Быццё 13 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І падняўся Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, і Лот з ім, у Нэгеў.
 
Выйшаў Абра́м з Егі́пта, сам, і жонка яго, і ўсе ягоныя, і Лот разам з імі ў пустэльню.

І быў Абрам вельмі багаты статкамі, срэбрам і золатам.
 
Абра́м жа быў вельмі багаты на свойскую жывёлу, і срэбра, і золата.

І ён ішоў у падарожжы сваім з Нэгеву ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў намёт ягоны між Бэтэлем і Гаем,
 
І вярнуўся, адкуль прыйшоў, у пустэльню да Бетэ́ля, паселішча, дзе перш быў намёт яго, паміж Бетэ́лем і Анга́ем,

да таго месца, дзе раней ён збудаваў ахвярнік; і там клікаў Абрам імя ГОСПАДА.
 
да месца ахвярніка, туды, дзе перш яго зрабіў, і заклікаў Абра́м імя Госпада.

Таксама Лот, які ішоў з Абрамам, меў авечак, валоў і намёты.
 
І Лот, што падарожнічаў разам з Абра́мам, меў сваіх авечак, і валоў, і намёты.

І не магла зямля насіць іх, каб жылі разам, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць разам.
 
І не змяшчала іх тая зямля, каб пасяліліся поруч, бо была маёмасць іх вялікая, і не маглі пасяліцца разам.

І была спрэчка паміж пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. А ў той час Хананейцы і Пэрэзэі жылі ў той зямлі.
 
І адбываліся спрэчкі паміж пастухамі Абра́ма і паміж пастухамі Лота. Ханане́і ж і феразе́і таксама жылі на той зямлі.

І сказаў Абрам Лоту: «Няхай ня будзе спрэчкі паміж мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы ж браты.
 
Сказаў жа Абра́м Лоту: “Няхай не будзе больш спрэчак паміж мною і табою, і паміж пастухамі тваімі і маімі, бо мы — браты.

Ці ня ўся гэтая зямля перад табою? Прашу, адлучыся ад мяне! Калі ты ўлева, дык я — управа, а калі ты ўправа, дык я — улева».
 
Вось, ці не ўся зямля перад абліччам тваім? Аддзяліся ад мяне. Калі ты налева — я направа, калі ж ты направа — я налева”.

І ўзьняў Лот вочы свае, і ўбачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, бо ўся яна была [напоеная] вадой перад тым, як зьнішчыў ГОСПАД Садом і Гамору, як сад ГОСПАДА і як зямля Эгіпецкая.
 
І падняўшы вочы, паглядзеў Лот на ўсё наваколле Ярда́ну, што спрэс было аваложанае, як Божы Рай, да таго, як зрынуў Бог Садом і Гамору, і як зямля егі́пецкая да прыходу ў Загору.

І выбраў сабе Лот усю ваколіцу каля Ярдану. І рушыў Лот на ўсход, і аддзяліліся яны адзін ад аднаго.
 
І абраў сабе Лот усё наваколле Ярда́ну, і выправадзіўся Лот на ўсход, і аддзяліўся кожны ад свайго брата.1

Абрам жыў у зямлі Ханаан, а Лот жыў у гарадах той ваколіцы і паставіў намёты аж да Садому.
 
Абра́м пасяліўся ў зямлі Ханаа́н, Лот жа асталяваўся ў ваколіцах непадалёк і пасяліўся ў Садоме.

А жыхары Садому былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад ГОСПАДАМ.
 
Людзі ж у Садоме былі вельмі сапсаванымі і грэшнымі перад абліччам Бога.

І сказаў ГОСПАД Абраму пасьля таго, як Лот адлучыўся ад яго: «Узьнімі вочы твае і паглядзі з месца, дзе ты цяпер, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад.
 
Бог жа сказаў Абра́му пасля таго, як аддзяліўся ад яго Лот: “Узнімі свае вочы, спаглянь з месца, дзе цяпер стаіш, зірні на поўнач і паўднёвы захад, на ўсход і на мора.

Бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і насеньню твайму на вякі.
 
Бо ўсю зямлю, якую ты бачыш, дам табе і твайму семю навекі.

І зраблю насеньне тваё, як пясок зямлі. Калі чалавек зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё насеньне палічана будзе.
 
Учыню тваіх нашчадкаў як пясчынак на зямлі. Калі хтосьці зможа пералічыць пясчынкі на зямлі, то і нашчадкаў злічыць тваіх.

Устань і прайдзі па зямлі гэтай у даўжыню і шырыню яе, бо Я дам яе табе».
 
Узніміся і прайдзі зямлю гэтую ўздоўжкі і ўшыркі, бо даю яе табе”.

І паставіў Абрам намёт, і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хеўроне, і пабудаваў там ахвярнік ГОСПАДУ.
 
І, пасунуўшыся,2 Абра́м, пайшоў, і пасяліўся ля дуба Ма́мбры,3 які жыў у Хеброне.4 Збудаваў там ахвярнік Госпаду.