Езэкііля 7 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І было да мяне слова ГОСПАДА, кажучы:
 

«А ты, сыне чалавечы, [слухай]. Гэта кажа Госпад ГОСПАД да зямлі Ізраіля. Канец прыходзіць, канец для чатырох краёў зямлі.
 

Цяпер [прыходзіць] канец на цябе. І Я пашлю гнеў Мой супраць цябе, і буду судзіць цябе паводле шляхоў тваіх, і залічу табе ўсе брыдоты твае.
 

І не пашкадуе цябе вока Маё, і ня зьлітуюся, але ўскладу на цябе шляхі твае, і брыдоты твае стануць пасярод цябе, і даведаецеся, што Я — ГОСПАД.
 

Гэта кажа Госпад ГОСПАД: “Вось, надыходзіць адно ліха, [за ім] другое ліха”.
 

Прыходзіць канец, прыходзіць канец. Канец для цябе. Вось, ён прыйшоў.
 

Прыйшла доля твая, жыхару зямлі. Надыйшоў час. Блізкі дзень гора, і няма крыку радасьці на гарах.
 

Цяпер Я выльлю неўзабаве лютасьць Маю на цябе, заспакою гнеў Мой на табе. І Я асуджу цябе паводле шляхоў тваіх, і ўскладу на цябе ўсе брыдоты твае.
 

І ня будзе мець літасьці вока Маё, і не пашкадуе, паводле шляхоў тваіх ускладу на цябе [адплату], і брыдоты твае будуць выяўлены пасярод цябе, і вы даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Які карае.
 

Вось, дзень гэты, вось, ён прыходзіць. Выйшла доля [твая], заквітнеў кій, запанавала пыха,
 

падняўся гвалт і [стаўся] кіем бязбожнасьці. Нічога з іх [не застанецца], нічога з багацьцяў іхніх, нічога з гоману іхняга, нічога з узьнёсласьці іхняй.
 

Прыходзіць час, набліжаецца дзень. Хто купляе, няхай ня цешыцца, і хто продае, няхай не сумуе, бо [надыходзіць] лютасьць на ўсю грамаду ягоную.
 

Бо той, хто продае, да праданага ня вернецца, нават калі застанецца пры жыцьці, бо відзеж пра грамаду іхнюю ня будзе адменены і ніхто ў беззаконьні сваім не ўтрымае жыцьцё сваё.
 

Трубіце ў трубы, падрыхтуйцеся ўсе, але няма нікога, хто б ішоў ваяваць; бо гнеў Мой — на ўсю грамаду ягоную.
 

Меч звонку, а зараза і голад у сярэдзіне. Хто на полі, той загіне ад мяча, а хто ў горадзе, таго голад і зараза загубіць.
 

І ўратуюцца тыя, што ўцяклі, і будуць на гарах як галубы з даліны, будуць стагнаць кожны дзеля беззаконьня свайго.
 

Усе рукі памлеюць, і ўсе калені задрыжаць, як вада.
 

І падпярэжуцца яны зрэбніцай, і апануе іх страх, і на ўсіх абліччах [будзе] сорам, і на ўсіх галовах іхніх — лысіна.
 

Срэбра сваё яны выкінуць на вуліцу, а золата іхняе станецца як сьмецьце. Срэбра іхняе і золата іхняе ня змогуць уратаваць іх у дзень гневу ГОСПАДА, бо душы сваёй [ім] не насыцяць, і нутро сваё не напоўняць, бо яно было для іх прычынай беззаконьня іхняга.
 

Аздобныя ўпрыгожваньні іхнія напоўнілі іх пыхлівасьцю, і з іх яны зрабілі брыдоты свае, ідалапаклонства сваё ўчынілі з іх. Таму Я замяню іх у нячыстасьць для іх,
 

і аддам іх у рукі чужынцаў на здабычу, бязбожным зямлі — на рабаваньне, і яны зьняславяць іх.
 

І Я адвярну ад іх аблічча Маё, і скарб Мой будзе зьняслаўлены. І ўвойдуць да яго рабаўнікі, і зьняславяць яго.
 

Зрабі [сабе] ланцугі; бо зямля поўная судоў крывавых, а горад поўны гвалту.
 

І Я прывяду жахлівыя народы, і яны возьмуць дамы іхнія. І Я спыню пыхлівасьць вяльможных, і будуць апаганеныя сьвятыні іхнія.
 

Жах надыходзіць. І будуць яны шукаць супакою, і ня будзе [яго].
 

Бяда за бядою прыходзяць, вестка за весткай ідуць. І будуць шукаць відзежу ў прарока, і ня будзе Закону ў сьвятара, і [ня будзе] рады ў старшыняў.
 

Валадар будзе ў жалобе, князь перапоўніцца замяшаньнем, і рукі народу зямлі гэтай будуць дрыжаць. Я зраблю ім паводле шляхоў іхніх і паводле судоў іхніх буду судзіць іх. І даведаюцца, што Я — ГОСПАД».