Быццё 39 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
А Язэп быў заведзены ў Эгіпет, і купіў яго Патыфар, урадовец фараона, начальнік варты, Эгіпцянін, з рук Ізмаэльцаў, якія завялі яго туды.
Язэ́п жа быў прыведзены ў Егі́пет. І набыў яго Петэфрэ́с, еўнух фараона, галоўны кухар, чалавек егіпця́нін, ад ісмаэліця́наў, якія яго туды прывялі.
І быў ГОСПАД з Язэпам, і стаўся ён чалавекам, які мае посьпех, і быў у доме гаспадара свайго, Эгіпцяніна.
І быў Госпад з Язэ́пам, а быў ён чалавекам удалым, і жыў у гаспадарскім доме егіпця́ніна.
І бачыў гаспадар ягоны, што ГОСПАД з ім, і ўсяму, што ён робіць, ГОСПАД дае посьпех у руках ягоных.
Ведаў жа гаспадар яго, што Госпад з ім, і што толькі стане рабіць, Госпад спашле спрыянне ў рукі яго.1
І знайшоў Язэп ласку ў вачах ягоных, і служыў яму, і ён паставіў яго над домам сваім, і ўсё, што меў, аддаў у рукі ягоныя.
І здабыў Язэ́п прыхільнасць перад абліччам гаспадара свайго, дагаджаючы яму. Паставіў той яго над домам сваім, а ўсё, што толькі было ў яго, падпарадкаваў Язэ́пу.
І сталася, што ад таго часу, як ён паставіў яго над домам сваім і над усім, што меў, ГОСПАД дабраславіў дом Эгіпцяніна дзеля Язэпа, і было дабраславеньне ГОСПАДА на ўсім, што меў ён у доме і ў полі.
Было ж, калі паставіў яго над домам сваім і ўсім, што толькі было ў яго, то дабрасловіў Госпад дому егіпця́ніна дзеля Язэ́па, і было дабраслоўленне Госпада над усім майном яго ў доме і ў полі.
І аддаў ён усё, што меў, у рукі Язэпа; і ня рупіўся ні пра што, акрамя хлеба, які ён еў. А Язэп меў зграбную постаць і прывабны выгляд.
І аддаў [гаспадар] усё, што толькі было ў яго, у рукі Язэ́па, і не давялося завіхацца яму ні над чым акрамя хлеба, які ён спажываў. І меў Язэ́п гожае аблічча ды вельмі панадны выгляд.
І сталася пасьля гэтых падзеяў, і ўзьняла жонка гаспадара ягонага вочы свае на Язэпа, і сказала: «Ляж са мною».
І было пасля дзеяў гэтых, агарнула вачыма2 сваімі Язэ́па жонка гаспадара яго і сказала: “Узляж са мною”.
Але ён адмовіўся, і сказаў жонцы гаспадара свайго: «Вось, гаспадар мой ня рупіцца пры мне ні пра што ў доме, і ўсё, што мае, аддаў у руку маю.
Ён жа не схацеў і сказаў жонцы гаспадара свайго: “Калі гаспадар мой праз мяне не павінен ні пра што клапаціцца ў доме сваім, а ўсё, што ёсць у яго, аддаў у рукі мае,
Няма нікога, важнейшага за мяне, у доме гэтым; і ён не забараняе мне нічога, акрамя толькі цябе, бо ты — жонка ягоная. І як я магу ўчыніць такое вялікае злачынства і зграшыць супраць Бога».
і не заступіць у доме гэтым ніхто мяне, і не затоена ад мяне нічога, акрамя цябе, бо ты жонка яго, то як мне выканаць просьбу гэтую благую і не зграшыць перад Богам?”
І сталася, што яна зьвярталася да Язэпа штодня, а ён ня слухаў яе, каб легчы каля яе, і быць з ёю.
Хоць упрошвала Язэпа дзень у дзень, аднак не паслухаўся яе, каб узлегчы з ёй, наблізіўшыся да яе.
І сталася аднаго дня, і ён увайшоў у дом рабіць працу сваю, і нікога з людзей дому не было ў доме.
Надарылася ж адным гэткім днём, увайшоў Язэ́п у дом выканаць абавязкі свае, і нікога не было ў доме з хатніх.
І яна схапіла яго за адзеньне ягонае, кажучы: «Ляж са мною». Але ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай, і ўцёк, і выйшаў навонкі.
Дык сцягнула з яго плашч, кажучы: “Узляж са мною”. І пакінуўшы плашч свой у руцэ яе, ухіліўся і выйшаў прэч.
І сталася, калі яна ўбачыла, што ён пакінуў адзеньне сваё ў руцэ ейнай і выбег навонкі,
І было, калі яна ўбачыла, што, пакінуўшы плашч свой у руцэ яе, ухіліўся і выйшаў прэч,
яна паклікала людзей дому свайго, і сказала ім, кажучы: «Гляньце, прывялі да нас Гебрая, каб ён сваволіў у нас. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною, і я закрычала голасам вялікім.
то паклікала дамаўнікоў і сказала: «Гляньце, прывёў да нас паднявольнага гебра́я, каб ён здзекаваўся з нас. Увайшоў да мяне, кажучы “ўзляж са мною”, і я залямантавала што моцы.
І сталася, калі ён пачуў, што я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне, і ўцёк, і выйшаў навонкі».
Калі ж пачуў ён, што памацніла голас свой і залямантавала, то, пакінуўшы плашч свой у руцэ маёй, ухіліўся і выйшаў прэч».
І пакінула адзеньне ягонае ў сябе да прыходу гаспадара ягонага да дому свайго.
І пакінула плашч у сябе, пакуль прыйшоў гаспадар дому.
І гаварыла з ім гэткімі словамі, кажучы: «Прыйшоў да мяне гэты нявольнік Гебрай, якога ты прывёў да нас, каб сваволіць са мною.
І распавяла яму згодна са словамі гэтымі, кажучы: «Увайшоў да мяне паднявольны гебра́й, якога прывёў да нас, каб ён здзекаваўся з нас, і сказаў мне: “Узлягу з табою”.
І сталася, калі я ўзьняла голас мой і закрычала, ён пакінуў адзеньне сваё ў мяне і ўцёк навонкі».
Калі ж пачуў ён, што памацніла голас свой і залямантавала, то, пакінуўшы плашч свой у руцэ маёй, ухіліўся і выйшаў прэч».
І сталася, што пачуў гаспадар ягоны словы жонкі сваёй, якія яна гаварыла яму, кажучы: «Гэткую рэч учыніў мне нявольнік твой!», і ўзгарэўся гнеў ягоны.
Было ж, калі пачуў гаспадар яго словы жонкі сваёй, якія прамовіла яму, кажучы “так зрабіў мне паднявольны твой”, дык запалаў гневам.
І ўзяў гаспадар Язэпаў яго, і кінуў яго ў вязьніцу, месца, дзе былі ўвязьнены вязьні валадара. І быў ён там у вязьніцы.
І ўзяў гаспадар Язэ́па, і ўкінуў яго ў крэпасць, у месца, дзе ўтрымліваліся вязні цара ва ўмацаванні.
І быў ГОСПАД з Язэпам, і зьявіў да яго міласэрнасьць, і даў ласку яму ў вачах начальніка вязьніцы.
І быў Госпад з Язэ́пам, і праліваў літасць сваю, і спаслаў яму прыхільнасць перад абліччам вышэйшага цямнічніка.
І аддаў начальнік вязьніцы ў руку Язэпу ўсіх вязьняў, якія былі ў вязьніцы, і ўсё, што там рабілі, ён рабіў.
І даручыў вышэйшы цямнічнік вязніцу ў рукі Язэ́па, і ўсіх палонных, што ў вязніцы, і ўсё, што адбываецца там.
Не пільнаваў начальнік вязьніцы нічога, што было ў руках ягоных, бо ГОСПАД быў з ім, і ў тым, што ён рабіў, ГОСПАД даваў посьпех.
Не турбаваўся вышэйшы цямнічнік вязніцы праз яго ні пра што, бо ўсё было ў руцэ Язэ́па ад Госпада, які быў з ім, ва ўсіх дзеях Госпад спрыяў рукам яго.