Судзьдзяў 4 разьдзел
Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля сьмерці Эгуда сыны Ізраіля зноў пачалі рабіць ліхое ў вачах ГОСПАДА.
І далей рабілі сынове Ізраелявы ліха ў ваччу СПАДАРА. Егуд жа памер.
І аддаў іх ГОСПАД у рукі Явіна, валадара Ханаану, які валадарыў у Хацоры. Начальнікам войска ягонага быў Сісэра, які жыў у Харашэт-Гагаіме.
І выдаў іх СПАДАР у рукі Явіна, караля Канаанскага, каторы гаспадарстваваў у Гацору; і вайводцам у яго быў Сысэра, а ён жыў у Гарошэф-Гаґоіме.
І клікалі сыны Ізраіля да ГОСПАДА, бо Явін меў дзевяцьсот калясьніцаў жалезных і дваццаць гадоў бязьлітасна ўціскаў сыноў Ізраіля.
І загаласілі сынове Ізраелявы да СПАДАРА; бо ў яго было дзевяцьсот зялезных цялежак, і ён моцна ўціскаў сыноў Ізраелявых дваццаць год.
У гэты час судзіла Ізраіль Дэбора прарочыца, жонка Ляпідота.
І Дэвора, жонка-прарока Лапідофіха, судзіла Ізраеля таго часу.
Яна сядзела пад пальмаю Дэборы паміж Рамаю і Бэтэлем на гары Эфраіма. І прыходзілі да яе сыны Ізраіля на суд.
І жыла яна пад пальмаю Дэворынаю, меж Рамы й Бэт-Элю, на гары Яхрэмавай; і ўзыходзілі да яе сынове Ізраелявы на суд.
Яна паслала і паклікала Барака, сына Абінаама, з Кадэш-Нэфталі, і сказала яму: «Гэта загадаў ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Ідзі і вядзі войска на гару Табор, і вазьмі з сабою дзесяць тысячаў ваяроў з сыноў Нэфталі і з сыноў Завулёна.
І паслала, і пагукала Варака Авіноаменка зь Кедэшу Неффалімовага, і сказала яму: «Ціж не расказаў СПАДАР, Бог Ізраеляў: "Пайдзі, прыцягні людзёў на гару Табор і вазьмі із сабою дзесяць тысячаў чалавекаў із сыноў Неффалімовых а сыноў Завулонавых;
А Я прывяду да цябе да ручая Кішон Сісэру, начальніка войска Явіна, і калясьніцы ягоныя, і ўсё мноства ягонае, і аддам яго ў рукі твае”».
А Я прыцягну да цябе аж да цур’я Кішону, Сысэру, вайводцу Явіновага, і цялежкі ягоныя, і множасьць ягоную, і аддам яго ў рукі твае"».
І сказаў ёй Барак: «Калі ты пойдзеш са мною, і я пайду, а калі ня пойдзеш са мной, я не пайду».
І сказаў ёй Варак: «Калі ты пойдзеш з імною, то я пайду; а калі ня пойдзеш з імною, не пайду».
Яна сказала: «Я пайду з табою, але ў гэтай выправе ты не здабудзеш славы, бо ў рукі жынчыны аддасьць ГОСПАД Сісэру». І ўстала Дэбора, і пайшла з Баракам у Кадэш.
І яна сказала: «Пайсьці пайду з табою; толькі не табе ўжо будзе чэсьць на гэтай дарозе, у каторую ты йдзеш, бо ў руку жонкі выдасьць СПАДАР Сысэру». І ўстала Дэвора, і пайшла з Вараком да Кедэшу.
А Барак сабраў сыноў Завулёна і Нэфталі ў Кадэшы, і вырушыў з дзесяцьцю тысячамі ваяроў, і пайшла з імі Дэбора.
І згукаў Варак Завулона а Неффаліма да Кедэшу, і ўзышлі да ног ягоных дзесяць тысячаў чалавекаў, і Дэвора ўзышла зь ім.
А Хэвэр Кенэянін аддзяліўся ад іншых сыноў Кенэя, братоў сваіх, сыноў Хавава, цесьця Майсея, і разлажыўся табарам каля дуба ў Цаананіме каля Кадэшу.
І Гэвер Кінянін аддзяліўся ад Кінян, ад сыноў Говававых, сьця Масеявага, і расьцягнуў будан свой ля дубровы ў Цаананіме ля Кедэшу.
І даведаўся Сісэра, што Барак, сын Абінаама, вырушыў на гару Табор.
І наказалі Сысэру, што ўзышоў Варак Авіноаменак на гару Табор.
І сабраў Сісэра ўсе калясьніцы свае, дзевяцьсот калясьніцаў жалезных, і ўсе дружыны свае, якія меў, і загадаў ім прыйсьці з Харашэт-Гагаіму да ручая Кішон.
І згукаў Сысэра ўсі цялежкі свае, дзевяцьсот зялезных цялежак, і ўвесь люд, каторы ў яго, з Гарошэф-Гаґоіму аж да цур’я Кішону.
І сказала Дэбора Бараку: «Устань, бо ў гэты дзень аддасьць ГОСПАД у рукі твае Сісэру. Сам ГОСПАД пойдзе перад табою». І зыйшоў Барак з гары Табор, і разам з ім дзесяць тысячаў ваяроў.
І сказала Дэвора Вараку: «Устань, бо гэта тый дзень, у каторым дасьць СПАДАР Сысэру ў рукі твае; ціж ня пойдзе СПАДАР перад табою!» І зышоў Варак із гары Табору, і дзесяць тысячаў чалавекаў за ім.
Тады ГОСПАД навёў жах на Сісэру і на ўсе калясьніцы ягоныя, і на ўсё мноства войска ягонага перад вострывам мяча Барака. І сам Сісэра выскачыў з калясьніцы, і ўцякаў пешшу.
І ўчыніў СПАДАР сумятяю Сысэры, і ўсім цялежкам ягоным, і ўсякаму табару ягонаму ад ляза мяча перад Вараком, і зышоў Сысэра зь цялежак, і ўцякаў пехатой.
А Барак гнаў калясьніцы і войска аж да Харашэт-Гагаіму. І ўсё войска Сісэры загінула ад вострыва мяча, і ніводзін не ацалеў.
І Варак гнаўся за цялежкамі а за табарам аж да Гарошэф-Гаґоіму, і паў увесь табар Сысэрын ад ляза мяча, не засталося нават аднаго.
А Сісэра ўцякаў пешшу і прыбег да намёту Яэлі, жонкі Хэвэра Кенэяніна. Бо быў мір між Явінам, валадаром Хацору, і домам Хэвэра Кенэяніна.
І Сысэра ўцёк пехатой да будану Яілінага, жонкі Гэвера Кіняніна, бо быў мір памеж Явіна, караля Гацорскага, і дому Гэвера Кіняніна.
І Яэль выйшла з намёту на спатканьне Сісэры, і сказала яму: «Увайдзі да мяне, пане мой, увайдзі, ня бойся». Ён увайшоў у намёт яе, і яна накрыла яго кілімам.
І вышла Яіль напярэймы Сысэры, і сказала яму: «Зайдзіся, спадару мой, зайдзіся да мяне, ня бойся». І ён зайшоўся да яе, да будану, і яна накрыла яго каберцам.
Ён сказаў ёй: «Дай мне, калі ласка, крыху вады, бо я вельмі засьмягшы». Яна адкрыла буклак з малаком і дала яму напіцца, а потым зноў накрыла яго.
І сказаў ён: «Дай імне, калі ласка, крыху вады напіцца, бо я сьмягну». І яна разьвязала мех малака, і дала яму піць, і накрыла яго.
[Сісэра] сказаў ёй: «Пастой каля ўваходу ў намёт, і калі хто прыйдзе і будзе пытацца ў цябе: “Ці ёсьць тут хто?”, ты адкажы: “Нікога няма”».
І сказаў ёй: «Стань ля дзьвярэй будану, і калі хто прыйдзе, і папытаецца ў цябе, і скажа: "Ці няма тут каго?" Ты кажы: "Няма"».
Тады Яэль, жонка Хэвэра, узяла калок ад намёту і молат, і ўвайшла ціха да яго, і прабіла яго скроні калком, і [Сісэра] ўткнуўся ў зямлю, а ён спаў ад зьнямогі, і памёр.
І ўзяла Яіль Гэверыха калок ад будану, і ўзяла молат у руку сваю, і падышла да яго ціханька, і ўбіла калок у віскавіцу ягоную, і прыбіла да зямлі; а ён спаў у глыбокім сьне, бо быў стамаваўшыся, і памер.
І вось Барак, гонячыся за Сісэрам, надыйшоў. Яэль выйшла да яго і сказала: «Хадзем, я пакажу табе чалавека, якога ты шукаеш». Ён, калі ўвайшоў да яе, убачыў Сісэру, што ляжаў мёртвы, з калком у скронях.
І вось, Варак гоніцца за Сысэрам. І вышла Яіль напярэймы яму, і сказала яму: «Увыйдзі, я пакажу табе чалавека, каторага ты шукаеш». Ён увыйшоў да яе, і вось, Сысэра ўпаўшы мертвы, і калок у віскавіцы ягонай.
У той дзень прынізіў Бог Явіна, валадара Ханаану, перад абліччам сыноў Ізраіля.
І ўкарыў Бог таго дня Явіна, караля Канаанскага, перад сынамі Ізраелявымі.
І мацнела рука сыноў Ізраіля, і цяжэла рука іхняя над Явінам, валадаром Ханаану, пакуль яны ня зьнішчылі Явіна, валадара Ханаану.
І дужэла рука сыноў Ізраелявых болей а болей, і была цяжкая над Явіном, каралём Канаанскім, аж пакуль ня выгубілі яны Явіна, караля Канаанскага.