Езэкііля 31 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І сталася ў адзінаццатым годзе, у трэцім [месяцы], у першы [дзень] месяца, і было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

«Сыне чалавечы, скажы фараону, валадару Эгіпецкаму, і ўсяму мноству ягонаму: “Да каго падобным стаўся ты ў вялікасьці тваёй?
 

Вось, Ашур, кедр на Лібане, з прыгожымі галінамі і цяністаю лістотаю, гонкі высокасьцю, і паміж хмарамі вершаліна ягоная.
 

Воды вырасьцілі яго, бяздоньне ўзьняло яго, рэкі свае ён скіраваў кругом каранёў сваіх і струмяні свае накіраваў да ўсіх дрэваў палявых.
 

Таму вышынёй ён стаў вышэйшы за ўсе дрэвы палявыя, і памножыліся галіны ягоныя, і паднялося гальлё ягонае дзеля мноства вады.
 

У галінах ягоных парабілі гнёзды ўсе птушкі нябесныя; а пад гальлём ягоным нараджаліся ўсе зьвяры палявыя, і ў ценю ягоным жылі ўсе народы шматлікія.
 

І быў ён прыгожы ў вялікасьці сваёй і ў рассахатасьці галінаў сваіх, бо карані ягоныя былі блізка водаў вялікіх.
 

Кедры ў садзе Божым не былі роўныя яму, кіпарысы не маглі параўнацца з галінамі ягонымі, явары не маглі зраўняцца з зелянінай ягонай, ніводнае дрэва ў садзе Божым не было падобным да яго прыгажосьцю сваёю.
 

Я аздобіў яго мноствам галінаў, і зайздросьцілі яму ўсе дрэвы Эдэму, якія ў садзе Божым.
 

Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: “За тое, што ён так высока вырас, і вершаліну сваю падняў аж да хмараў, і сэрца ягонае вывышалася з прычыны вялікасьці ягонай,
 

Я аддам яго ў рукі моцнага сярод народаў, каб, учыняючы, учыніў яму адпаведна нягоднасьці ягонай, і Я выгнаў яго.
 

І зрэзалі яго чужынцы, найгоршыя з народаў, і кінулі яго. На горы і на ўсе даліны пападалі галіны ягоныя, і гальлё ягонае паламанае [патанула] ў-ва ўсіх струмянях зямлі. І з-пад ценю ягонага выйшлі ўсе народы зямлі, і пакінулі яго.
 

На руінах ягоных жывуць птушкі нябесныя, а між галінамі ягонымі — усе зьвяры палявыя,
 

каб не вывышалася ў высокасьці сваёй ніводнае дрэва [над] водамі і не падымала вершаліны сваёй паміж хмарамі, і каб тыя, што напоеныя вадою, не станавіліся магутнымі ў вялікасьці сваёй. Бо ўсе яны аддадзеныя сьмерці, пойдуць у краіну падземную да тых сыноў чалавечых, якія зыходзяць у магілу”.
 

Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “У дзень, калі ён зыйшоў у адхлань, Я ўчыніў жалобу, зачыніў над ім бездань, затрымаў рэкі ягоныя і спыніў воды вялікія; дзеля яго Я зацемніў Лібан, і ўсе дрэвы палявыя сохлі дзеля яго.
 

Грукатам падзеньня ягонага Я ўстрывожыў народы, калі завёў яго ў адхлань да тых, што зыходзяць у магілу. І ўсьцешыліся ў краіне падземнай усе дрэвы Эдэму, прыгожыя і добрыя [дрэвы] Лібану, усе, якія напоены водамі.
 

Таксама яны зыйшлі з ім у адхлань да забітых мячом і паплечнікаў ягоных, што сядзелі ў ценю ягоным сярод народаў.
 

Да якога дрэва Эдэму ты падобны ў славе і велічы? І ты кінуты разам з дрэвамі Эдэму ў краіну падземную; сярод неабрэзаных ляжыш, сярод забітых мячом”. Гэта фараон і ўсё мноства ягонае, кажа Госпад ГОСПАД».