў наўпярэймы яму,
І затрымаў яго там, і заставаўся зяць у доме цесьця тры дні, балюючы з ім па-сяброўску і выпіваючы.
І ўзьдзяржаў яго цесьць ягоны, айцец маладзіцы. І прабыў ён у яго тры дні; і яны елі а пілі, і начавалі там.
У чацьвёрты дзень, калі ён устаў раніцай і меўся ісьці, цесьць сказаў яму: «Падсілкуйся хлебам, умацуйся, а потым пойдзеш у дарогу».
І было на чацьверты дзень, што ўсталі яны нараніцы, і ён устаў, каб ісьці. І сказаў айцец маладзіцы зяцю свайму: «Пасілі сэрца свае кавалкам хлеба, і потым пойдзеце».
І зноў сядзелі яны разам абодва, елі і пілі. І бацька той жанчыны сказаў зяцю свайму: «Прашу цябе, таксама сёньня пабудзь тут, і няхай радуецца сэрца тваё».
Яны селі, елі а пілі абое разам. І сказаў айцец маладзіцы чалавеку таму: «Папрыяй, калі ласка, і пераначуй, і хай павяселіцца сэрца твае».
Але ён устаў і зьбіраўся ісьці, і ўсё адно цесьць затрымаў яго ў сябе яшчэ на адну ноч.
І ўстаў тый чалавек, каб ісьці; але цесьць ягоны ўпрасіў яго, і ён зьвярнуўся й начаваў там.
Калі настала раніца, на пяты дзень, лявіт зьбіраўся ў дарогу, але цесьць зноў сказаў яму: «Прашу цябе, умацуй сэрца сваё». І марудзілі да канца дня, і абодва частаваліся разам.
І ўстаў нараніцы на пяты дзень, каб ісьці. І сказаў айцец маладзіцы тае: «Пасілі, калі ласка, сэрца свае»; і забавіліся да сходу дня, і елі абое яны.
І ўстаў той чалавек, каб разам з жонкай сваёй і слугою варочацца, але цесьць, бацька жанчыны, стаў угаворваць яго: «Падумай, дзень ужо хіліцца на вечар. Застаньцеся ў мяне сёньня. Пераначуйце тут, і няхай будзе добра на сэрцы тваім, а заўтра раніцаю вырушыце ў дарогу, каб вярнуцца ў дом свой».
І ўстаў тый чалавек, каб ісьці, сам ён а мамошка ягоная а дзяцюк ягоны. І сказаў яму цесьць ягоны, айцец маладзіцы: «Гля, пачынае вечарэць, начуйце, калі ласка; гля, вечарэе, начуй тут, і хай павяселіцца сэрца твае; і ўстанеце рана заўтра ў дарогу сваю, і пойдзеш да будану свайго».
Але зяць не паддаўся намовам ягоным, і адразу выбраўся ў дарогу, і прыйшоў у Евус, значыць у Ерусалім, і [былі] ў яго два аслы асядланыя, і наложніца з ім.
Але муж не захацеў начаваць, і ўстаў, і пайшоў; і прышоў аж супроці Евусу, каторы Ерузалім; а зь ім пара аслоў зь цяжарам і мамошка ягоная зь ім.
Ужо былі яны каля Евусу, і вечарэла. І сказаў слуга гаспадару свайму: «Хадзем, завернем у горад Евусэяў і затрымаемся там».
Як яны былі ля Евусу, то чыста зьвечарэла. І сказаў дзяцюк спадару свайму: «Пайдзіма, калі ласка, і зьвернем да гэтага места Евусэявага, і будзем начаваць у ім».
І адказаў яму гаспадар: «Не, ня пойдзем у горад чужынцаў, бо яны не з сыноў Ізраіля, але пройдзем аж у Гіву».
І сказаў яму спадар ягоны: «Не, ня зьвернем да места чужога, каторыя ня із сыноў Ізраелявых, але дойдзем аж да Ґівеі».
І сказаў слузе свайму: «Хадзем, дабярэмся да нейкай мясцовасьці ў Гіве або ў Раме, і там затрымаемся».
І сказаў дзяцюку свайму: «Пойдзем і дабліжымся да аднаго з гэтых месцаў, і пераначуем у Ґівее альбо ў Раме».
І мінулі яны Евус, і працягвалі пачатую дарогу. І зайшло ім сонца каля Гівы, што належыць да Бэн’яміна.
І перайшлі, і пайшлі, і зайшло ім сонца ля Ґівеы Веняміновае.
І завярнуліся яны туды, каб там пераначаваць. Але калі туды заехалі і сядзелі на плошчы гораду, ніхто не хацеў прыняць іх на ноч.
І завярнуліся яны туды, каб пайсьці начаваць у Ґівее. І прышоў ён, і сеў на вуліцы места, але ніхто ня прыняў іх да дому начаваць.
У той дзень адзін стары вяртаўся ўвечары з працы сваёй у полі. Ён быў з гары Эфраіма і як прыхадзень жыў у Гіве. А ў тым горадзе людзі былі з сыноў Бэн’яміна.
І вось, чалавек стары прышоў з работы свае з поля ўвечары; і чалавек гэты з гары Яхрэмавае, і ён жыў у Ґівее. Людзі месца гэтага сынове Веняміновы.
І падняў ён вочы свае, і ўбачыў падарожнага чалавека, які сядзеў на плошчы гораду, і спытаўся ў яго той стары: «Адкуль ты і куды ідзеш?»
І ён узьняў вочы, і абачыў чалавека падарожнага на вуліцы месцкай. І сказаў стары: «Куды йдзеш? і скуль ты прышоў?»
Той адказаў яму: «Мы ідзем з Бэтлеему Юдэйскага аж на ўзбоччы гары Эфраіма, адкуль былі пайшоўшы ў Бэтлеем Юдэйскі. І цяпер вяртаемся да Дому ГОСПАДА, але ніхто ня хоча прыняць нас у дом.
Ён сказаў яму: «Мы пераходзім із Бэтлеему Юдэйскага аж да схону гары Яхрэмавае, скуль я. Я хадзіў да Бэтлеему Юдэйскага, і да дому СПАДАРОВАГА я йду; і ніхто ня прымае мяне да дому.
Маем салому, папас для аслоў нашых, хлеб і віно для мяне, для служкі тваёй і для юнака гэтага, які са слугою тваім. Нічога не патрабуем».
І таксама салома, таксама пошар ё аслом нашым; таксама хлеб а віно імне а служэбцы тваёй а дзяцюку ёсьць у слугаў тваіх; ні ў чым няма нястачы».
І сказаў стары: «Супакой табе! Я дам табе ўсё, што патрэбна, толькі не начуй на плошчы».
І сказаў стары яму: «Супакой табе! няхай уся нястача твая будзе на імне, адно не начуй на вуліцы».
І завёў яго ў дом свой, даў мяшанку аслам, і памылі ногі свае, і елі, і пілі.
І ўвёў яго ў дом свой, і даў пошару аслом, і яны абмылі ногі свае, і елі, і пілі.
Калі яны ўзьвесялілі сэрца сваё, вось, мужчыны гораду таго, сыны Бэліяла, акружылі дом старога, і пачалі грукаць у дзьверы, крычучы: «Выведзі нам мужчыну, які зайшоў у дом твой, мы хочам пазнаць яго».
Яны разьвесялілі сэрцы свае, і вось, людзі места, сынове Веляла, абступілі дом, біліся ў дзьверы, і гукалі старому, гаспадару дому, кажучы: «Вывядзі чалавека, што ўвыйшоў у дом твой, мы пазнаем яго».
І выйшаўшы да іх стары, і сказаў: «Не рабіце, браты, гэтага ліха, бо прыйшоў да мяне чалавек у госьці, не рабіце гэтай ганьбы.
І вышаў да іх тый чалавек, гаспадар дому, і сказаў ім: «Не, браты мае, калі ласка, не рабіце ліха; як чалавек гэты ўвыйшоў у дом мой, не рабіце гэтага шалу.
Маю дачку дзяўчыну, а гэты чалавек мае наложніцу; выведу іх да вас, і вы рабіце з імі, што добра ў вачах вашых, а чалавеку гэтаму не рабіце ганьбы».
Вось, у мяне дачка дзеўка, і ў яго мамошка, вывяду я іх, мучча іх і рабіце зь імі, што добрае ў вачох вашых; а з чалавекам гэтым не рабіце гэтага шалу.
Але людзі тыя і слухаць яго не хацелі. І ўзяў той чалавек наложніцу сваю, і вывеў яе да іх, і яны пазналі яе, і гвалтавалі яе ўсю ноч аж да раніцы.
Але не хацелі тыя людзі слухаць яго. Тады муж схапіў сваю мамошку і вывеў вонкі да іх. І яны пазналі яе, і зьдзекаваліся зь яе ўсю ноч да раньня; і адпусьцілі яе, як зарала.
І прыйшла жанчына тая на сьвітаньні, і ўпала каля ўваходу ў дом, дзе быў гаспадар ейны, і там [ляжала] да сьвятла [дня].
І прышла жонка сьвітаньням, і павалілася ля ўходу дому таго чалавека, у каторага быў спадар ейны, і ляжала аж да сьвету.
Раніцаю ўстаў гаспадар ейны і адчыніў дзьверы дому, каб далей ісьці ў дарогу. І вось, наложніца ягоная ляжыць перад уваходам, і рукі ейныя на парозе.
І ўстаў спадар ейны нараніцы, і адчыніў дзьверы дому, і вышаў, каб ісьці ў дарогу сваю: і во, мамошка ягоная ўпала ля ўходу дому, і рукі ейныя на парозе.
Ён сказаў ёй: «Уставай, пойдзем». Але яна нічога не адказала. І ён узяў яе, і палажыў на асла, і вярнуўся ў дом свой.
Ён сказаў ёй: «Устань, і пойдзем». І няма адказу. Ён узяў яе на асла; і ўстаў тый муж і пайшоў на свае месца.
І прыйшоў у дом свой, і схапіў нож, і пасек цела наложніцы сваёй на дванаццаць частак, і разаслаў у-ва ўсе межы Ізраіля.
Прышоў да дому свайго, і ўзяў вялікі нож, і ўхапіў мамошку сваю, разрэзаў па касьцёх яе на двананцаць кавалкаў, і разаслаў па ўсіх граніцах Ізраелявых.
І ўсе бачылі гэта, і казалі: «Ніколі гэтага не было і не было бачана нічога падобнага ад дня, у які сыны Ізраіля выйшлі з Эгіпту аж да сёньняшняга дня! Зьвярніце ўвагу на гэта і скажыце, што рабіць».
І было, што кажны, хто бачыў гэта, казаў: «Ня было й ня відаць было падобнага ад дня ўзыходу сыноў Ізраелявых ізь зямлі Ягіпецкае аж дагэтуль; зьвярніце ўвагу на гэта, парадзьцеся й кажыце».