Быццё 30 разьдзел

Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І бачыла Рахель, што яна не нараджае Якубу, і зайздросьціла Рахель сястры сваёй, і казала Якубу: «Дай мне сыноў, а калі не, я памру».
 
Рахэ́ль бачыла, што не нараджае яна Яку́бу. І пазайздросціла Рахэ́ль сястры сваёй, і так сказала Яку́бу: “Дай мне дзяцей, калі ж не, то я памру”.

І ўзгарэўся гнеў Якуба на Рахель, і ён сказаў: «Ці ж гэта я, а ня Бог затрымаў у цябе плод улоньня?»
 
Зазлаваў Яку́б на Рахэ́ль і сказаў ёй: “Ці ж гэта я вінаваты, а не Бог, Які пазбавіў цябе плода ва ўлонні”.

І яна сказала: «Вось, нявольніца мая Більга. Увайдзі да яе, і яна народзіць на каленях маіх, і я буду збудаваная праз яе».
 
Сказала ж Рахэ́ль Яку́бу: “Вось служанка мая Ба́ла, увайдзі да яе — і народзіць яна пры каленях маіх, і я нараджу ад яе1”.

І яна дала яму Більгу, нявольніцу сваю, за жонку, і ўвайшоў да яе Якуб.
 
І дала Ба́лу, служанку сваю, яму за жонку. Увайшоў да яе Яку́б.

І зачала Більга, і нарадзіла Якубу сына.
 
І зацяжарала Ба́ла, служанка Рахэ́лі, і нарадзіла Яку́бу сына.

І сказала Рахель: «Рассудзіў мяне Бог, і таксама пачуў голас мой, і даў мне сына». І таму назвала імя ягонае Дан.
 
І сказала Рахэ́ль: “Прысудзіў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына”. Таму назвала яго імем Дан.

І зачала яшчэ, і нарадзіла Більга, нявольніца Рахелі, другога сына Якубу.
 
І зацяжарала, і нарадзіла Ба́ла, служанка Рахэ́лі, другога сына Яку́бу.

І сказала Рахель: «Ваяваньнем Божым змагалася я з сястрою сваёй і адолела». І назвала імя ягонае Нэфталі.
 
І сказала Рахэ́ль: “Узняў мяне Бог. Змагалася я з сястрою і перамагла”. І назвала яго імем Няфта́лій.

І ўбачыла Лея, што перастала нараджаць, і ўзяла Зільпу, нявольніцу сваю, і дала яе Якубу за жонку.
 
Лі́я, бачачы, што перастала нараджаць, узяла Зе́лфу, служанку сваю, і дала яе Яку́бу за жонку.

І нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, Якубу сына.
 
Увайшоў да яе Яку́б, і зацяжарала Зе́лфа, служанка Лі́і, і нарадзіла Яку́бу сына.

І сказала Лея: «Прыйшоў посьпех!» І назвала імя ягонае Гад.
 
І сказала Лі́я: “На шчасце”. Назвала яго імем Гад.

І нарадзіла Зільпа, нявольніца Леі, другога сына Якубу.
 
І зацяжарала Зе́лфа, служанка Лі́і, і нарадзіла яшчэ сына Яку́бу.

І сказала Лея: «На шчасьце маё, бо шчасьлівай будуць называць мяне дочкі». І назвала імя ягонае Асэр.
 
І сказала Лі́я: “Шчаслівая я, і стануць узносіць мяне жанчыны”. І назвала яго імем Асэ́р.

І выйшаў Рубэн у дні жніва пшаніцы, і знайшоў мандрагоры ў полі, і прынёс іх Леі, маці сваёй. І сказала Рахель Леі: «Дай мне мандрагоры сына твайго».
 
Пайшоў жа Рубэ́н у часе жніва пшаніцы, і знайшоў плады мандрагоры2 ў полі, і прынёс іх Лі́і, маці сваёй. Сказала ж Рахэ́ль Лі́і: “Дай мне мандрагораў сына твайго”.

А тая сказала ёй: «Няўжо мала [табе], што ты ўзяла мужа майго, і хочаш узяць мандрагоры сына майго?» І сказала Рахель: «Дык няхай ён ляжа з табою ў гэтую ноч за мандрагоры сына твайго».
 
Адказала Лі́я: “Табе недастаткова таго, што завалодала мужам маім, дык яшчэ хочаш забраць мандрагоры сына майго?” Запярэчыла ж Рахэ́ль: “Гэта не так. Узляж за мандрагоры сына твайго гэтай ноччу”.

І прыйшоў Якуб з поля ўвечары, і выйшла Лея насустрач яму, і сказала: «Да мяне ўвойдзеш, бо наймаючы, наняла цябе за мандрагоры сына майго». І ён лёг з ёю ў тую ноч.
 
Прыйшоў жа Яку́б з поля вечарам, і выйшла Лі́я яму насустрач, і сказала: “Увайдзі сёння да мяне, бо здабыла цябе за мандрагоры сына майго”. І ён узлёг з ёю той ночы.

І пачуў Бог Лею, і яна зачала, і нарадзіла Якубу пятага сына.
 
І пачуў Бог Лі́ю, і, зацяжараўшы, нарадзіла Яку́бу пятага сына.

І сказала Лея: «Даў Бог плату маю за тое, што я дала нявольніцу маю мужу майму». І назвала імя ягонае Ісахар.
 
І сказала Лі́я: “Бог адплаціў мне за тое, што дала служанку сваю мужу свайму”. І назвала яго імем Ісаха́р, што значыць “узнагарода”.

І зачала ізноў Лея, і нарадзіла шостага сына Якубу.
 
І зноў зацяжарала Лі́я, і нарадзіла Яку́бу шостага сына.

І сказала Лея: «Абдараваў мяне Бог добрым дарам. Гэтым разам будзе жыць са мною муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў». І назвала імя ягонае Завулён.
 
І сказала Лі́я: “Адарыў мяне Бог дарункам гожым, дык цяпер абярэ мяне муж мой, бо нарадзіла яму шэсць сыноў”. І назвала яго імем Забулон.

Потым нарадзіла дачку, і назвала імя ейнае Дзіна.
 
І пасля гэтага нарадзіла дачку, якую назвала імем Дзі́на.

І ўзгадаў Бог пра Рахель, і пачуў яе Бог, і адчыніў улоньне ейнае,
 
Узгадаў жа Бог Рахэ́ль, і пачуў яе Бог, і расчыніў яе ўлонне,

і яна зачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Забраў Бог ганьбу маю».
 
і, зацяжараўшы, нарадзіла Яку́бу сына. Сказала ж Рахэ́ль: “Схаваў Бог маю ганьбу”.

І назвала імя ягонае Язэп, кажучы: «Няхай дадасьць мне ГОСПАД другога сына».
 
І назвала яго імем Язэп, кажучы: “Дадаў Бог мне сына другога”.

І сталася, калі нарадзіла Рахель Язэпа, сказаў Якуб Лявану: «Пусьці мяне, і я пайду ў мясцовасьць сваю і ў зямлю сваю.
 
Надарылася ж, як нарадзіла Рахэ́ль Язэпа, сказаў Яку́б Ла́бану: “Адпусці мяне, каб сышоў у край мой і зямлю маю,

Дай мне жонак маіх і дзяцей маіх, бо я служыў табе за іх, і я пайду; бо ты ведаеш службу маю, якою я служыў табе».
 
дай забраць жонак і дзяцей, за якіх служыў табе, дзеля таго, каб сысці. Аджа спазнаў ты стараннасць маю, з якой служыў табе”.

І сказаў яму Ляван: «О, каб я знайшоў ласку ў вачах тваіх! Я пераканаўся, што ГОСПАД дабраславіў мяне дзеля цябе».
 
Адказаў яму Ла́бан: “Здабыў я тваю прыхільнасць, гэта заўважыў. Адылі ж дабрасловіў мяне Бог тваім прыйсцем,

І сказаў: «Прызнач сабе плату сваю ад мяне, і я дам».
 
аддзялі ўзнагароду табе, і дам”.

І [Якуб] сказаў яму: «Ты ведаеш, як я служыў табе, і які стаўся статак твой пры мне;
 
Сказаў жа яму Яку́б: “Ты ведаеш, як я служыў табе і як павялічылася скаціна твая праз мяне.

бо мала было ў цябе да мяне, а памножылася ў мноства, і дабраславіў ГОСПАД цябе, калі я прыйшоў. А цяпер, калі я буду рабіць для дому майго?»
 
Не многа яе было ў цябе да мяне, а цяпер значна павялічылася. З прыйсцем маім дабрасловіў цябе Госпад. Ці ж не цяпер пара і мне самому паклапаціцца пра ўласны дом?”

І той сказаў: «Што маю даць табе?» І сказаў Якуб: «Не давай мне нічога, але зрабі для мяне такую рэч, і я вярнуся, і буду пасьвіць і захоўваць авечкі твае.
 
І адказаў яму Ла́бан: “Што мне даць табе?” Сказаў яму Яку́б: “Нічога мне не давай, але калі пагодзішся на словы мае, то ізноўку буду пасвіць і сцерагчы авечак тваіх.

Я прайду сёньня між усіх авечак тваіх, і аддзялю з іх кожнае ягня стракатае і пярэстае, і кожную рудую з авечак, і стракатых і пярэстых з козаў; і будзе гэта мая плата.
 
Няхай абыдуць сёння ўсіх тваіх авечак. І аддзялі цёмных авечак спасярод чарады ды кожную бялёсую і пярэстую спасярод козаў. Тое мне будзе ўзнагародай.

І будзе адказваць за мяне праведнасьць мая на наступны дзень, калі прыйдзеш даведацца пра плату маю перад табою. Усё ў мяне, што не стракатае і не пярэстае паміж козаў, і не рудое паміж авечак, крадзенае гэта».
 
І паквітаецца за мяне справядлівасць мая ў дзень прышлы, калі ўзнагарода мая будзе перад табою. Тыя, што не будуць бялёсымі і пярэстымі спасярод козаў і цёмнымі спасярод чарады, — палічацца павыкраданымі мною ад цябе3”.

І сказаў Ляван: «Няхай будзе паводле слова твайго».
 
Сказаў жа яму Ла́бан: “Няхай будзе паводле слова твайго”.

І адлучыў у той дзень казлоў пасастых і пярэстых, і ўсіх козаў стракатых і пярэстых, усіх, што мелі нешта белае на сабе, і ўсіх рудых паміж авечак, і аддаў у рукі сыноў сваіх.
 
І адлучыў яшчэ ў той дзень казлоў пярэстых і бялёсых, і ўсіх козаў пярэстых і бялёсых, усіх, што хоць малую бель мелі спасярод іншых, і ўсіх цёмных спасярод чарады, і аддаў пад варту сынам сваім.

І вызначыў дарогу ў тры дні паміж сабою і Якубам. І Якуб пасьвіў авечкі Лявана, якія засталіся.
 
І адышлі яны ад Яку́ба на адлегласць трох дзён дарогі. Яку́б жа пасвіў авечак Ла́бана, якія засталіся.

І ўзяў Якуб зялёных прутоў тапалёвых, і мігдалёвых, і яваровых, і выразаў на іх пасы белыя, зьняўшы кару да бялосьці, якая на прутах,
 
Узяў тады сабе Яку́б свежыя дубцы сты́ракса,4 міндаля́5 і плата́на,6 і паабдзіраў Яку́б з іх да белаты зялёныя паскі лыка, ажно з’явілася на дубцах стракатасць з беласцю.

і ўткнуў тыя пруты, якія аблупіў, перад авечкамі пры карытах каля вадапою, куды прыходзілі авечкі піць і спалучаліся, прыходзячы піць.
 
І паклаў паабдзіраныя дубцы ў паілкі з вадою, каб авечкі падыходзілі піць да дубцоў. Калі ж прыходзілі папіць,

І спалучаліся авечкі перад прутамі, і нараджаліся авечкі пасастыя, стракатыя і пярэстыя.
 
то спарваліся авечкі ля дубцоў, і нараджаліся авечкі бялёсыя, і стракатыя, і з папялістымі плямамі.

І авечак [белых] аддзяляў Якуб, і гнаў, як авечкі Лявана, наперадзе авечак пярэстых і ўсіх рудых, і трымаў свае чароды асобна, і не злучаў іх з авечкамі Лявана.
 
І адлучыў Яку́б ягнятаў, і паставіў перад авечкамі барана бялёсага і ўсіх ягнятаў стракатых. І раздзяліў па-свойму чароды, не змешваючы з авечкамі Ла́бана.

І было, калі спалучаліся мацнейшыя авечкі, Якуб клаў пруты перад вачыма авечак пры карытах, каб яны спалучаліся перад прутамі,
 
У той час, калі авечкі спарваліся і пакрываліся, Яку́б клаў дубцы перад авечкамі ў паілкі, каб апладняліся яны перад дубцамі.

а калі авечкі былі слабыя, тады ня клаў. І былі слабейшыя ў Лявана, а мацнейшыя — у Якуба.
 
Адымаліся ж без плямінаў Ла́бану, а з мецінамі Яку́бу.

І пашырыўся чалавек гэты вельмі, вельмі, і было ў яго мноства авечак, і нявольніцаў, і слугаў, і вярблюдаў, і аслоў.
 
І здабыў чалавек маёмасць, і была ў яго скаціна шматлікая, і валы, і слугі, і служанкі, і вярблюды, і аслы.