Быццё 45 разьдзел
Быццё
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
І ня мог Язэп больш вытрываць пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: «Вывядзіце ўсіх людзей ад мяне!» І не застаўся ніхто пры ім, калі Язэп адкрыўся братам сваім.
І не мог Язэ́п стрымлівацца перад усімі, хто стаяў ля яго, таму сказаў: “Адвядзіце ўсіх ад мяне!” І не засталося нікога ля Язэ́па ў той час, калі прызнаўся братам сваім.
І голасна заплакаў [Язэп], і пачулі Эгіпцяне, і пачуў дом фараона.
І загаласіў з плачам, так што чулі яго ўсе егіпця́не, бо было чуваць ва ўсім доме фараона.
І сказаў Язэп братам сваім: «Я — Язэп! Ці бацька мой яшчэ жывы?» І не маглі браты ягоныя адказаць яму, бо яны трымцелі перад абліччам ягоным.
І вымавіў Язэ́п да братоў сваіх: “Я — Язэ́п! Ці сапраўды бацька мой жывы?” Але не маглі браты адказаць яму, бо спалохаліся.
І сказаў Язэп братам сваім: «Наблізьцеся, калі ласка, да мяне». Яны наблізіліся. І ён сказаў: «Я — Язэп, брат ваш, якога вы прадалі ў Эгіпет.
Сказаў жа Язэ́п да братоў сваіх: “Падыдзіце да мяне!” І дадаў: “Я — Язэ́п, брат ваш, якога прадалі ў Егі́пет.
Але цяпер не сумуйце, і няхай ня будзе жалю ў вачах вашых, што вы прадалі мяне сюды, бо дзеля захаваньня жыцьця паслаў мяне Бог перад вамі.
Не засмучайцеся больш, і ганебным няхай больш не будзе тое, што прадалі мяне сюды, бо дзеля выжывання паслаў мяне Бог наперад вас.
Бо вось, два гады голаду на зямлі, і яшчэ пяць гадоў, у якія нельга будзе ані араць, ані жаць.
Гэта толькі другі год голаду на зямлі, а надыдуць яшчэ наступныя пяць гадоў, калі не стануць ні араць, ані сеяць.
І паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць з вас рэшту на зямлі і захаваць жыцьцё вашае збаўленьнем вялікім.
Таму паслаў мяне Бог наперад вас, каб зберагчы вас, рэшту, на зямлі і пракарміць вас, вялікую астачу.
І цяпер ня вы паслалі мяне сюды, але Бог, і Ён паставіў мяне як бацьку фараону і як пана ў-ва ўсім доме ягоным, і я кірую ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай.
Таму не вы мяне даслалі сюды, але перш Бог, і зрабіў мяне бацькам1 фараона, і гаспадаром усяго дому яго, і распараднікам усёй зямлі Егі́пта.
Пасьпяшайцеся, і ўзыйдзіце да бацькі майго, і скажыце яму: “Гэтак сказаў сын твой, Язэп: "Бог паставіў мяне панам над усім Эгіптам. Прыйдзі да мяне, не марудзь.
Прыспешцеся, кіруючыся да бацькі майго і паведамце яму: гэтак кажа сын твой Язэ́п — зрабіў мяне Бог гаспадаром усёй зямлі Егі́пта, таму прыйдзі да мяне і застанься.
І будзеш жыць у зямлі Гашэн; і будзеш блізка каля мяне ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, і авечкі твае, і валы твае, і ўсё, што тваё.
І паселішся ў зямлі Ге́сем у Ара́біі.2 Будзеш блізка да мяне, ты, і сыны твае, і сыны сыноў тваіх, авечкі твае, і каровы твае, і тое, што маеш.
І я буду карміць цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду, каб не згалеў ты, і дом твой, і ўсё, што тваё"”.
І накармлю цябе там, бо яшчэ пяць гадоў голаду. Дзеля таго, каб не змарнеў ты, і сыны твае, і ўсё майно тваё.
І вось, бачаць вочы вашыя, і вочы брата майго Бэн’яміна, што вусны мае прамаўляюць да вас.
Вось, вочы вашыя і вочы Беніямі́на, брата майго, бачаць, што вусны мае прамаўляюць да вас.
І распавядзіце бацьку майму пра ўсю славу маю ў Эгіпце і пра ўсё, што вы бачылі; і пасьпяшайцеся, і прывядзіце бацьку майго сюды».
Апавядзіце бацьку майму пра ўсю веліч маю ў Егі́пце і пра тое, што бачыце. Дык паспяшайцеся, прывядзіце бацьку майго сюды”.
І ўпаў ён на шыю Бэн’яміну, брату свайму, і плакаў; і Бэн’ямін плакаў на шыі ягонай.
І кінуўся на шыю Беніямі́на, брата свайго, і заплакаў, і Беніямі́н заплакаў на шыі яго.
І цалаваў ён усіх братоў сваіх, і плакаў над імі. І потым размаўлялі з ім браты ягоныя.
І цалуючы ўсіх братоў сваіх, заплакаў пры іх. Пасля гэтага гаварылі з ім браты яго.
І пачулі вестку ў доме фараона, якая казала: «Прыйшлі браты Язэпа». І добра гэта было ў вачах фараона і ў вачах слугаў ягоных.
І разнеслася чутка па доме фараона, весцячы: “Прыйшлі браты Язэ́па”. Узрадаваўся фараон і слугі яго.
І сказаў фараон Язэпу: «Скажы братам сваім: “Зрабіце гэтак: абладуйце [збожжам] жывёлу сваю, і ідзіце, і прыйдзіце ў зямлю Ханаан,
І звярнуўся фараон да Язэ́па: “Скажы братам тваім, каб зрабілі так: напоўніце вазы́ вашыя, і ідзіце ў зямлю Ханаа́н,
і вазьміце бацьку свайго, і сем’і свае, і прыйдзіце да мяне; і я дам вам добрую зямлю Эгіпту, і вы будзеце есьці тлустасьць зямлі гэтай”.
і, забраўшы бацьку вашага і майно вашае, вярніцеся да мяне, і дам вам усе даброты Егі́пта, і будзеце спажываць з заможнасці зямлі.
А ты загадаеш: “Зрабіце гэтак: вазьміце сабе з зямлі Эгіпецкай вазы для дзяцей вашых і жонак вашых, і вазьміце бацьку вашага, і прыходзьце.
Ты ж перакажы ім гэта, няхай возьмуць яны рыдваны з зямлі Егі́пта для дзяцей сваіх і жонак сваіх, а забраўшы бацьку свайго, вяртаюцца.
І вочы вашыя няхай не шкадуюць прыладаў вашых, бо даброцьці ўсёй зямлі Эгіпецкай — для вас”».
І не затрымаюць вас вочы вашыя праз майно вашае, бо ўсе даброты Егі́пта стануцца вашымі”.
І зрабілі так сыны Ізраіля. І даў ім Язэп вазы паводле загаду фараона, і даў ім пасілкі ў дарогу.
І зрабілі так сыны Ізраэ́ля. Даў жа Язэ́п ім рыдваны, як наказаў цар фараон, і даў ім пасілак у дарогу,
І ўсім, кожнаму з іх, ён даў зьмену адзеньня, а Бэн’яміну даў трыста срэбнікаў і пяць зьменаў адзеньня.
усім даў па дзве вопраткі, а Беніямі́ну — трыста залатых і пяць пераменаў адзення.
А для бацькі свайго паслаў дзесяць аслоў, абладаваных даброцьцямі з Эгіпту, і дзесяць асьліцаў, абладаваных збожжам і хлебам, і ежаю для бацькі свайго на дарогу.
І бацьку свайму дадаў услед дзесяць аслоў, каб везлі ўсялякія дары з Егі́пта, і дзесяць мулаў, каб везлі хлеб бацьку дарогаю.
І адаслаў ён братоў сваіх, і яны пайшлі. І сказаў ім: «Не сварыцеся ў дарозе».
Выправіў братоў сваіх, і яны пайшлі. І наказаў ім: “Не маркоцьцеся ў дарозе!”
І ўзыйшлі яны з Эгіпту, і прыйшлі ў зямлю Ханаан да Якуба, бацькі свайго.
І выйшлі з Егі́пта, і пакіраваліся ў зямлю Ханаа́н да Яку́ба, бацькі свайго,
І паведамілі яму, кажучы: «Яшчэ жывы Язэп, і ён кіруе ў-ва ўсёй зямлі Эгіпецкай». І не ўзварухнулася сэрца ягонае, бо ён не паверыў ім.
і апавялі яму, кажучы, што сын яго Язэ́п жывы і ён кіруе ўсёй зямлёй Егі́пта. І завагаўся Яку́б, бо не паверыў ім.
І прамовілі яму ўсе словы Язэпа, якія ён прамовіў ім, і ўбачыў ён вазы, якія прыслаў Язэп, каб прывезьці яго, і ажыў дух Якуба, бацькі іхняга.
Апавялі ж яму ўсё, сказанае Язэ́пам, колькі мовіў ім. Пабачыўшы ж рыдваны, што выслаў Язэ́п, каб прыняць яго, узгарэўся духам Яку́б, іх бацька.
І сказаў Ізраіль: «Досыць! Яшчэ жыве Язэп, сын мой! Пайду і ўбачу яго, перш, чым памру».
Сказаў жа Ізраэ́ль: “Неверагоднае сталася мне, што Язэ́п, сын мой, жывы. Пайду і пабачу яго, перш чым мне памерці”.