1 царстваў 4 разьдзел

Першая кніга царстваў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І было слова Самуэля да ўсяго Ізраіля. Ізраільцяне вырушылі на вайну супраць Філістынцаў і разлажыліся табарам каля Эбэн-Гаэзэру, а Філістынцы разлажылі табар свой у Афэку.
 
І вышла слова Самуйлава да ўсёга Ізраеля. І выступілі Ізраелцы супроці Пілішчан на вайну, і разьлягліся табарам ля Евен-Езэру, а Пілішчане разьлягліся ля Афеку.

І выставілі Філістынцы шыхты супраць Ізраіля, і пачаўся бой. Ізраільцяне сталі адступаць перад Філістынцамі, і загінула ў тым баі на полі каля чатырох тысячаў ваяроў.
 
І зладзіліся Пілішчане супроці Ізраелцаў, і пашырылася бітва, і зражаны быў Ізраель перад Пілішчанамі, і былі пабіты на полю бітвы каля чатырох тысячаў чалавекаў.

І вярнуўся народ у табар, і старшыні Ізраіля сказалі: «Чаму ўдарыў сёньня нас ГОСПАД у баі з Філістынцамі? Давайце прынясем з Шыло Каўчэг Запавету ГОСПАДА, і няхай ён будзе сярод нас, каб ратаваць нас ад рук ворагаў нашых».
 
І прышоў люд да табару; і сказалі старцы Ізраелявы: «Чаму зразіў нас СПАДАР сядні перад Пілішчанамі? Возьмем сабе із Шыла скрыню змовы СПАДАРОВАЕ, і яна прыйдзе ўпрымеж нас, і выбаве нас ад рукі варагоў нашых».

І паслалі народ у Шыло, каб прынесьлі адтуль Каўчэг Запавету ГОСПАДА Магуцьцяў, Які сядзіць на херувімах. Пры Каўчэгу Запавету Божага былі два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас.
 
І паслаў люд да Шыла, і панесьлі стуль скрыню змовы СПАДАРА войскаў, Каторы сядзіць на херувах; і там два сыны Ілевы із скрыняю змовы Божае, Гофні а Фінегас.

Калі прынесьлі Каўчэг Запавету ГОСПАДА ў табар, загаманіў увесь Ізраіль голасам вялікім, аж задрыжэла зямля.
 
І як прыбыла скрыня змовы СПАДАРОВАЕ да табару, то падняў увесь Ізраель вялікі крык, і загудзела зямля.

Гэты крык пачулі Філістынцы і пыталіся: «Што гэта за крык вялікі ў табары Гебраяў?» І даведаліся, што Каўчэг ГОСПАДА прыйшоў у табар.
 
І пачулі Пілішчане гук гэнага крыку, і сказалі: «Што за гук вялікага крыку ў табару гэбрэйскім?» І яны сьцямілі, што скрыня СПАДАРОВА прыбыла та дабару.

І спалохаліся Філістынцы, і казалі: «Прыйшоў Бог у табар!» І сказалі яны: «Гора нам! Бо не было такога ані ўчора, ані пазаўчора.
 
І спалохаліся Пілішчане, бо сказалі: «Бог прышоў да табару». І сказалі: «Бяда нам! бо ня было падобнага ані ўчорах, ані заўчора.

Гора нам! Хто нас захавае ад рукі гэтага Бога магутнага? Гэта той самы Бог, які ўдарыў Эгіпет усякімі карамі ў пустыні.
 
Бяда нам! хто выбаве нас ад рукі гэтых дужых Багоў? Гэта тыя Багове, Каторыя зразілі Ягіпцян усялякімі карамі на пустыні.

Умацуйцеся і будзьце мужнымі, Філістынцы, каб не служылі вы Гебраям, як яны служылі вам. Будзьце мужнымі і ваюйце!»
 
Пасіліцеся а будзьце мужныя, Пілішчане, каб вам ня быць у няволі ў Гэбрэяў, як яны ў вас у няволі, і будзьце мужныя, і ваюйце».

І ваявалі Філістынцы, і перамаглі Ізраіля, так што кожны ўцёк у намёт свой. І параза гэтая была страшная, бо ў Ізраіля палегла трыццаць тысячаў пяхотнікаў.
 
І ваявалі Пілішчане, і разьбіты былі Ізраелцы, і ўцяклі кажны да будану свайго, і была параза вельмі вялікая, і пала Ізраелцаў трыццаць тысячаў пяхотных.

І Каўчэг Божы быў узяты, і два сыны Гэлія, Хофні і Пінхас, былі забітыя.
 
І скрыня Божая была ўзята, і два сыны Ілевы памерлі — Гофні а Фінегас.

Адзін Бэн’ямінец уцёк з бою і прыйшоў у Шыло ў падзёртым адзеньні і з абсыпанай пылам галавою.
 
І пабег адзін Венямінянін ізь месца бітвы, і прышоў да Шыла таго ж дня; і даўгія ўборы ягоныя разьдзертыя, і пыл на галаве ў яго.

Калі ён прыбег, Гэлій сядзеў на крэсьле каля брамы, гледзячы на дарогу, бо ён трывожыўся дзеля Каўчэга Божага. А чалавек той прыйшоў і паведаміў гораду, і ўвесь горад загаласіў.
 
І прышоў ён, і вось, Іль сядзеў на седаве ля дарогі й назіраў, бо сэрца ягонае дрыжэла за скрыню Божую. І чалавек тый прышоў наказаць у месьце, і загаласіла ўсе места.

І пачуў Гэлій голас крыку, і спытаўся: «Што азначае гармідар гэты?» А той чалавек пасьпяшаўся, і прыйшоў, і паведаміў Гэлію.
 
І пачуў Іль гук галашэньня, і сказаў: «Што гэта за гук гому?» І чалавек пабарзьдзіў, і прышоў, і сказаў Ілю.

Гэлій меў дзевяноста восем гадоў, і вочы ягоныя саслабелі, і ён ня мог бачыць.
 
Ілю было дзевяцьдзясят восьмі год, і вочы ягоныя зацьмелі, і ён ня мог бачыць.

Уцякач сказаў Гэлію: «Я прыйшоў з месца бою, я — той, хто вырваўся сёньня з шыхтоў». Гэлій спытаўся: «Што сталася, сын мой?»
 
І сказаў тый чалавек Ілю: «Я тый, што прышоў з поля бітвы, і я з поля бітвы ўцёк сядні». І ён сказаў: «Што сталася, сыну мой?»

І адказаў вясьнік: «Ізраільцяне ўцяклі перад Філістынцамі, народ атрымаў страшную паразу, і абодва сыны твае, Хофні і Пінхас, загінулі, і Каўчэг Божы ўзяты».
 
І адказаў ганец, і сказаў: «Уцёк Ізраель перад Пілішчанамі, і таксама параза вялікая сталася ў людзе, і таксама абодвы сыны твае памерлі, Гофні а Фінегас, і скрыня Божая ўзята».

Калі той сказаў пра Каўчэг Божы, Гэлій зваліўся з крэсла на кант брамы, і зламаў сабе карак, і памёр, бо ён быў стары і цяжкі. Ён судзіў Ізраіль сорак гадоў.
 
І было, як менаваў ён скрыню Божую, то ўпаў Іль ізь седава плячыма на зямлю ля вугла брамы, зламіў сабе хрыбет і памер, бо ён быў стары й цяжкі. І ён судзіў Ізраеля сорак год.

А нявестка ягоная, жонка Пінхаса, якая была цяжарная і мела хутка нарадзіць, калі даведалася, што Каўчэг Божы ўзяты і што сьвёкар ейны і муж загінулі, упала і нарадзіла, бо прыйшлі на яе болі радзінаў.
 
І нявестка ягоная, жонка Фінегасава, была цяжарная ўжо блізка раджэньня. І як учула яна ведамку праз узяцьця скрыні Божае і празь сьмерць сьвёкра свайго а мужа свайго, то ўклякла й нарадзіла, бо схапілі яе болі ейныя.

І калі канала, казалі ёй жанчыны, якія стаялі кругом яе: «Ня бойся! Ты нарадзіла сына». Але яна не адказала ім і не зьвярнула на іх увагі.
 
І як памірала яна, то казалі стаячыя ля яе жанкі: «Ня бойся! бо сына ты нарадзіла». Але яна не адказала й ня брала да сэрца свайго.

І назвала хлопчыка Іхавод, кажучы: «Адыйшла слава ад Ізраіля» з прычыны ўзяцьця Каўчэга Божага, а таксама сьмерці сьвёкра і мужа.
 
І назвала дзецянё: Іхавод, кажучы: «Палонена слава ад Ізраеля» — з узяцьцям скрыні Божае і сьвёкра ейнага й мужа ейнага.

І паўтарыла: «Адыйшла слава ад Ізраіля, бо ўзяты Каўчэг Божы».
 
Яна сказала: «Палонена слава ад Ізраеля, бо ўзята скрыня Божая».