Судзьдзяў 3 разьдзел

Кніга Судзьдзяў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

Гэта народы, якія ГОСПАД пакінуў, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, усіх, якія ня ведалі ўсіх войнаў з Хананейцамі,
 

каб навучыліся наступныя пакаленьні сыноў Ізраіля змагацца з ворагамі, бо яны ня ведалі войнаў:
 

пяць валадароў Філістынскіх, і ўсе Хананейцы, Сідонцы і Хівеі, што жылі ў гарах Лібану, ад гары Баал-Гермон аж да ўваходу ў Хамат.
 

Засталіся яны, каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будзе ён слухацца прыказаньняў ГОСПАДА, якія загадаў Ён бацькам іхнім праз Майсея.
 

І сыны Ізраіля жылі паміж Хананейцаў, Хетаў, Амарэйцаў, Пэрэзэяў, Хівеяў і Евусэяў.
 

І бралі яны за жонак дачок іхніх, і дочкі свае аддавалі сынам іхнім, і служылі багам іхнім.
 

І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго, служачы Баалу і Астарце.
 

І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і служылі сыны Ізраіля яму восем гадоў.
 

І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і ГОСПАД паставіў ім збаўцу з сыноў Ізраіля, і выратаваў іх Атніэль, сын Кеназа, малодшы брат Халева.
 

І быў на ім Дух ГОСПАДА, і судзіў ён Ізраіля. І ваяваў ён, і аддаў ГОСПАД у рукі ягоныя Кушан-Рышатаіма, валадара Арам-Нагараіму, і перамагла рука ягоная Кушан-Рышатаіма.
 

І адпачывала зямля сорак гадоў. І памёр Атніэль, сын Кеназа.
 

І сыны Ізраіля ізноў пачалі чыніць ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і Ён умацаваў супраць іх Эглона, валадара Мааву, за ліхоту, якой дапускаліся яны ў вачах ГОСПАДА.
 

І далучыў Эглон да сябе сыноў Амона і сыноў Амалека, і пайшоў, і захапіў Ізраіль, і заняў горад Пальмаў.
 

І сыны Ізраіля служылі Эглону, валадару Мааву, васемнаццаць гадоў.
 

І клікалі сыны Ізраіля ГОСПАДА, і Ён даў ім збаўцу Эгуда, сына Гера, сына Бэн’яміна, які замест правай [карыстаўся левай] рукой. І сыны Ізраіля паслалі праз яго дары Эглону, валадару Мааву.
 

Эгуд зрабіў сабе меч двусечны, даўжынёю ў локаць, і схаваў яго пад адзеньнем сваім на правым баку.
 

І склаў ён падарункі Эглону, валадару Мааву. Эглон жа быў вельмі тоўсты.
 

Калі [Эгуд] даў яму дары, адпусьціў людзей, якія іх прынесьлі,
 

і, вярнуўшыся з Гільгалу, дзе былі ідалы, сказаў [валадару]: «Валадару, маю для цябе таемнае слова». Той загадаў маўчаць, і выйшлі ўсе, якія пры ім былі.
 

Эгуд падыйшоў да яго; а той сядзеў у летнім пакоі, які займаў сам. Эгуд сказаў: «Слова ад Бога маю сказаць табе». Той падняўся з пасаду.
 

Тады Эгуд выцягнуў левую руку, і схапіў меч на правым баку сваім, і пырнуў ім у жывот ягоны,
 

і чарано ўвайшло ў нутро і засела ў тлушчы; і [Эгуд] ня выцягнуў меч з жывата ягонага, і пакінуў яго.
 

І выйшаў Эгуд праз ганак, і замкнуў за сабою дзьверы пакоя на рыгель.
 

І ён выйшаў, і прыйшлі слугі [валадара], і калі ўбачылі замкнутыя дзьверы пакоя, сказалі: «Напэўна, накрыў ногі свае ў летнім пакоі».
 

І чакалі доўга, аж стрывожыліся, і ніхто не адчыняў дзьверы летняга пакою, і ўзялі ключы, і адчынілі, і вось, гаспадар іхні, які ляжаў на зямлі мёртвы.
 

Пакуль яны чакалі, Эгуд уцёк, і прайшоўшы каля ідалаў, прыйшоў у Цэйрату.
 

І прыйшоў, і затрубіў у рог на гары Эфраіма. І сыны Ізраіля зыйшлі з ім з гары, і ён ішоў на чале іх.
 

І сказаў ён ім: «Хадземце за мною, бо ГОСПАД выдаў ворагаў вашых, Мааўлянаў, у рукі вашыя». Яны пайшлі за ім, і занялі броды на Ярдане, якімі пераходзяць у Мааў, і не дазволілі нікому перайсьці.
 

І ў гэты час выбілі яны каля дзесяці тысячаў Мааўлянаў, а былі яны ўсе дужыя і моцныя. І ніводзін з іх ня ўцёк.
 

І ўпакораныя былі ў той дзень Мааўляне рукою Ізраіля, і восемдзясят гадоў зямля жыла спакойна.
 

Пасьля яго быў Шамгар, сын Аната. Ён пабіў Філістынцаў шэсьцьсот чалавек кіем для быдла. Ён таксама збавіў Ізраіля.