1 царстваў 18 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І скончыў Давід размову з Саўлам, і душа Ёнатана прыхілілася да душы Давіда, і палюбіў яго Ёнатан, як душу сваю.
 
Як скончыў гутарыць із Саўлам, то душа Ёнафанова зьвязалася з душою Давідавай, і палюбіў яго Ёнафан, як сваю душу.

І з таго дня ўзяў яго Саўл да сябе, і ня даў яму вярнуцца ў дом бацькі свайго.
 
І ўзяў яго Саўла таго дня, і ня даў яму зьвярнуцца да дому айца ягонага.

І заключыў Ёнатан запавет з Давідам, бо палюбіў ён яго як душу сваю.
 
І ўчыніў Ёнафан із Давідам змову, бо палюбіў яго, як душу сваю.

І зьняў з сябе Ёнатан шату, якая [была] на ім, і даў яе Давіду, і астатняе адзеньне сваё, і нават меч, лук і пояс свой.
 
І ськінуў Ёнафан вопратку сваю, каторая была на ім, і аддаў яе Давіду, таксама й адзецьці свае, і аж да мяча свайго, і аж да лука свайго, і аж да пояса свайго.

І хадзіў Давід усюды, куды пасылаў яго Саўл, і ўсюды меў посьпех. І паставіў яго Саўл начальнікам над ваярамі, і ён быў добрым у вачах усяго народу, а таксама ў вачах слугаў Саўла.
 
І выходзіў Давід, куды яго пасылаў Саўла, і дзеяў разумна, і пастанавіў яго Саўла над ваеннымі людзьмі, і любы быў у вачох усяго люду і таксама ў вачох слугаў Саўлавых.

І, калі ішлі [ваяры], калі вяртаўся Давід, перамогшы Філістынцаў, выходзілі жанчыны з песьнямі і танцамі, з бубнамі і гусьлямі насустрач валадару Саўлу.
 
І сталася, як яны йшлі, як Давід зварачаўся ад забіцьця Пілішчаніна, што выходзілі жанкі з усіх местаў Ізраельскіх пяяць а скакаць наўпярэймы каралю Саўлу з бубнамі, зь весялосьцяй і з трыструннымі.

І танчылі жанчыны, і сьпявалі, паўтараючы: «Пабіў Саўл тысячы, а Давід — дзясяткі тысячаў».
 
І адказавалі граючыя жанкі, і гукалі: «Саўла пабіў свае тысячы, а Давід — дзесяць тысячаў!»

І вельмі ўзлаваўся Саўл, і кепскімі былі ў вачах ягоных словы гэтыя, і ён сказаў: «Давіду даюць дзясяткі тысячаў, а мне даюць толькі тысячы; яму толькі валадараньня не хапае».
 
І Саўла дужа зьнемарасьціўся, і благім было гэтае слова ў ваччу ягоным, і ён сказаў: «Давіду далі дзесяткі тысячаў, а імне тысячы; яму не стаець адно гаспадарства».

Ад таго дня глядзеў Саўл на Давіда крывым вокам.
 
І касавурыўся Саўла на Давіда адгэнуль і далей.

А на другі дзень апанаваў Саўла ліхі дух, [спасланы] Богам, і ён шалеў у доме сваім. І Давід як штодзень граў на гусьлях, а Саўл трымаў дзіду ў руцэ.
 
І сталася назаўтрае, што зышоў ліхі дух ад Бога на Саўлу, і ён праракаў сярод дому, а Давід граў рукою сваёй, як і ў іншыя дні; і дзіда ў руццэ ў Саўлы.

І кінуў Саўл дзіду рукою сваёй, і сказаў: «Прыб’ю Давіда да сьцяны». Але Давід ухіліўся, і было так два разы.
 
І пусьціў Саўла дзіду, і сказаў: «Праб’ю Давіда аж да сьцяны». Але адхінуйся Давід двойчы ад яго.

І баяўся Саўл Давіда, бо ГОСПАД быў з ім, а ад Саўла адвярнуўся.
 
І баяўся Саўла Давіда, бо СПАДАР быў ізь ім, а ад Саўлы адступіў.

І адсунуў Саўл яго ад сябе, і прызначыў яго тысячнікам, і ён выходзіў [на вайну] і хадзіў перад абліччам народу.
 
І аддаліў яго Саўла ад сябе, і пастанавіў яго ў сябе тысячнікам, і ён выходзіў і ўходзіў перад людам.

І на ўсіх шляхах сваіх меў Давід посьпех, і ГОСПАД [быў] з ім.
 
І Давід у вусіх дарогах сваіх дзеяў разумна, і СПАДАР ізь ім.

І ўбачыў Саўл, што [Давіду] ўсё ідзе пасьпяхова, і меў страх перад ім.
 
І бачыў Саўла, што ён дзее вельма разумна, і баяўся яго.

А ўвесь Ізраіль і Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў [на вайну] і хадзіў перад абліччам іхнім.
 
А ўвесь Ізраель а Юда любілі Давіда, бо ён выходзіў і ўходзіў перад імі.

І сказаў Саўл Давіду: «Вось старэйшая дачка мая Мэраб. Я дам яе табе за жонку, але будзь у мяне мужным [чалавекам] і вядзі войны ГОСПАДА». А Саўл казаў [сабе]: «Не мая рука будзе супраць яго, але будзе супраць яго рука Філістынцаў».
 
І сказаў Саўла Давіду: «Во старшая дачка мая, Мерава; я дам табе яе за жонку, адно будзь у мяне харобрым і ваюй войны СПАДАРОВЫ»; бо Саўла гукаў сабе: «Хай не мая рука будзе на ім, а хай будзе на ім рука Пілішчан».

І сказаў Давід Саўлу: «Хто я і якое жыцьцё маё, або якая сям’я бацькі майго ў Ізраілі, каб быць мне зяцем валадара?»
 
І сказаў Давід Саўлу: «Хто я, што жыцьцё маё й род айца майго ў Ізраелю, каб імне быць зяцям каралёвым?»

Але калі наблізіўся час аддаць за Давіда Мэраб, дачку Саўла, яна была аддадзена за жонку Адрыэлю з Мэхолы.
 
І было ў часе адданьня Меравы Саўлішкі за Давіда, і вось, яна аддана Адрыелу Меголяніну за жонку.

І [другая] дачка Саўла, Міхаль, пакахала Давіда. І паведамілі пра гэта Саўлу, і была гэтая справа слушная ў вачах ягоных.
 
І закахалася Міхала Саўлішка ў Давіда; і сказалі Саўлу, і была гэта справа справядлівая ў аччу ягоным.

І сказаў Саўл: «Аддам яму яе, і будзе яна для яго пасткаю, і будзе супраць яго рука Філістынцаў». І другі раз сказаў Саўл Давіду: «Сёньня будзеш зяцем маім».
 
І сказаў Саўла: «Аддам яе за яго, і яна будзе яму сеткаю, і будзе на ім рука Пілішчан». І сказаў Саўла Давіду другім наваратам: «Станеш імне зяцям сядні».

І загадаў Саўл слугам сваім: «Пагаварыце з Давідам паціху, кажучы: “Вось, ты падабаешся валадару, і ўсе слугі ягоныя любяць цябе, дык будзь зяцем валадара”».
 
І расказаў Саўла слугам сваім: «Гукайце Давіду цішком: "Вось кароль зычлівы да цябе, і ўсі слугі ягоныя любяць цябе; дык будзь зяцям каралёвым"».

І гаварылі гэтыя словы слугі Саўла ў вушы Давіду, і Давід сказаў: «Ці ж не малая гэта рэч у вачах вашых, каб я стаў зяцем валадару? Я ж чалавек бедны і нязначны».
 
І гукалі слугі Саўлавы ў вушы Давіду ўсі словы гэтыя. І сказаў Давід: «Ціж лёгка здаецца вам быць зяцям каралёвым? я — чалавек бедны а невялічкі».

І паведамілі гэта слугі Саўлу, кажучы, якія словы казаў Давід.
 
І сказалі Саўлавы слугі яму, кажучы: «Гэтак казаў Давід».

І сказаў Саўл: «Так скажыце Давіду: “Валадар не патрабуе ніякай платы за нявесту, але толькі сто скуравінак Філістынскіх, каб адпомсьціць ворагам валадара”». Бо думаў Саўл гэтак выдаць Давіда ў рукі Філістынцаў.
 
І сказаў Саўла: «Гэтак скажыце Давіду: "Кароль ня хоча вена, апрача сту канцавых скуркаў Пілісцкіх, каб памсьціць непрыяцелям каралёвым"». Бо Саўла думаў прычыніць упад Давіда рукамі Пілішчан.

І паведамілі слугі валадара Давіду словы гэтыя, і была слушная справа гэтая ў вачах Давіда, каб стаць зяцем валадара.
 
І сказалі слугі ягоныя Давіду гэтыя словы, і люба было гэтае слова ў ваччу Давіда стаць зяцям каралёвым. Яшчэ ня мінулі дні,

Яшчэ ня скончыліся прызначаныя дні, а Давід устаў і пайшоў з ваярамі сваімі, і забіў дзьвесьце Філістынцаў, і прынёс Давід скуравінкі іхнія, і адлічыў іх валадару, каб быць зяцем валадара. І аддаў Саўл дачку сваю Міхаль за жонку яму.
 
І ўстаў Давід, і пайшоў сам і людзі ягоныя зь ім, і паразіў зь Пілішчан дзьвесьце чалавекаў, і прынёс Давід канцавыя скуркі іхныя, і даў іх у поўнай колькасьці каралю, каб стаць зацям каралёвым. І выдаў Саўла за яго Міхалу, дачку сваю, за жонку.

І ўбачыў Саўл, і зразумеў, што ГОСПАД з Давідам, а Міхаль, дачка Саўла, кахае яго.
 
І абачыў Саўла, і пазнаў, што СПАДАР із Давідам, дый Міхала Саўлішка любіла яго.

І тым больш пачаў Саўл баяцца Давіда, і стаўся Саўл ворагам Давіду ў-ва ўсе дні.
 
І яшчэ болей баяўся Саўла Давіда, і стаў Саўла непрыяцелям Давіда на ўсі дні.

А валадары Філістынцаў выходзілі [ваяваць], але колькі разоў нападалі яны, Давід меў посьпех большы, чым слугі Саўла, і вельмі слаўным сталася імя ягонае.
 
І выходзілі князі Пілісцкія; і было кажнага разу, як яны выходзілі, што Давід дзеяў разумней за ўсіх слугаў Саўлавых, і стала дарагім імя ягонае.