1 царстваў 3 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Юнак Самуэль служыў ГОСПАДУ пад наглядам Гэлія. І слова ГОСПАДА было рэдкім у тыя дні, і відзежаў не было.
 
Але хлапец Самуйла служыў СПАДАРУ перад Ілям; і слова СПАДАРОВА было дарагое тых дзён, не праяўляліся відзені.

І сталася, што аднаго дня Гэлій спаў на месцы сваім, а вочы ягоныя саслабелі, і ён ня мог бачыць.
 
І было таго дня, як Іль ляжаў на сваім месцу, — і вочы ягоныя пачалі цямнець, ён ня змог бачыць, —

І лямпа Божая не была яшчэ патушаная, і Самуэль спаў у сьвятыні ГОСПАДА, дзе быў Каўчэг Божы.
 
І сьветач Божы яшчэ ня згас, і Самуйла ляжаў у сьвятыні СПАДАРОВАЙ, ідзе скрыня Божая.

І паклікаў ГОСПАД Самуэля. Ён адказаў: «Вось я».
 
І загукаў СПАДАР да Самуйлы і сказаў ён: «Вось я!»

І пабег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Я ня клікаў цябе. Вяртайся і сьпі». І ён пайшоў, і лёг спаць.
 
І пабег да Іля, і сказаў: «Вось Я! бо ты гукаў мяне». А тый сказаў: «Я ня гукаў цябе; зьвярніся, ляж»; і ён пайшоў і лёг.

І ГОСПАД зноў паклікаў Самуэля, і сказаў: «Самуэль, Самуэль». Той пабег да Гэлія і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». Ён сказаў: «Я ня клікаў цябе, сын мой. Вяртайся і сьпі».
 
І далей яшчэ гукаў СПАДАР Самуйлу. І ўстаў Самуйла, і пайшоў да Іля, і сказаў: «Вось я! бо ты гукаў мяне». Але тый сказаў: «Я ня гукаў цябе, сыну мой; зьвярніся, ляж».

Бо Самуэль не пазнаў яшчэ ГОСПАДА і не было яшчэ яму аб’яўлена слова ГОСПАДА.
 
Гэта было перш, чымся Самуйла пазнаў СПАДАРА, і перш, чымся аб’явілася яму слова СПАДАРОВА.

Але ГОСПАД зноў паклікаў Самуэля трэці раз. Ён падняўся і пабег да Гэлія, і сказаў: «Вось я, бо ты клікаў мяне». І зразумеў Гэлій, што ГОСПАД кліча юнака.
 
І далей СПАДАР гукаў Самуйлу трэйцім наваратам. І ён устаў, і пайшоў да Іля, і сказаў: «Вось, я! бо ты гукаў мяне». І сьцяміў Іль, што СПАДАР гукае хлапца.

І ён сказаў Самуэлю: «Ідзі і кладзіся спаць, а калі зноў пакліча цябе, скажы: “Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой”». І вярнуўся Самуэль, і лёг спаць на месцы сваім.
 
І сказаў Іль Самуйлу: «Пайдзі, ляж, і як будзе гукаць цябе, то ты скажы: "Кажы, СПАДАРУ, бо чуе слуга Твой"». І пайшоў Самуйла, і лёг на месцу сваім.

І прыйшоў ГОСПАД, і стаў, і паклікаў як раней: «Самуэль, Самуэль!» І Самуэль сказаў: «Гавары, ГОСПАДЗЕ, бо слухае слуга Твой».
 
І прышоў СПАДАР, і стаў, і загукаў, як тый а другі раз: «Самуйле, Самуйле!» І сказаў Самуйла: «Кажы, бо чуе слуга Твой».

І сказаў ГОСПАД Самуэлю: «Вось, Я зраблю ў Ізраілі такое, што ўсім, хто пра гэта пачуе, зазьвініць у абодвух вушах.
 
І сказаў СПАДАР Самуйлу: «Гля, Я зраблю справу ў Ізраелю, што хто пачуе, у тога зазьвініць у вабодвых вухах.

У дзень той Я споўню над Гэліем усё, што прадказаў адносна дому ягонага, ад пачатку і да канца.
 
Таго дня Я споўню над Ілям усе тое, што Я казаў дому ягонаму; Я пачну й скончу.

Я прадказаў яму, што буду судзіць дом ягоны на вякі дзеля грэху, бо ён ведаў, што сыны ягоныя зьневажаюць Бога, і не караў іх.
 
Я сказаў яму, што Я засуджу дом ягоны на векі за тое бяспраўе, што ён ведаў, як сыны ягоныя ўлегцы мелі сабе, і не казьнерыў іх.

Дзеля гэтага Я прысягнуў дому Гэлія, што ня будзе ачышчана правіна дому ягонага ані ахвярамі крывавымі, ані ахвярамі хлебнымі, на вякі».
 
І затым Я прысяг дому Ілеваму, што бяспраўе дому Ілевага не адзяржыць ласкіўчыненьня аброкамі ані хлебнымі аброкамі на векі».

І ляжаў Самуэль аж да раніцы, а потым адчыніў браму Дому ГОСПАДА. І баяўся Самуэль сказаць Гэлію пра гэты відзеж.
 
І ляжаў Самуйла да раньня, і адчыніў дзьверы дому СПАДАРОВАГА; але Самуйла баяўся азнайміць відзень гэтую Ілю.

Але Гэлій паклікаў Самуэля і сказаў: «Самуэль, сын мой». Ён адказаў: «Вось я».
 
І пагукаў Іль Самуйлу, і сказаў: «Сыну мой Самуйле!» Тый сказаў: «Вось я!»

І спытаўся [Гэлій] у яго: «Што за слова, якое было сказана табе? Прашу, ня ўтойвай ад мяне. Няхай гэта зробіць табе Бог і тое дадасьць, калі будзеш хаваць ад мяне нешта з таго, што сказана было табе».
 
І сказаў: «Што за слова, што сказаў Ён табе? не таі ж ад мяне; так хай зробе табе Бог, і так хай павяліча, калі ты затоіш ад мяне слова з усёга слова, што Ён гукаў табе».

І выявіў яму Самуэль усё сказанае, і ня ўтойваў ад яго. І Гэлій сказаў: «Ён — ГОСПАД! Няхай робіць, што добрае ў вачах Ягоных».
 
І сказаў яму Самуйла ўсі словы, і не затаіў ад яго. І сказаў: «Ён — СПАДАР; што добрае ў ваччу Ягоным, няхай учыне».

І рос Самуэль, і ГОСПАД быў з ім. І з усіх словаў ягоных ніводнае ня ўпала на зямлю.
 
І рос Самуйла, і СПАДАР быў ізь ім; і не звалілася ні воднага із слоў Ягоных далоў.

І даведаўся ўвесь Ізраіль ад Дану аж да Бээр-Шэвы, што Самуэль стаў прарокам ГОСПАДА.
 
І пазнаў увесь Ізраель ад Дану аж да Веер-Шэвы, што Самуйла верны прарока СПАДАРОЎ.

І працягваў ГОСПАД зьяўляцца ў Шыло пасьля таго, як зьявіў Сябе Самуэлю ў Шыло ў слове ГОСПАДА.
 
І СПАДАР зьявіўся ў Шыле, бо аб’яўляўся Бог Самуйлу ў Шыле словам СПАДАРОВЫМ.