Псалтыр 96 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля!
 

Сьпявайце ГОСПАДУ, дабраслаўляйце імя Ягонае! З дня на дзень дабравесьціце пра збаўленьне Ягонае!
 

Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.
 

Бо вялікі ГОСПАД і годны [ўсялякай] хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў!
 

Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы стварыў.
 

Годнасьць і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — у сьвятыні Ягонай.
 

Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!
 

Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, нясіце дары і ідзіце ў панадворкі Ягоныя.
 

Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні; дрыжыце перад абліччам Яго, усе землі!
 

Скажыце народам: «ГОСПАД валадарыць! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І Ён будзе судзіць народы паводле справядлівасьці».
 

Няхай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; няхай мора гудзе, і ўсё, што ў ім.
 

Няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім; і будуць усклікаць тады ўсе дрэвы лясныя
 

перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет паводле праведнасьці і народы — паводле вернасьці Сваёй.