Судзьдзяў 10 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Пасьля Абімэлеха на вызваленьне Ізраіля паўстаў Тола, сын Пуа, сына Додо, чалавек з калена Ісахара. Жыў ён у Шаміры на гары Эфраіма.
 

Ён судзіў Ізраіля дваццаць тры гады, і памёр, і пахаваны быў у Шаміры.
 

Пасьля яго быў Яір з Гілеаду, які судзіў Ізраіля дваццаць два гады.
 

Меў ён трыццаць сыноў, якія езьдзілі на трыццаці аслах і мелі трыццаць гарадоў, якія па сёньняшні дзень называюцца Хавот-Яір; яны ў зямлі Гілеад.
 

І памёр Яір, і пахавалі яго ў Камоне.
 

А сыны Ізраіля чынілі ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І служылі яны Баалам і Астартам, багам Араму, Сідону і Мааву, і багам сыноў Амона, і багам Філістынцаў, і пакінулі яны ГОСПАДА, і не пакланяліся Яму.
 

І разгневаўся на іх ГОСПАД, і аддаў іх у рукі Філістынцаў і ў рукі сыноў Амона.
 

І яны васямнаццаць гадоў перасьледавалі і ўціскалі сыноў Ізраіля, якія жылі за Ярданам у зямлі Амарэйцаў у Гілеадзе.
 

Сыны Амона пераходзілі таксама Ярдан ваяваць супраць Юды і Бэн’яміна, і ўсяго дому Эфраіма. І быў Ізраіль у вялікім уціску.
 

І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і казалі: «Саграшылі мы перад Табою, бо пакінулі Бога нашага, і служылі Баалу».
 

І сказаў ім ГОСПАД: «Калі Эгіпцяне, Амарэйцы, сыны Амона і Філістынцы,
 

Сідонцы, Амалек і Мадыян уціскалі вас, а вы клікалі Мяне, ці ж Я не ратаваў вас з рук іхніх?
 

А вы ўсё роўна пакідалі Мяне і пакланяліся багам чужым. Таму ня буду ратаваць вас болей.
 

Ідзіце і клічце багоў, якіх вы выбралі, няхай яны вас ратуюць у час гора!»
 

І казалі сыны Ізраіля ГОСПАДУ: «Саграшылі мы. Зрабі з намі, што добра ў вачах Тваіх, толькі цяпер выратуй нас!»
 

І выкінулі яны спаміж сябе багоў чужых, якіх мелі, і служылі ГОСПАДУ, і Ён пашкадаваў Ізраіля ў горы ягоным.
 

У той час сыны Амона сабраліся і разлажыліся табарам у Гілеадзе. А насупраць у Міцпе сабраліся сыны Ізраіля, і там разлажыліся табарам.
 

І гаварылі народ і князі Гілеадзкія адзін аднаму: «Хто першы пачне ваяваць супраць сыноў Амона, той будзе правадыром для ўсіх жыхароў Гілеаду».