1 царстваў 15 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І сказаў Самуэль Саўлу: «ГОСПАД паслаў мяне памазаць цябе валадаром для народу Ягонага, Ізраіля. І цяпер паслухай голас словаў ГОСПАДА.
 
І сказаў Самуйла Саўлу: «Мяне паслаў СПАДАР памазаць цябе за караля над людам Ягоным, над Ізраелям; і цяпер паслухай голасу СПАДАРОВАГА.

Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Узважыў Я, што зрабіў Амалек Ізраілю, як перашкаджаў яму ў дарозе, калі [Ізраіль] ішоў з Эгіпту.
 
Гэтак кажа СПАДАР войскаў: "Успомнеў Я праз тое, што зрабіў Амалік Ізраелю, як ён стаў супроці яго на дарозе, як ён узышоў зь Ягіпту.

І цяпер ідзі, і пабі Амалека, і палажы закляцьце на ўсё, што ён мае. Не шкадуй яго, але забівай ад мужчыны аж да жанчыны, ад малога аж да немаўляці, валоў і авечак, вярблюдаў і аслоў».
 
Цяпер ідзі, і зразь Амаліка, і акануй усе, што ў яго; і не жалей яго, але выбі ад мужчыны аж да жонкі, ад дзяцяці аж да сысуна, ад вала аж па авечкі, ад вярблюда аж да асла"».

І склікаў Саўл народ, і палічыў яго ў Тэляме, дзьвесьце тысячаў пяхотнікаў і дзесяць тысячаў ваяроў Юды.
 
І згукаў Саўла люд, і налічыў іх у Тэлаіме дзьвесьце тысячаў пяхотных і дзесяць тысячаў мужоў Юдэі.

І пайшоў Саўл да гораду Амалека, і зрабіў засаду ў лагчыне.
 
І дайшоў Саўла да месца Амалікавага, і зрабіў засаду ў даліне.

І сказаў Саўл Кенэям: «Адыйдзіцеся, аддзяліцеся і выйдзіце спаміж Амалека, каб разам з імі я не загубіў і вас. Бо вы зьявілі міласэрнасьць усім сынам Ізраіля, калі яны ішлі з Эгіпту». І выйшлі Кенэі спаміж Амалека.
 
І сказаў Саўла Кінянам: «Пайдзіце, адвярніцеся, зыйдзіце з пасярод Амаліка, каб імне не прылучыць цябе да яго, бо ты зрабіў ласку ўсім сыном Ізраелявым, як яны ўзыходзілі зь Ягіпту"». І адвярнуўся Кінянін з пасярод Амаліка.

І пабіў Саўл Амалека ад Хавілі аж да Шуру, які перад Эгіптам.
 
І зразіў Саўла Амаліка ад Гавілы аж да твайго ўходу ў Шур, каторы перад Ягіптам.

І схапіў ён Агага, валадара Амалекскага, жывога, а ўвесь народ пабіў вострывам мяча, палажыўшы закляцьце.
 
І схапілі Аґаґа, караля Амалікавага, жывога, а ўвесь люд чыста аканаваў лязом мяча.

І пашкадавалі Саўл і народ Агага і статкі найлепшых авечак і валоў, і адкормленай жывёлы, бараноў і ўсяго адборнага, і не хацелі нішчыць іх. А на ўсё, што было марным і хворым, яны палажылі закляцьце.
 
І пажалеў Саўла а люд Аґаґа, і найлепшых із драбнога й буйнога статку, і другарадных, але кормных, ягнят, і ўсяго добрага, і не хацелі аканаваць, але ўсе бракоўнае а пакіненае яны аканавалі.

І было слова ГОСПАДА да Самуэля, кажучы:
 
І было слова СПАДАРОВА Самуйлу, кажучы:

«Шкадую, што Я паставіў Саўла валадаром, бо адступіўся ён ад Мяне і не выконвае словы Мае». І засмуціўся Самуэль, і ўсю ноч клікаў да ГОСПАДА.
 
«Жалею, што пастанавіў Я Саўлу за караля; бо ён адвярнуўся ад Мяне і слова Майго ня споўніў». І зьнемарасьціўся Самуйла, і гукаў да СПАДАРА цэлую ноч.

І ўстаў Самуэль раніцай, каб наведаць Саўла, і паведамілі Самуэлю: «Саўл пайшоў у Кармэль, і вось, ён там паставіў сабе памятку [перамогі], і вярнуўся, і пайшоў, і зыйшоў у Гільгал».
 
І ўстаў Самуйла рана нараніцы на сустрэчу із Саўлам. І наказалі Самуйлу, кажучы: «Прыходзіў Саўла на Карміл, і пастанавіў сабе помнік, і абярнуўся, і перайшоў, і зышоў да Ґілґалу».

І прыйшоў Самуэль да Саўла, і сказаў яму Саўл: «Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД. Я выканаў слова ГОСПАДА».
 
І прышоў Самуйла да Саўлы, і Саўла сказаў яму: «Дабраславёны ты ў СПАДАРА; я споўніў слова СПАДАРОВА».

І сказаў Самуэль: «Што гэта за голас авечак у вушах маіх, і што гэта за голас валоў, які я чую?»
 
І сказаў Самуйла: «А што гэта за бляяньне авец у вушшу маім, і мычэньне буйнога статку, каторае я чую?»

І Саўл сказаў: «Гэта мы прывялі іх ад Амалека. Бо пашкадаваў народ лепшых авечак і валоў, каб пасьля скласьці іх у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, а астатніх мы [зьнішчылі] закляцьцем».
 
І сказаў Саўла: «Ад Амаліка прывялі іх, што люд ажалеў найлепшых із драбнога й буйнога статку, каб абракаць СПАДАРУ, Богу твайму; а засталае мы аканавалі».

І сказаў Самуэль Саўлу: «Досыць! Я паведамлю табе, што мне сказаў ГОСПАД у гэтую ноч». Сказаў яму [Саўл]: «Гавары!»
 
І сказаў Самуйла Саўлу: «Пакінь, я скажу табе, што гукаў імне СПАДАР гэтае ночы». І сказаў яму Саўла: «Кажы».

І сказаў Самуэль: «Ці не малым ты быў у вачах сваіх, а стаўся ты галавой каленаў Ізраіля. І памазаў цябе ГОСПАД на валадара для Ізраіля,
 
І сказаў Самуйла: «Ці не малым ты быў у ваччу сваім, як стаў ты галавою плямёнаў Ізраелявых, і памазаў СПАДАР цябе за караля над Ізраелям?

і паслаў цябе ГОСПАД у дарогу, і сказаў: “Ідзі, і палажы закляцьце на Амалека, і ваюй з ім аж да вынішчэньня яго”.
 
І паслаў цябе СПАДАР у дарогу, і сказаў табе: "Ідзі й акануй грэшнікаў — Амаліка, і ваюй ізь імі, пакуль ня зьнішчыш іх".

Дык чаму ты не паслухаў голас ГОСПАДА, чаму кінуўся на здабычу і ўчыніў ліхоту ў вачах ГОСПАДА?»
 
Чаму ж ты не паслухаў голасу СПАДАРОВАГА, і кінуўся на здабытак, і зрабіў ліха ў ваччу СПАДАРА?»

І сказаў Саўл Самуэлю: «Я паслухаў голас ГОСПАДА, і пайшоў у дарогу, у якую паслаў мяне ГОСПАД. І я прывёў Агага, валадара Амалекскага, і Амалека вынішчыў закляцьцем.
 
І сказаў Саўла Самуйлу: «Я ж паслухаў голасу СПАДАРОВАГА, і пайшоў у дарогу, куды паслаў мяне СПАДАР, і прывёў Аґаґа, караля Амаліцкага, Амаліка ж аканаваў;

А народ узяў са здабычы авечак і валоў, як пяршыны іхнія, каб скласьці іх у ахвяру ГОСПАДУ, Богу твайму, у Гільгале».
 
І ўзяў люд із здабытку, з драбнога й буйнога статку, першае з аканаванага, на абраканьні СПАДАРУ, Богу твайму, у Ґілґале».

І сказаў Самуэль: «Ці ж ГОСПАД хоча цэласпаленьняў і ахвяраў крывавых больш, чым паслухмянасьці голасу ГОСПАДА? Лепш паслухмянасьць, чым ахвяры крывавыя, і пакорнасьць лепш, чым [ахвяра] з тлушчу бараноў.
 
І сказаў Самуйла: «Ці больш зыча СПАДАР усепаленьняў а аброкаў, чымся слуханьня голасу СПАДАРОВАГА? Вось, валей слуханьне, чымся аброк, і слухмянасьць, чымся тук барані;

Бо непакорнасьць — [такі самы] грэх, як варажба, а сваволя — як пакланеньне ідалам. За тое, што ты адкінуў слова ГОСПАДА, Ён адкінуў цябе, як валадара».
 
Бо бунт ё — як грэх варажбы, а ўпорлівасьць — як бяспраўе а балваны. За тое, што ты адхінуў слова СПАДАРОВА, і Ён адхінуў цябе, каб ты ня быў каралём».

І сказаў Саўл Самуэлю: «Саграшыў я, бо парушыў [слова] з вуснаў ГОСПАДА і словы твае, бо я баяўся народу і паслухаў голас іхні.
 
І сказаў Саўла Самуйлу: «Ізграшыў я, бо выступіў із слова СПАДАРОВАГА і з словаў тваіх, бо я баяўся люду, дык паслухаў голасу іхнага.

Дык цяпер здымі з мяне грэх мой і вярніся са мной, каб я пакланіўся ГОСПАДУ».
 
Цяпер жа здыймі, калі ласка, зь мяне грэх мой і зьвярніся з імною, каб я пакланіўся СПАДАРУ».

І сказаў Самуэль Саўлу: «Не вярнуся з табой, бо ты адкінуў слова ГОСПАДА, і ГОСПАД адкінуў цябе, каб ты ня быў валадаром для Ізраіля».
 
І сказаў Самуйла Саўлу: «Не зьвярнуся я з табою, бо ты адхінуў слова СПАДАРОВА, і адхінуў цябе СПАДАР, каб ты ня быў каралём над Ізраелям».

І павярнуўся Самуэль, каб ісьці, але Саўл схапіў за крысо плашча ягонага, і разьдзёр [яго].
 
І абярнуўся Самуйла, каб пайсьці; і Саўла ўхапіў за крысо адзежы ягонае, і разьдзерлася.

І сказаў яму Самуэль: «Аддзярэ ГОСПАД валадарства Ізраіля ад цябе сёньня і перадасьць яго бліжняму твайму, лепшаму за цябе.
 
І сказаў яму Самуйла: «Адарваў СПАДАР гаспадарства Ізраельскае ад цябе сядні і аддаў яго прыяцелю твайму, лепшаму за цябе.

Хвала Ізраіля ня хлусіць і не шкадуе, бо гэта не чалавек, каб шкадаваць [пра дзеі свае]».
 
Таксама Вечны Ізраеля ня скажа няпраўды й не пашкадуецца, бо не чалавек ён, каб шкадавацца Яму».

І сказаў [Саўл]: «Саграшыў я. Але ўшануй мяне перад старшынямі народу майго і перад Ізраілем. Вярніся са мной, каб я пакланіўся ГОСПАДУ, Богу твайму».
 
І сказаў: «Я ізграшыў цяпер; але ўсьці мяне, калі ласка, перад старцамі люду майго і перад Ізраелям, і зьвярніся з імною, і я пакланюся СПАДАРУ, Богу твайму».

І вярнуўся Самуэль з Саўлам, і Саўл пакланіўся ГОСПАДУ.
 
І зьвярнуўся Самуйла за Саўлам, і пакланіўся Саўла СПАДАРУ.

І сказаў Самуэль: «Прывядзіце да мяне Агага, валадара Амалекскага». І падыйшоў да яго Агаг, дрыжучы, і сказаў Агаг: «Сапраўды, адступіла [ад мяне] горыч сьмерці».
 
І сказаў Самуйла: «Прывядзіце да мяне Аґаґа, караля Амаліцкага». І падышоў да яго Аґаґ ветла, і сказаў Аґаґ: «Пэўне мінула гарчыня сьмерці?»

А Самуэль сказаў: «Як меч твой пазбаўляў жанчынаў дзяцей іхніх, так між жанчынамі маці твая застанецца без дзяцей». І забіў Самуэль Агага перад абліччам ГОСПАДА ў Гільгале.
 
І сказаў Самуйла: «Як спабываў жанкі дзяцей меч твой, так маці твая меж жанок хай будзе спабыта сына». І расьцяў Самуйла Аґаґа перад СПАДАРОМ у Ґілґале.

І пайшоў Самуэль у Раму, а Саўл вярнуўся ў дом свой у Гіве Саўлавай.
 
І пайшоў Самуйла да Рамы, а Саўла пайшоў да дому свайго, да Ґівеі Саўлавае.

Ад гэтага часу Самуэль ня бачыўся з Саўлам аж да дня сьмерці сваёй. І сумаваў Самуэль дзеля Саўла, бо ГОСПАД шкадаваў, што паставіў Саўла валадаром над Ізраілем.
 
І болей ня бачыў Самуйла Саўлы аж да дня сьмерці свае; плакаў, адылі, Самуйла па Саўлу, і СПАДАР шкадаваўся, што пастанавіў Саўлу за караля над Ізраелям.